Пабачыў свет першы зборнік ЕГУ «Палітыка і грамадства ў Беларусі»
Дэпартамент сацыяльных і палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з Фондам Конрада Адэнаўэра пачаў ажыццяўляць праект па выданні малавядомых і маладаступных у Беларусі крытычных паліталагічных даследаванняў нядаўніх выпускнікоў паліталагічных праграм ЕГУ.
Першы зборнік прац маладых палітолагаў і паліталагіняў, якія навучаліся ў ЕГУ на праграме «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні», ахоплівае такія сферы, як палітычная сацыялогія, палітычная культура і гендарная паліталогія. Пры гэтым усе даследаванні тычацца Беларусі, і ў гэтым галоўная скіраванасць тэкстаў і зборніка — аналіз малавядомых тэм палітычнага ва ўмовах Беларусі.
Гэтым зборнікам ЕГУ падкрэслівае яшчэ раз накіраванасць палітычнай навукі, што развіваецца ў межах універсітэта, пераважна на беларускую тэму. Такім чынам, мэтай зборніка з’яўляецца папулярызацыя паліталагічных даследаванняў аб Беларусі і адначасова дэмаргіналізацыя беларускай незалежнай палітычнай навукі.
У першым зборніку прадстаўленыя працы Аляксандра Герасіменкі («Палітычны ўдзел і інтэрнэт-платформы: як новыя камунікацыйныя тэхналогіі дапамагаюць беларускім грамадскім актывістам»), Таццяны Шапуцькі («Палітычная міфатворчасць ў Беларусі ў перыяд 1994–2010 гг.: дыскурс кіруючай эліты»), Вольгі Гайдук («Палітычныя святы як спосаб фармірвання ўяўленняў аб нацыі і дзяржаве ў Беларусі, 1996–2014 гг.»), Дар’і Масланавай («Грамадзянская і палітычная актыўнасць беларускіх студэнтаў: аналіз на прыкладзе студэнтаў ЕГУ») і Ганны Марціновіч («Параўнальны аналіз узроўню гендарнай роўнасці Францыі, Літвы і Беларусі»).Анлайн-версія зборніка даступна для чытачоў па-беларуску і па-англійску.
ЕГУ і Фонд Конрада Адэнаўэра разлічваюць на тое, што дадзены зборнік стане рэгулярным і будзе пастаянна знаёміць чытача з навінкамі паліталагічнай думкі Беларусі і палітычнага аналізу. У гэтым супадаюць жаданнні ЕГУ і Фонда Конрада Адэнаўэра наблізіць даследчую частку да практычнай і паспрыяць кансалідацыі і дэмакратызацыі Беларусі праз навуковы, інтэлектуальны, адкрыты да дэбатаў і роздуму канал.
Зборнік прызначаны перадусім для еўрапейскіх і беларускіх палітыкаў, актывістаў, палітолагаў, а таксама для ўсіх тых, хто цікавіцца альтэрнатыўнай ведай аб Беларусі.
Па словах кіраўніка беларускага аддзялення Фонда Конрада Адэнаўэра д-ра Вольфганга Зэндэра: «Пасля нядаўніх палітычных працэсаў у Беларусі і вакол яе, краіна патрапляе ўсё больш у прастору ўвагі еўрапейскай палітыкі. Дадзеная публікацыя дазваляе нам павысіць даступнасць аналітычных справаздачаў, якія прапануюць аб’ектыўныя і актуальныя вынікі даследванняў для экспертаў, вучоных і палітыкаў. Мы ганарымся ўдзелам у гэтай новай форме супрацоўніцтва з ЕГУ».
Паводле прэс-рэліза