Лукашэнка хоча перазапусціць адносіны з Захадам?
Ці сведчаць новыя кадравыя прызначэнні, што Лукашэнка хоча захаваць рэшткі незалежнасці ад Крамля і, у перспектыве, перазапусціць адносіны з Захадам?
Як ужо вядома, Сяргей Алейнік, новы кіраўнік МЗС, дагэтуль працаваў першым намеснікам міністра. Яго папярэднік
64-гадовы Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Уладзімір Макей сышоў з
жыцця пасля ўдзелу ў саміце АДКБ у Арменіі, а таксама пасля сустрэчы з
апостальским нунцыем, ахріепіскапам Антэ Ёзічам.
Напярэдадні гэтых падзеяў у публічнай прасторы з’явілася версія, што Крэмль рыхтуе замену Акляксандру Лукашэнку, а верагоднымі пераемнікамі называюцца дзяржсакратар Саўбеза Аляксандр Вальфовіч і былы генсек АДКБ Станіслаў Зась.
Аналітыкі адразу загаварылі, што асоба нвоага міністра пакажа, у якім кірунку будзе рухацца Беларусь надалей.
Што азначае прызначэнне новага кіраўніка МЗС, спыталі ў акадэмічнага дырэктара BISSПятра Рудкоўскага.
— Лукашэнка прызначыў міністрам засмежных спраў Сяргея Алейніка. Гэта спроба знайсці нейтральную фігуру (ні голуба, ні ястраба), якую аднолькава ўспрымалі б як на Усходзе, так і на Захадзе, ці прызначэнне тэхнічнай фігуры?
— Калі глядзець з перспектывы "пратэстнай Беларусі", то Алейнік — чалавек сістэмы. Ён прапрацаваў унутры сістэмы цягам усяе лукашэнкаўскай эпохі, прычым без якіх-кольвечы працяглых перапынкаў. Калі ж узяць у дужкі "пратэстную" перспектыву, то трэба прызнаць, што прызначаны, як на сённяшнія рэаліі, даволі прабеларускі і праеўрапейскі чыноўнік.
Алейнік, як і Макей, належыць да мікраскапічнай долі беларускіх чыноўнікаў з заходнім адукацыйным бэкграўндам (Дыпламатычная акадэмія МЗС Аўстрыі). Але, у адрозненне ад Макея, у Алейніка няма сілавога бэгкраўнду, тыпу службы ў савецкай выведцы. Уся яго кар'ера, хоць і адбывалася ўнутры лукашэнкаўскай сістэмы, але праходзіла на заходнееўрапейскім полі. Думаю, няма ў Беларусі — ні сярод "прарэжымнікаў", ні апазіцыянераў — дзеячаў з такім доўгім і разнастайным досведам працы менавіта на гэтым — заходнееўрапейскім — полі, як у Алейніка. Таму не ведаю, як на "Захадзе", але на "Усходзе" наўрад ці яго прызначэнне ўспрымуць нейтральна. Хутчэй за ўсё, успрымуць негатыўна.
— Ці зменіцца роля МЗС у дзяржаўнай палітыцы з новым прызначэннем?
— У такой персаналізаванай сістэме, як беларускі рэжым, складана казаць пра самастойнасць тых ці іншых інстытуцый. "Роля", якую трэба і можна выконваць, задаецца Лукашэнкам і кантралюецца яго адміністрацыяй. Але той факт, што быў прызначаны менавіта Алейнік, а не, напрыклад, Амбразевіч або Савіных, сведчыць пра тое, што (а) Лукашэнка не хоча разрыву з дагэтулешнім стылем вядзення знешняй палітыкі; (б) жадае захаваць рэшткі незалежнасці ад Крамля і, у перспектыве, перазапусціць адносіны з Захадам.
—Па-за гульнёй засталіся яўна прарэжымныя Юрый Амбразевіч і Андрэй Савіных. Што гэта азначае?
— Алейнік таксама прарэжымны. Але ёсць розныя формы "прарэжымнасці". У Амбразевіча або Савіных "прарэжымнасць" цесна пераплецена з прарасейскасцю, антызаходнясцю і антыўкраінскасцю. У выпадку Алейніка гэты элемент "анты-" практычна адсутнічае. А прарасейскасці ў яго роўна столькі, колькі патрабуецца "па пасадзе".
А што азначае выбар Алейніка замест персон кшталту Амбразевіча або Савіных (апроч іх можна пры жаданні знайсці і іншых падобнага разліву) — збольшага ясна. Па-першае, Лукашэнка ўраўнаважвае фракцыю сілавікоў унутры сістэмы, якая цягам апошніх двух гадоў атрымала надзвычай вялікую ўладу. Па-другое, як я ўжо прыкмеціў раней, спрабуе захаваць рэшткі незалежнасці ад Крамля.