Меркавана, у крымінальнай справе Мікалая Статкевіча ўжо 170 тамоў

Беларускі палітык Мікалай Статкевіч ужо дзесяць з паловай месяцаў знаходзіцца за кратамі. Яго жонка Марына Адамовіч распавяла «Радыё Рацыя», як следчыя органы аказваюць ціск на палітвязня, а таксама на яе.

untitled__1_of_1__8_1_logo_1_1_1_logo.jpg.crdownload

— Мікалай па-ранейшаму знаходзіцца ў Жодзіне, у следчым ізалятары пры Жодзінскай турме №8. І цяпер ідзе азнаямленне са справай. Паводле непацверджаных звестак, справа ўжо павялічылася да 170 тамоў. Але Мікалай адмовіўся з ёй знаёміцца, бо, вывучыўшы некалькі тамоў, ён прыйшоў да высновы, што ўся гэтая справа сфабрыкаваная,і што саўдзельнічаць у злачынстве — бо лічыць такія справы сапраўдным злачынствам, — ён адмовіўся пад запіс у пратаколе. Як я разумею, цяпер ён проста чакае, калі справа будзе перададзена ў пракуратуру, а потым у суд.
— Раскажыце, якім чынам адбываюцца вашы кантакты і ці можна іх назваць сталымі кантактамі? Ці, як і ад іншых палітвязняў, да вас даходзіць вельмі мала інфармацыі?
— Ліставанне больш-менш рэгулярнае. Бываюць нейкія перапынкі, лісты, якія не прайшлі. Хутчэй пытанне нават не ў колькасці такіх лістоў, а ў тэрмінах, за якія гэтыя лісты да мяне даходзяць, бо, бывае, прыходзяць два-тры лісты ў адзін дзень, якія па часе раздзеленыя тыднямі. Ніякіх іншых камунікацый у мяне з Мікалаем няма. У нашай краіне такі спосаб следства выкарыстоўвае як дадатковы ціск не толькі на самога зняволенага, чыя віна ніякім чынам не даказаная нават нашым судом, але і для ціску на яго блізкіх. То-бок усе мае шматразовыя звароты ў Следчы камітэт з просьбай даць мне спатканне з мужам, якога я не бачыла ўжо дзесяць з паловай месяцаў, заканчваюцца абсалютна аднолькава — НЕМЭТАЗГОДНА. То-бок следчы або СК лічаць, што спатканне, нават кароткатэрміновае, нават праз тэлефон і шкло, — гэта немэтазгодна. Хачу падкрэсліць, што нават для людзей, асуджаных на пажыццёвае зняволенне, для людзей, якія знаходзяцца ў турме на строгім рэжыме, прадугледжана хаця б адно спатканне працягласцю да 4-х гадзін на год. Іншых варыянтаў, як перадаць яму перадачку, каб ён разумеў, што ты пра яго клапоцішся, што ты пра яго думаеш кожную хвілінку, і ліставання, у нас няма.
— Як бы вы ацанілі, ці ёсць у спадара Мікалая ў сучаснай Беларусі права на абарону? Вядома, што ў краіне ўсе правы абмежаваныя, нейкія сувязі з адвакатам ёсць у вас?
— Адвакат у нас, безумоўна, ёсць. Але вы ўжо маглі ўпэўніцца па тых шматлікіх звестках са Следчага камітэта, ужо не менш чым 450 спраў былі разгледжаны ў судзе, і нешта я не прыгадаю выпадкаў, калі б гэтыя так званыя справы скончыліся апраўданнем людзей, якія былі захопленыя за сваю грамадзянскую пазіцыю. Я абсалютна ўпэўненая, што ніякай іншай віны на іх няма.
Нагадаем, Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, калі ён накіроўваўся на Камароўскі рынак на пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Палітыка арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Пазней тэрмін утрымання Статкевіча пад вартай працягвалі. 8 ліпеня адвакат палітыка паведаміў, што Статкевічу прад'яўлена абвінавачанне ў арганізацыі або актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
У снежні стала вядома, што абвінавачанне «абцяжарылі», дадаўшы ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках», да 8 гадоў пазбаўлення волі), а ў сакавіку Марына Адамовіч распавяла, што, верагодна, абвінавачанне перакваліфікавалі на «цяжэйшую» — першую — частку гэтага ж артыкула («Арганізацыя масавых беспарадкаў», да 15 гадоў пазбаўлення волі).