Кайданкі для Мірсалімавай. Карбалевіч — пра небяспеку адэптаў «рускага свету» для Лукашэнкі

Перасьлед з боку беларускіх уладаў прарасейскай актывісткі Эльвіры Мірсалімавай выявіў праблему, якая стала вынікам афіцыйнага курсу існага рэжыму на ўсё шчыльнейшую інтэграцыю з Расеяй. Высьвятляецца, што гэтая інтэграцыя мае свае межы, «чырвоныя лініі», якіх ці то ня ўбачыла, ці то не захацела прызнаваць гэтая грамадзянка, піша на «Свабодзе» палітолаг Валеры Карбалевіч.

photo_2022_04_09_14_38_43_logo.jpg.webp

Гісторыя віцебскай прарасейскай актывісткі Эльвіры Мірсалімавай, якая адседзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за перадрук паста расейскага прапагандыста Ўладлена Татарскага, для многіх стала пэўнай нечаканасьцю. Між тым праблема гэтая ня новая. Яшчэ ў 2016 годзе ў Беларусі арыштавалі і пасадзілі за краты беларускіх грамадзян, блогераў расейскіх шавіністычных сайтаў Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку — за беларусафобію, адмаўленьне беларускай дзяржаўнасьці і нацыі.

Сытуацыя трохі дзіўная і парадаксальная. Яе пікантнасьць у тым, што ў афіцыйным беларускім дыскурсе распад Савецкага Саюзу, у выніку якога ўзьнікла незалежная Беларусь, абвяшчаецца катастрофай. Аляксандар Лукашэнка шмат разоў выказваў шкадаваньне з нагоды развалу СССР, называў гэта злачынствам, хваліўся, што галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў (што няпраўда). То бок атрымліваецца, што зьяўленьне незалежнай Беларусі стала вынікам нейкага няшчасьця, злачынства. Дык і прыхільнікі поўнага яднаньня з Расеяй кажуць амаль тое самае.

Або вось «беларусафобаў» абвінавачваюць у тым, што яны ставяць пад сумнеў існаваньне беларускай нацыі. Зноў зьвернемся да першакрыніцы. Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што «беларусы — гэта рускія са знакам якасьці», што «беларусы і рускія — адзін народ». То-бок нібыта беларускай нацыі і няма.

Ня буду чапаць тэму стаўленьня да беларускай мовы, бо тут сытуацыя яшчэ больш відавочная.


Глядзіце таксама

Але справа ў тым, што Лукашэнка з самага пачатку свайго кіраваньня захапіў манаполію на ўсю сфэру беларуска-расейскіх дачыненьняў, на дружбу з Расеяй. Усе спробы іншых палітычных суб’ектаў гуляць на гэтым полі жорстка перапыняліся. Нягледзячы на ўсю кампанію інтэграцыі з Расеяй, якая цягнецца больш як 30 гадоў, у Беларусі няма русафільскіх, панславянскіх партый, якія б выступалі за большую ступень інтэграцыі з РФ, чым прапануе афіцыйны Менск. Праэўрапейскія — былі, прарасейскія — не. Ліквідавана партыя «Славянскі сабор „Белая Русь“». Жорстка перапынена спроба Сяргея Касьцяна ў 2014 годзе стварыць партыю «Беларускі славянскі камітэт». У 2022 годзе не была зарэгістраваная прарасейская партыя «Саюз».

Але тая гісторыя з блогерамі была ў часы, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «пэрыяд мяккай беларусізацыі». Цяпер жа сытуацыя радыкальна памянялася. Пратэсты 2020 году пад бел-чырвона-белым сьцягам прывялі Лукашэнку да высновы, што сама ідэя беларускасьці — гэта пагроза, і захаваць уладу можна, толькі кінуўшыся ў вір «рускага сьвету».

