Лябедзька: Інтэнсіўнасць рэпрэсій павялічылася
"У аснове новай стратэгіі Еўропы ляжаць еўрапейскія інтарэсы. У першую чаргу — уласная бяспека, а таму правы чалавека ў Беларусі, на жаль, усё далей адыходзяць у раздзел «Рознае». Проста наступіў такі час", — лічыць Анатоль Лябедзька.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які пасля снежаньскіх падзей 2010 года апынуўся ў ізалятары КДБ, успамінае тыя часы, а таксама распавядае пра сёняшні стан рэпрэсій у краіне, палітвязняў і “градус страха”.
“Падчас Плошчы–2010 улада прадэманстравала ўсе свае здольнасці, а грамадства моцна заразілася вірусам страха, які жыве ў большасці людзей і па сёняшні дзень”, — распавёў палітык сайту palitviazni.info.
— Як вы сёння ацэньваеце стан рэпрэсій у краіне?
— Скажам так: жорсткасць зменшылася, але інтэнсіўнасць павялічылася.
— Сёння тыя рэпрэсіўныя меры, якія ўлады прымяняюць у дачыненні да актывістаў (а гэта ў асноўным — штрафы), некаторыя называюць манеўрамі…
— Гледзячы да каго гэта выкарыстана. Калі ў адносінах да канкрэтнага чалавека, то яму, як кажуць, што па твары, што па патыліцы. Так атрымліваецца. Усё астатняе — гэта такая ўмоўная казуістыка. Рэпрэсіі, як інструмент падаўлення супраціву, засталіся. Рэпрэсіі, як інструмент распаўсюджвання віруса страха, нікуды не зніклі. Гэта значыць, што сутнасць не змяняецца.
— 19 снежня будзе шэсць гадоў, як адбылася Плошча–2010. Пасля мы бачылі масавыя арышты, шматлікія суды… Ці зрабілі пасля тых падзей палітыкі высновы?
— На вялікі жаль, глыбокага даследавання Плошчы–2010 года і яе наступстваў не было. У Беларусі шмат людзей заяўляюць, што яны даследчыкі, палітолагі, але ўсё зводзіцца да нейкай публіцыстыкі.
Але, як мне падаецца, беларускае грамадства пасля тых падзей толькі зараз ачуняла, прыйшло ў сябе. Напрыклад, нейкія вулічныя акцыі ў краіне прайшлі не менш чым праз чатыры гады пасля Плошчы–2010. Натуральна, улада шэсць гадоў таму прадэманстравала ўсе свае здольнасці, а грамадства моцна заразілася вірусам страха, які жыве ў большасці людзей і па сённяшні дзень.
— І ўсё ж такі: якія, на ваш погляд, галоўныя ўрокі Плошчы–2010?
— Урок адзін, і для мяне ён быў відавочны яшчэ ў тыя гады. Гэта тое, што сюды не прыедуць нейкія будаўнікі будучыні з Польшчы, Літвы, Чэхіі ці Германіі. Беларусь — гэта наша краіна і наша адказнасць. Трэба ў першую чаргу глядзець на свае магчымасці, на свае сілы і рэсурсы. За нас ніхто і нічога не зробіць.
Другое, што можна адзначыць — улада гатова ісці на любыя брутальныя дзеянні, каб толькі вырашыць праблему для сябе. І гэтая праблема — не эканоміка і не новыя працоўныя месцы, а менавіта ўлада, за якую верхавенства трымаецца рукамі і нагамі.
Таму мы працягваем жыць у паліцэйска-сілавым трэндзе. Робім стаўку не на адукацыю і інвестыцыі, а на сілавікоў. Гэты было раней, гэта захоўваецца і зараз.
— Ці актуальна сёння для Беларусі тэма палітвязняў?
— Гледзячы пра што мы кажам, бо Беларусь — гэта каля 10 мільёнаў людзей. І, калі мець на ўвазе палітычна актыўных людзей, то для іх гэтая тэма існуе. Але для тых беларусаў, якія штодзённа думаюць, як выжыць (а такіх большасць), пытанне палітвязняў не актуальнае. Для людзей часам нават не актуальная і ўласная годнасць.
А вось для ўлады наяўнасць у краіне палітычных зняволеных — праблема, якая перыядычна ўзнікае. З аднаго боку, палітвязні патрэбныя, каб быў страх у грамадстве, а з іншага — гэта перашкаджае атрымліваць заходнія крэдыты і наладжваць супрацоўніцтва.
— Калі за кратамі былі лідары апазіцыі, гэтае пытанне пастаянна было на павестцы дня ў заходніх палітыкаў. Зараз у ліку палітвязняў тыя, хто не мае гучнай палітычнай кар’еры — пенсіянер Аляксандр Лапіцкі, які ў сваіх артыкулах крытыкаваў чыноўнікаў, праваабаронца Міхаіл Жамчужны, Уладзімір Кондрусь, які знаходзіцца ў ізалятары па справе Плошчы–2010. Гэтых людзей Захад сёння гатовы бараніць?
— Пытанне беларускіх палітвязняў заўсёды было ў міжнароднай павестцы дня, незалежна ад таго, хто знаходзіўся за кратамі. Хаця, безумоўна, калі рэпрэсуюць больш вядомых людзей, то і розгалас суадносна большы.
Іншая справа, што зараз змяніўся трэнд на адносіны з беларускімі ўладамі. У аснове новай стратэгіі Еўропы ляжаць еўрапейскія інтарэсы. У першую чаргу — уласная бяспека, а таму правы чалавека ў Беларусі, на жаль, усё далей адыходзяць у раздзел “Рознае”. Проста наступіў такі час.
— На ваш погляд, навошта ўладам зараз было, што называецца, “даставаць з шафы” справу шасцігадовай даўніны ў адносінах да ўдзельніка снежаньскіх падзей–2010 Уладзіміра Кондруся?
— Людзі вельмі адчувальныя да палітычнага надвор’я. Калі з’яўляюцца хоць крышачку большыя мажлівасці, яны гэта адчуваюць, і ў апошні час сталі больш актыўнымі. Штрафы і судовыя працэсы — гэта непрыемна, але ўсё ж такі лепш, чым арышты і турмы, калі чалавек наогул выпадае з жыцця. А ўладзе трэба падтрымліваць сярод людзей градус страха. Вось з той самай “шафы” і даводзіцца выцягваць старыя “шкілеты”. Не думаю, што будзе шмат з’яўляцца новых палітвязняў, але перыядычна ўлада будзе стрымліваць вулічную актыўнасць людзей праз такія працэсы, як суд над Кондрусем.
palitviazni.info