Каманда Віктара Бабарыкі назвала канстытуцыйны рэферэндум непажаданым
Штаб і каманда Віктара Бабарыкі сцвярджаюць, што канстытуцыйныя змены, якія выносяцца на рэферэндум, не спрыяюць развіццю і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы і не адпавядаюць грамадскаму запыту.
Меркаванне каманды экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» пра мэтазгоднасць канстытуцыйнай рэформы і магчымага рэферэндуму па папраўках у Канстытуцыю распаўсюдзіла прэс-служба штаба, піша АФН.
«Змены (у Канстытуцыю. — Заўв. рэд.) носяць ідэалагічны і фармальны характар, не ўлічваюць думкі значнай колькасці беларусаў і, як вынік, не спрыяюць вырашэнню бягучага ўнутранага палітычнага крызісу, — таксама сказана ў паведамленні. — У кароткатэрміновай перспектыве прыняцце прапанаваных змен фактычна замарожвае сітуацыю ў Беларусі, а ў сярэднетэрміновай — стварае небяспечныя перадумовы для ўзнікнення двоеўладдзя».
«Такім чынам, правядзенне прапанаванай канстытуцыйнай рэформы з'яўляецца непажаданым», — рэзюмуе штаб Бабарыкі.
У штабе таксама мяркуюць, што на галасаванне варта вынесці альтэрнатыўныя праекты паправак у Канстытуцыю, якія прапануюць розныя палітычныя сілы.