Лукашэнка: «Свядомы» — гэта гучыць прыгожа
Фрагмент інтэрв'ю прафесара Ёфэ з Аляксандрам Лукашэнкам з кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксце» (Reassessing Lukashenka). У гэтым фрагменце кіраўнік Беларусі гаворыць на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці і мовы.
Ёфэ: Існуе вельмі распаўсюджанае меркаванне, што беларусы не склаліся яшчэ як нацыя таму, што ў іх няма адзінства па частцы знакаў і міфаў, па частцы гістарычных каранёў, па
частцы мовы, і нават па частцы назвы краіны. Гэта меркаванне памылковае ці не? Што для вас значыць быць беларусам?
Лукашэнка: Вы ведаеце, вось усё, што Вы сказалі, нават калі гэта так, мяне гэта мала цікавіць, і я пра гэта не думаю.
Ёфэ: Зразумела.
Лукашэнка: Добра, не склаліся. Складваемся.
Ёфэ: Дык гэта не ёсць негатыўнай крытыкай…
Лукашэнка: Не, гэта хлусня. Я сыходжу з таго, што гэта не так. Гэта не так. Але нават калі гэта так, ну, мы не склаліся як нацыя — гэта значыць, ёсць яшчэ куды расці,
над чым думаць і ў якім кірунку развівацца. Мяне гэта ну абсалютна не напружвае, што мы яшчэ дзесці не дапрацавалі. Але мы ж хочам быць нацыяй!
Ёфэ: Вядома.
Лукашэнка: Ну вось, Вы бачыце, як я змагаюся і іншыя. Для нас вечная каштоўнасць — гэта наша незалежнасць і суверэнітэт, гэта жыць на сваім кавалку зямлі. Мы не так як
нацдэмы гэта разумеем: так, беларусы застаюцца, габрэі, палякі, рускія і іншыя — прэч! Наадварот: калі хочаце да нас, вось кавалачак зямлі, але жыць тут грамадзянам Беларусі, хто пагодзіцца
працаваць на гэты кавалачак зямлі. Так, літоўцы там, расіяне, палякі… Гэта такая наша зямля, мы на скрыжаванні дарог.
То нас бамбілі, рэзалі, далучалі да Польшчы, то да Літвы, у імперыі мы былі — ну, і што з гэтага! Але, тым не менш, нягледзячы на тое, што нас спрабавалі рабіць і такімі, і сякімі, і
гэткімі, мы ж адбыліся як дзяржава, і ў гэтай дзяржаве беларусы жывуць… І па апошнім перапісе — колькі там, 90 або з лішнім адсоткаў адносяць сябе да беларусаў. Гэта ж важна, што ў
свядомасці.
Усё роўна, што ён Ёфэ, усё роўна, што ў яго бацька быў беларус ці рускі, а маці габрэйка. Усё роўна… Але ён стаў беларусам.
Ёфэ: Зразумела. Па сваім адчуванні.
Лукашэнка: Што Вы хочаце сказаць, што ў Вас усе габрэйскія карані або рускія, калі ў Вас маці такая, а бацька не! Там можа быць у Вас чорт ведае, там можа быць у Вас з Рыму
італьянец нейкі ці чорт ведае хто! Разумееце? Навошта нам у гэтым капацца! Не гэта галоўнае!
Галоўнае — што ёсць цяпер і галоўнае — што будзе! А гісторыю — так, яе трэба ведаць, яна такая, што нам не давалі магчымасць вось у гэтых межах — як і Ізраілю
— што, габрэі недурныя, яны там паводле паданняў нейкіх знайшлі нешта і стварылі міфы, што гэта іх была зямля. Ну, хай іх! Яна што, там была? Габрэі там жылі? Яны вярнуліся на сваю зямлю,
можа, яна вось такая была, яны яе ўзялі і пачынаюць асвойваць. Ну і што з гэтага! Але сёння дадзенасць такая, што габрэі там жывуць. Так, трэба з палестынцамі дамовіцца, каб не было гэтай бойкі. Якое
гэта жыццё, увесь час на парахавой бочцы! І дамовяцца!
Ёфэ: Вы думаеце?
Лукашэнка: А я ўпэўнены. А куды падзецца? Прыйдуць новыя пакаленні — дамовяцца. Калі б яшчэ не разыгрывалі там карту амерыканцы, Захад, расіяне, іншыя, так даўно б
дамовіліся. А там жа… разменная манета. Так і тут. Ну, было, мы ведаем, што было. Але сёння, зыходзячы з таго, выкрышталізавалася…
Ёфэ: Гэта значыць, расце кансалідаванасць….
Лукашэнка: Вядома, вядома.
Ёфэ: Што азначае тады гэтае вашае знакамітае выказванне аб тым, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці?
Лукашэнка: Гэта я вам растлумачу. Гэта не зусім жарт, гэта паўжартам.
Ёфэ: Адзін народ?
