Кішэнны амбудсмен не задаволіць ні беларускіх праваабаронцаў, ні Еўропу
У адказ на прапанову беларускіх уладаў абмеркаваць магчымасць стварэння нацыянальнай установы па заахвочванні і абароне правоў чалавека праваабаронцы паставілі шэраг умоў. Без іх выканання, на думку
праваабаронцаў, ніякіх размоў ні пра нацыянальную ўстанову па правах чалавека, ні пра амбудсмена не можа быць і размовы.
Урэшце, пачалося ўсё з журналістаў — менавіта яны разнеслі вестку, што такі ліст Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) пры Адміністрацыі прэзідэнта існуе.
На сустрэчы праваабаронцаў 16 кастрычніка прысутнічала каля дзясятка прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый. Там высветлілася, што пакуль ліст-прапанову атрымала толькі адна праваабарончая арганізацыя — Цэнтр па правах чалавека. Астатнія апынуліся па-за гульнёй. "Калі б не прэса, ніхто б пра гэты ліст і не даведаўся", — адзначыў намеснік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
Дарэчы, самой прапановай "абмеркавання магчымасці стварэння" ў сённяшняй змрочнай палітычнай сітуацыі праваабаронцы былі здзіўленыя не менш. Хаця да пытання стварэння ўстановы па правах чалавека беларускія ўлады звярталіся не раз.
Першы раз стварэнне такой установы прадугледжвалася ў канцэпцыі судова-прававой рэформы 1992 года. Затым на працягу 10 гадоў двойчы з'яўляліся нейкія законапраекты аб амбудсмене. Апошні варыянт законапраекта, які нідзе не быў афіцыйна апублікаваны і не атрымаў шырокага грамадскага абмеркавання, прадугледжваў, што амбудсмен будзе прызначацца прэзідэнтам.
Цяпер улады пачалі абмеркаванне, якое самі праваабаронцы назвалі "шырокім абмеркаваннем у вузкіх колах". У лісце НЦЗПД адзначалася, што 23 верасня 2010 года Савет ААН па правах чалавека зацвердзіў даклад па выніках Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека (УПА) у Беларусі.
У рамках УПА ў адрас афіцыйнага Мінска і былі зробленыя рэкамендацыі, згодна з якімі краіна павінна стварыць інстытут па правах чалавека. Прычым стварыць да разгляду наступнага УПА ў пачатку 2014 года. Аднак немалаважны факт — ніводная праваабарончая арганізацыя, якая працавала над УПА, да абмеркавання ўстановы па правах чалавека запрашэння не атрымала.
Усё гэта дало праваабаронцам падставы гаварыць аб тым, што ўлады пайшлі на "імітацыю абмеркавання".
"Мы перакананыя, што імітацыя працэсу абмеркавання або абмеркаванне з прызначаным колам асоб, як гэта было зроблена на ўзор так званага грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, якім кіраваў Макей (Уладзімір Макей — былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, цяпер міністр замежных спраў — рэд.), — гэта не з'яўляецца выкананнем працэдуры публічнасці і рэальнага абмеркавання зацікаўленай грамадскасцю", — заявіла Алена Танкачова, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі.
Урэшце, праваабаронцы ў Беларусі ніколі не былі зборышчам ідэалістаў і цудоўна разумеюць, што ўлады зацікаўлены менавіта ў кішэнным омбудсмене і імітацыі працэсу абмеркавання гэтага інстытута.
Аднак, на думку Танкачовай, улады ўпусцілі час для таго, каб стварыць сабе такі кішэнны орган: "Пяць гадоў таму, у перыяд чагосьці, што нагадвала нейкі працэс лібералізацыі, мы думалі аб тым, што на месцы ўлады ў тых умовах першае, што мы б зрабілі, — два вельмі кропкавых і безбалючых крокі. Мы адмовіліся б ад інстытута смяротнай кары і мы б увялі пазіцыю, звязаную з упаўнаважаным па правах чалавека".
"Мы былі ўпэўненыя, што менавіта тады дзяржаўныя органы ўлады і кіравання безбалюча для сябе, па той мадэлі, якую мы планавалі, гэтыя крокі зробяць і тым самым атрымаюць дастатковыя, на іх думку, аргументы для сцвярджэння аб тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў сувязі з патрабаваннем еўрапейскай і міжнароднай супольнасці, задаволена", — кажа Танкачова.
Але, паводле яе слоў, тады гэтых прагматычных і безбалючых крокаў не зрабілі. А на сёння парадак дня і патрабаванні праваабарончай супольнасці ўжо больш жорсткія.
"Працэс імітацыі нас не задаволіць. Мы, са свайго боку, будзем ажыццяўляць дзеянні, накіраваныя на якасны маніторынг і ацэнку тых крокаў, якія ўлады зробяць у сапраўднасці. І будзем працягваць інфармаваць аб гэтым міжнародную супольнасць", — заявіла Танкачова.
А інструментаў такога інфармавання ў праваабаронцаў дастаткова. "Міжнародныя арганізацыі маюць платформу і інструменты для нарады з незалежнымі праваабарончымі інстытутамі ўнутры краіны. Мы маем гэтыя інстытуты ў рамках АБСЕ, Савета Еўропы, у рамках ААН, у нас вялікія надзеі на пасаду спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пры прафесійным і паслядоўным падыходзе з нашага боку наша пазіцыя будзе пачутая", — упэўнена Танкачова.
Акрамя таго, улада працягвае губляць час. Нагадаем, Беларусь павінна зрабіць справаздачу аб выкананні рэкамендацый, якія яна ўхваліла ў рамках УПА, у пачатку 2014 года.
"Калі Рэспубліка Беларусь палічыць, што дастаткова проста правядзення кансультацый і абмеркавання мэтазгоднасці такога інстытута, для гэтага шмат часу і не трэба. Калі на гэты тэрмін Рэспубліка Беларусь вырашыць правесці якаснае абмеркаванне зацікаўленай грамадскасцю, потым стварыць канцэпцыю законапраекта, потым стварыць законапраект, то гэта я лічу нерэалістычным чаканнем, і мяркую, што зрабіць гэты працэс адпаведным канстытуцыйным устаноўкам у такія тэрміны немагчыма", — упэўнена Танкачова.
Аб тым, што ўлады маюць намер правесці "імітацыю абмеркавання", гаворыць і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.
Паводле яе слоў, можна, канешне, хутка напісаць шаблонны тэкст рашэння аб упаўнаважаным па правах чалавека, хутка правесці яго праз парламент і прыняць, "але кожны можа ўявіць, што гэта будзе за дакумент".
У свой час, дарэчы, яна працавала з Нацыянальнай камісіяй па правах дзіцяці. "У выніку гэта была структура для галачкі. Нават выніковыя дакументы і справаздачы ў міжнародныя інстанцыі пісаліся выключна ў Міністэрстве адукацыі, а членам гэтай камісіі іх не падавалі не тое што для абмеркавання — нават для ўзгаднення", — сцвярджае Абрамава.
Так, у прынцыпе ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі — патрэбная справа. Гэтае пытанне дыскутуецца, у прыватнасці, і ў рамках прапанаванага Еўрасаюзам "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю".
Іншая справа, што ў сённяшніх умовах можна атрымаць муляж. Так што беларускім праваабаронцам прыйдзецца задзейнічаць усе элементы інфармавання міжнароднай супольнасці, каб не дапусціць стварэння кішэннай установы па правах чалавека.
Сяргей Пульша, БелаПАН