Таму пасьля 9 жніўня 2020 году, а асабліва з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны ідэалягічны канструкт існага рэжыму цалкам грунтуецца на наратывах расейскай прапаганды. Дзяржаўныя мэдыя штучна насаджаюць ідэі «рускага сьвету» ў агрэсіўнай форме. У ідэалягічным пляне краіна хутка ператвараецца ў расейскую правінцыю. Мэтанакіравана разбураюцца інстытуты, якія падтрымлівалі беларускую ідэнтычнасьць. Гэта тычыцца навукі (найперш гісторыі), адукацыі і інш. Асабліва пацярпела культура: ліквідаваны Купалаўскі тэатар, зьнішчана беларускае кнігавыдавецтва, садзяць у турму музыкаў і інш. Улады разглядаюць саму ідэю беларускасьці ў этнакультурнай форме як варожую.

У выніку гэтага абываталі і, што асабліва важна, чыноўнікі ў дзяржаўных установах пачалі ўспрымаць Беларусь як яшчэ адну фэдэральную акругу РФ. Таму ня дзіва, што ў кабінэтах ГУБАЗіКа вісяць расейскія сьцяжкі, партрэты Ўладзіміра Пуціна, сілавікі падчас розных мерапрыемстваў выкарыстоўваюць літару «Z», намесьнік міністра МУС Мікалай Карпянкоў прапагандуе сымбалі вагнэраўцаў.

Аднак цяпер высьвятляецца, што мадэль выжываньня ў фатальным саюзе з Расеяй (і асабліва мэханізмы ідэалягічнага абгрунтаваньня гэтай мадэлі) ствараюць пэўныя рызыкі і праблемы для самога рэжыму. Такая палітыка робіць Беларусь (а значыць, і ўладу Лукашэнкі) безабароннай перад любымі спробамі Расеі зьнішчыць беларускую незалежнасьць. Бо калі раз за разам паўтараць, што беларусы і рускія — адзін народ, то навошта патрэбна асобная дзяржава Беларусь? Калі беларускі соцыюм становіцца складовай часткай «рускага сьвету», то цэнтар гэтага сьвету — Масква, а ягоны валадар сядзіць у Крамлі, а ня ў менскім Палацы Незалежнасьці.


Глядзіце таксама

І на нейкім этапе зьяўленьне на беларускім інфармацыйным экране пэрсанажаў кшталту Вольгі Бондаравай, Эльвіры Мірсалімавай, якія спрабуюць давесьці ідэю прыналежнасьці Беларусі да «рускага сьвету» да лягічнага канца, было непазьбежным. Ня ўсе (напрыклад, Карпянкоў) разумеюць межы, у якіх дапушчальна падтрымліваць Расею. Вось і даводзіцца нагадваць.

Бо Лукашэнка ўспрымае дзеяньні гэтых асобаў ня толькі як разбурэньне ягонай манаполіі на дружбу з Расеяй, але і як данос Крамлю на «здрадніцтва» беларускага кіраўніка.

Да таго ж ва ўмовах хуткага фармаваньня таталітарнай сыстэмы ступень самастойнасьці нават самых заўзятых прыхільнікаў дыктатара рэзка абмяжоўваецца. У выніку чаго дрэнна кантраляваныя фанаты і пасьлядоўнікі выпадаюць зь цялежкі. З такой праблемай сутыкнуўся Уладзімір Пуцін, уступіўшы ў канфлікт з Z-патрыётамі, у выніку чаго асабліва апантаных (Ігара Гіркіна-Стралкова) давялося саджаць за краты. У беларускіх умовах пакуль аказалася дастаткова прыкрыкнуць на Карпянкова, «пракаціць» на выбарах Бондараву, даць штраф Мірсалімавай і пасадзіць яе на двое сутак, каб навесьці парадак.

Улады мусяць выкручвацца, каб абгрунтоўваць перасьлед гэтых асобаў. Вось Мірсалімавай інкрымінавалі «прапаганду нацысцкіх сымбаляў» (!). Рыгор Аазаронак абвінавачвае яе ў тым, што яна «выконвала задачу заходніх куратараў». Такім нечаканым чынам прыхільніца Сталіна хоць трохі адчула, што значыць жыць у краіне прававога бязьмежжа, дзе «часам не да законаў».

Але праблема застаецца. Фанаты «рускага сьвету» будуць зьяўляцца зноў і зноў, бо для іх у сёньняшняй Беларусі існуе добрая глеба. Асабліва калі гэтую глебу пачне шчодра ўгнойваць Масква.