Хронікі рэпрэсій, 20 лістапада. Памілаваны яшчэ 32 палітвязня

У той жа час праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 13 чалавек. Галоўнае, што стала вядома пра рэпрэсіі ў Беларусі сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Сёння зноў пачынаюць судзіць блогера Паўла Спірына, які мусіў праз месяц выйсці на волю

У Бабруйску 20 лістапада распачынецца суд над палітзняволеным Паўлам Спірыным, які ўжо чатыры гады і два месяцы ўтрымліваецца ў зняволенні.

Па падліках праваабаронцаў, у снежні 2024 года Павел мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну. Але па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калоні № 2 супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Рашэнне будзе прымаць суддзя Дзмітрый Свірыдаў.

Вядома, што вязням бабруйскай калоніі «забаронена» размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем караюць «суткамі» ў штрафным ізалятары.

У Мінску судзяць бацьку чатырох дзяцей 

У Мінскім гарадскім судзе 20 лістапада распачаўся суд над 35-гадовым Паўлам Шорахавым. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Верагодна, справа тычыцца каментароў у тэлеграм-чаце.

18 сакавіка гэтага года КДБ яго назваў датычным да тэлеграм-чата «Здравый смысл на Алибегова», калі прызналі яго «экстрэмісцкім фармаваннем». Меркавана, мужчыну затрымалі ў лютым 2024 года. 

Вядома, што ў мужчыны чацвёра дзяцей. Павел утрымліваецца ў СІЗА.

Справу разглядае Сяргей Кацар.

Суд па справе аб атацы дрона на базу АМАПа ў Мінску пачнецца 9 снежня

Справу ў Мінскім гарадскім судзе будзе разглядаць суддзя Міхаіл Макарэвіч. Абвінавачаныя — Віталь Пацехін і Павел Кулажэнка, якія знаходзяцца за мяжой.

Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў: ч. 1 і ч. 2 арт. 290-4 КК (Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй), ч. 1 арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 2 арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), ч. 3 арт. 289 КК (Акт терарызму), ч. 1 і ч. 2 арт. 290-5 КК (Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Следствам накладзены арышт на маёмасць фігурантаў справы агульным коштам каля 240 тысяч рублёў.

Памілаваныя яшчэ 32 палітвязня

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сярод іх 8 жанчын і 24 мужчыны. 17 чалавек маюць хранічныя захворванні, адзін мае інваліднасць, у 17 асуджаных ёсць дзеці, з іх двое — шматдзетныя, 9 памілаваных — старэйшыя за 50 гадоў.

За данаты будуць судзіць IT-спецыяліста — яго затрымалі па вяртанні з Літвы

5 снежня Мінскі гарадскі суд пачне разгляд справы ў дачыненні да Чэслава Герасімовіча. Справу прызначана разглядаць суддзя Святлана Макарэвіч. Чэславу інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Пакаяльнае відэа» з Чэславым з'явілася 2 жніўня — на ім мужчына «прызнаецца» ў тым, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы», чатыры разы фінансаваў «экстрэмісцкія фармаванні», а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Паведамлялася, што Герасімовіч працуе ў IT-сферы і перад затрыманнем вярнуўся ў Беларусь з Вільні.

У Мінску адбудзецца другі суд па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»

Мінскі гарадскі суд 5 снежня распачне разглядаць справу Аляксандра Куксы. Яго затрымалі ў лютым гэтага года пачдас рэйду па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі». 26 лютага з ім апублікавалі «пакаяльнае відэа».

Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць Жанна Брысіна.

Нагадаем, 14 лютага Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», абвешчанай Аб'яднаным пераходным Кабінетам.

У жніўні па гэтай справе асудзілі супрацоўніка райвыканкаму Аляксеея Кісялёва.

У Беларусі 13 новых палітвязняў

Гэта Станіслаў Таспаеў, Уладзімір Парашкоў, Генадзь Горбач, Іна Пальцава, Сяргей Крывуць, Андрэй Астапенка, Андрэй Савіцкі, Артур Канапацкі, Артур Малчан, Аляксандр Акакіеў, Яўген Катляроў, Дзмітрый Суўханаў, Дзмітрый Альховік.

«Экстрэмісцкім» прызнаны Telegram-канал «Мозырь обстановка помощь на дорогах»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Мазырскага раёну 16 лістапада. На гэтым канале публікуюцца звесткі аб сітуацыі на дарогах Мазыра, а таксама аб пастах ДАІ. У мінулым сакавіку ў суполцы віншавалі падпісантаў з Днём міліцыі.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі Telegram-канал «Deutsches Freiwilligen Korps/Нiмецький добровольчий корпус», Instagram-старонку «eyge.go», старонкі ў Facebook i Instagram «Alex Pazniak», а таксама TikTok-старонкі «Усё пра Гродна», «reformbynews», «Myazha_info».