Юрый Дракахруст: Калі пачнуць ваяваць Расія і Украіна, Беларусь будзе на падхопе
Палітычны аглядальнік — пра тое, ці могуць беларусаў уцягнуць у чужую вайну і як на гэта адрэагуюць прыхільнікі ўлады.
Крэмль адрэагаваў на заявы Уладзіміра Макея пра магчымае
размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Гэта не першая
пагроза з боку ўладаў, як і не першая рэакцыя Масквы. Як і раней, з Масквы
рушыў услед расплывісты каментар, маўляў, магчымыя розныя варыянты.
Тым часам эксперты кажуць, што ўцягванне краіны ў любы ваенны
канфлікт можа раскалоць нават прыхільнікаў Лукашэнкі.
«Ядзерныя» заявы ўладаў і іх магчымыя наступствы «Філін» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.
— Наколькі вялікая пагроза таго, што заявы ўладаў пра ядзерную зброю могуць канвертавацца ў рэальныя деянні? Ці гаворка ўсё ж пра
спробы запалохаць Захад?
— Гэта нават не столькі шантаж, колькі дэманстрацыя вобраза:
за мной Масква, я карыстаюся яе поўнай падтрымкай. І нават больш, як у той
прыказцы: ён — той самы хвост, які круціць сабакам.
Гэта, вядома ж, не зусім так. Нават адказ Пяскова выйшаў
абсалютна ніякім. Маўляў, калі будуць адпаведныя выклікі, тады мы разгледзім
розныя варыянты. Але ён не сказаў: так, мы так зробім.
Часткова ёсць тут і сігнал Пуціна. Як каментаваў Андрэй
Паротнікаў, можа быць і такі варыянт: размяшчэнне зброі, але ў межах
паўнавартаснай вайсковай базы. Адзін з варыянтаў.
Можна ўспомніць інтэрв'ю Кісялёву, дзе гаварылася пра тое,
што расійская ядзерная зброя з'явіцца ў Беларусі ў тым выпадку, калі НАТА
размесціць такую зброю ў Польшчы. Калі яны так зробяць, то агучаны Лукашэнкам варыянт стане магчымым.
У Расіі ёсць і іншыя варыянты. Напрыклад, размясціць вялікія
ядзерныя сілы ў Калінінградскай вобласці. Адтуль таксама блізка да Варшавы.
— Ці ёсць сёння верагоднасць ўцягвання беларусаў у ваенны
канфлікт?
— Тут трэба гаварыць пра дзве верагоднасці. Адна — верагоднасць
самога канфлікту. Яна ўсё ж не стоадсоткавая, хоць здаецца, што цяпер такая
верагоднасць вельмі высокая. Другая — верагоднасць гэтага самага ўцягвання.
Я быў на адным з круглых сталоў, дзе ўдзельнічаў украінскі
вайсковы эксперт. Ён не мае ніякіх цёплых пачуццяў да Аляксандра Лукашэнкі. Але
ён згадваў ўсе апошнія беларуска-расійскія ваенныя вучэнні — 2009-га, 2017-га і
2021 года. Паводле сцэнарыяў вучэнняў, якія прадугледжваюць атаку на суседзяў,
беларускія войскі ніколі не перасякалі мяжу Беларусі.
Таму я думаю, калі ўявіць сабе вялікі сур'ёзны вайсковы
канфлікт Расіі з Украінай, Беларусь будзе на падхопе. Беларусы будуць спрыяць,
дапамагаць, дадуць для базавання аэрадромы, базы для дыверсійных груп. І,
напэўна, усё.
Зноў жа, эксперты кажуць, што беларуска-ўкраінскае памежжа
з-за балоцістага рэльефу не падыходзіць для нападаў вялікімі вайсковымі сіламі.
Лес і балота не вельмі зручныя для танкаў, ды і для пяхоты. У гэтым сэнсе іншыя
ўчасткі ўкраінскай мяжы, там, дзе стэп, больш зручныя для атакі.
Я думаю, беларускія салдаты, калі канфлікт ўсё ж здарыцца,
не будуць забіваць украінскіх салдат. Так, беларусы будуць дапамагаць, спрыяць,
але самі ваяваць не будуць.
Звярніце ўвагу на заяву Лукашэнкі, зробленую ўжо пасля інтэрв'ю Кісялёву. Маўляў, калі будзе канфлікт, то мы падтрымаем Расію — эканамічна, палітычна, юрыдычна. Але не сказаў пра ваенную падтрымку.
Трэба разумець, што ўзброены канфлікт задасць зусім іншую
логіку. Калі дагэтуль Лукашэнка ад гэтага неяк дыстанцыяваўся, то ў такім
выпадку яму будзе гэта рабіць складаней.
— Як мілітарысцкая рыторыка ўладаў у цэлым і пагроза быць
уцягнутымі ў чужую вайну могуць адбіцца на настроях беларусаў, якія працягваюць
падтрымліваць Лукашэнку?
— Я думаю, па-рознаму. Частка прыхільнікаў будзе гэтым,
мякка кажучы, незадаволеная. Маўляў, у нас жа была беларуская мантра «абы
не было вайны», а вось жа ўцягнуў. Што ж ты нарабіў, Саша?
Але я думаю, што будзе нямала і тых, каго можна назваць
лаялістамі. Якія будуць у гэтай сітуацыі разважаць так: што ні зробіць Бацька — усё правільна. Значыць, так і трэба.
Ёсць сярод прыхільнікаў улады, мы гэта ведаем, іх нямала,
па-прарасійску настроеныя грамадзяне. Для якіх незалежная
Беларусь — непаразуменне з 1991-га. Беларусь для гэтых людзей — гэта Расія, адна
вялікая краіна. І калі тут, у Беларусі, якая для іх Расія, з'явяцца расійскія
войскі, то яны ўспрымуць гэта як нашу агульную вайну.
Якія могуць быць тут прапорцыі? Я не ведаю. У любым выпадку, і тыя, і тыя групы не будуць нулявымі. У тым ліку і першая, якая схопіцца за галаву: «Вось меў жа мандат на тое, каб не было вайны. І давёў-ткі да яе».