Мажэйка: Калі Пуцін памрэ, Лукашэнка можа і чарачку падняць

Палітолаг — пра ўкід, які тычыцца смерці Пуціна.

249828244_0_210_3098_1837_1920x0_80_0_0_fd6d9b73530668dd706235ca496949cf_logo.jpg.webp

— Для Лукашэнкі смерць Пуціна, безумоўна, будзе значыць больш, чым для каго-небудзь у свеце, — адзначыў каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка, каментуючы «Салідарнасці» чуткі аб раптоўным сыходзе з жыцця кіраўніка РФ. — І раней палітычная мадэль Лукашэнкі была заточаная на атрыманне рознай падтрымкі з Расіі, на інтэграцыйныя гульні з Расіяй, на тое, каб прадаваць сваю антызаходнюю рыторыку ў абмен на іх газ і нафту. Тым больш, пасля падзей 2020 года і эканамічная, і палітычная залежнасць ад Расіі шматкроць узрасла.

Вядома, смерць Пуціна будзе адыгрываць вялікую ролю ў тым, як складзецца ў будучыні расійская палітычная мадэль і наколькі з ёй зможа ўзаемадзейнічаць Лукашэнка. Таму для яго такая навіна ў першую чаргу будзе трывожная. Усё роўна, як ён ставіцца да Пуціна, але як жывецца з Пуціным, ён ведае, а з кімсьці іншым-не да канца зразумела.

— Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што насамрэч Лукашэнка і Пуцін, мякка кажучы, недалюбліваюць адзін аднаго і толькі на публіцы працягваюць дэманстраваць моцнае сяброўства і паразуменне.

— Я думаю, што такія людзі, як Пуцін і Лукашэнка, прымаюць пастановы, не зыходзячы з асабістых сімпатый і антыпатый, а зыходзячы з палітычнай прагматыкі і безадносна таго, наколькі Лукашэнка, там, любіць ці не любіць Пуціна. Значна важней для яго — яго любоў да ўлады, і мы ўсе ў гэтым дакладна маглі пераканацца за мінулыя гады.

Не выключаю, ён можа і парадавацца таму, што Пуцін памёр першым. Зразумела, калі памірае адзін з двух старых, якія не моцна сябруюць, для другога гэта прыемней, чым наадварот. З іншага боку, можна і чарачку падняць з сумам, маўляў, эх, Валодзька, сыходзіць наш час.


Глядзіце таксама

Якія Лукашэнка будзе адчуваць эмоцыі ў душы — гэта яго асабістыя праблемы. Важней, як гэта адаб'ецца на будучыні Беларусі, як зменіцца расійская палітычная мадэль, як у гэтым кантэксце зменіцца ўся сітуацыя ў рэгіёне.

А гэта можа абяцаць для рэгіёнa нейкія сур'ёзныя перамены. Таму што такія персаналісцкія рэжымы нездарма так называюць: змена персоны там сапраўды можа гуляць вельмі вялікае значэнне.

— Тое, што Лукашэнка чарговым разам змяніў рыторыку ў дачыненні да Польшчы на жаданне зноў «працягнуць руку суседзям», можа паказваць на нейкія ягоныя асаблівыя прадчуванні?

— У прадчуванне я не вельмі веру, а што тычыцца яго так званага «шпагата», то ён займаўся гэтым і раней з перыядычнай рэгулярнасцю. Гэта ў прынцыпе натуральная рыса яго палітычнай мадэлі, калі ты можаш розныя цэнтры сілы балансаваць, ад кожнага спрабаваць атрымаць нейкія бенефіцыі, пагражаючы менавіта альтэрнатывай.

Але пасля 2020 года на Захадзе альтэрнатыва зусім заблакаваная і, відавочна, што такая залежнасць ад Расіі Лукашэнкі не радуе. Але думка аднавіць магчымасць балансу з усімі бакамі ён так і не пакінуў.

Што тычыцца Польшчы, то рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да гэтай краіны змяняецца апошнія 30 гадоў: ён спачатку можа пагражаць, дэманстраваць сваю агрэсіўнасць, а потым сказаць: вось, глядзіце, якія праблемы мы можам ствараць, і давайце лепш сябраваць, мірыцца і супрацоўнічаць. Гэта цалкам у яго стылі. Нічога новага.

— А як людзям ставіцца да абнадзейваючых прагнозаў?

— Я зыходжу з таго, што ў жыцці часам здараюцца нейкія пазітыўныя падзеі самі сабой, калі, напрыклад, ішоў-ішоў і знайшоў 100 долараў. Гэта, вядома, добра, але нельга зыходзячы з гэтага планаваць свой бюджэт.