Лукашэнка: Так, мы сапраўды ў адной жылі дзяржаве. Украінец яшчэ неяк больш адрозніваецца ад рускага, а беларуса і рускага паспрабуй падзяліць! Не раздзеліш! Мы аднолькава
размаўляем, аднолькава думаем. Мы наогул людзі падобныя абсалютна. У нас шмат крыві зьмяшана і там, і тут. Мы вельмі блізкія людзі. Але ўсё ж такі беларус — гэта, ці разумееце, як рускі, але
толькі са знакам якасці. І я ім патлумачыў: вы ведаеце, гэта чаму? Таму што вы ў свой час палякаў, габрэяў сагналі (у Беларусь — заўвага аўтара інтэрвію) і яны жылі тут. І яны лепшае ўсё
дадалі да нашага. І ўсё перамяшалася…
Ёфэ: Гэта значыць беларусы — гэта частка рускага свету, якая мела магчымасць…
Лукашэнка: Асіміляваць або ўзяць многія рысы ў гэтых… — ну гэта ж так. Гэта так. Мы ад каго навучыліся гандляваць? Мы ж наогул не ўмелі гэта рабіць. Ад
габрэяў. Мы ад каго навучыліся рваць кашулю, калі трэба абараняць краіну? Ад рускіх. То бок, гэта ж уплыў. Разумееце? І вось з гэтага склалася беларуская нацыя, беларусы. Таму беларус — ён
такі ж, як рускі, але са знакам якасці. Гэта значыць ён больш якасны, больш адукаваны. Ведаеце вы, што ў нас у кожным доме, асабліва ў вёсцы, ды і ў малых гарадах, там, дзе сапраўдныя беларусы на
Палессі, там у кожным доме ёсць хоць нейкі музычны інструмент. Вы гэтага не ведаеце?
Ёфэ: Не.
Лукашэнка: Дрэнна. Хто гэта прынёс? Не расіяне. Гэта ад габрэяў. Цымбалы, у некага скрыпка, у кагосьці баян, у кагосці гармонік, у кагосці гуслі ці там…
Ёфэ: У прэсе доўгі час мусіраваліся Вашы выказванні пра беларускую мову. Нібыта Вы некалі сказалі, што на ёй нельга выказаць нічога сур’ёзнага. А можна толькі па-руску
ці па-ангельску. У апошнія гады, праўда, Вы нічога падобнага не казалі. Аднак, некаторыя аўтары адзначаюць, што Вы ўжываеце беларускія словы толькі ў негатыўным кантэксце. Напрыклад:
«бязглуздай дэмакратыі больш не будзе». Адзін аўтар кнігі пра Вас нават піша, што Вы не ўмееце размаўляць па-беларуску, што мне здаецца малаверагодным. Патлумачце, калі ласка, Вашу
пазіцыю ў дачыненні да мовы.
Лукашэнка: Ну-у, я на бязглуздыя заявы і рэагаваць не хачу. Наагул, я не казаў, што на беларускай мове няма магчымасці штосці казаць. Ніколі гэтага не гаварыў. Для мяне што
чытаць кніжку на беларускай мове, што на рускай — гэта адно і тое ж.(гэтыя фразы А.Лукашэнка прамовіў па-беларуску — заўвага аўтара інтэрвію).
Але праўда заключаецца ў тым, што некаторыя тэрміны немагчымыя на беларускай мове. Такое скажаш, што гэта будзе надуманае нешта. Гэта першае. Другое: я ніколі не прыніжаў беларускую мову. Пры
Лукашэнку пры паступленнях у ВНУ цяпер пішуць больш на беларускай мове сачыненняў, чым на рускай. Разумееце? Вось ён дрэнны. Я супраць таго, каб гэтую тэму наогул абмяркоўваць. Мова — гэта
святое. І ў нас ёсць усё для таго, каб спакойна — калі трэба, 20 гадоў, каб паставіць беларускую мову ўпоравень з рускай. Усе астатнія пытанні — да Машэрава.
Ёфэ: Зразумела …
Лукашэнка: Гэта не я, разумееце? Не я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкай трасянцы больш размаўлялі, чым на беларускай мове. А я беларускую мову
вывучаў у школе. У інстытуце.
Ёфэ: Адзін ваш біёграф піша, што Вы навучаліся ў школе, дзе не было выкладання беларускай мовы.
Лукашэнка: Як гэта не было? А адкуль я ведаю беларускую мову?
Ёфэ: Ну, як адкуль! З асяроддзя, у якім Вы мелі зносіны. Ад маці.
Лукашэнка: Ну, здрасьце! Калі ты ў школе вучыць не будзеш, ты ведаць не будзеш. У мяне цешча выкладала беларускую мову ў школе, каб вы ведалі на ўсялякі выпадак, і я пазнаёміўся
з яе дачкой у 15 гадоў. І з 15-ці гадоў, акрамя школы, дык яшчэ на беларускай мове размаўлялі і з цешчай, і з жонкай, і гэтак далей. Таму гэта поўнае глупства.
Тое, што я часам ужываю словы, вось як вы сказалі, гэта я іх цытую. Яны так кажуць часта. Вось мы свядомыя! Не ведаю, як сказаць лепш — «дасведчаныя»? Мы самыя
прасунутыя, разумееце? Мы самыя прасунутыя, мы самыя пісьменныя, асвечаныя ў гэтым плане і гэтак далей. Ну, мы іх абазвалі «свядомымі». Прыгожа гучыць на беларускай мове?
Прыгожа.
svaboda.org