Эпоха Лукашэнкі завершыцца?

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах» разважае пра тое, як Лукашэнка ад «спадчынніка Каліноўскага» ператварыўся ў яго ворага.

Канец ужо блізка. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Канец ужо блізка. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Калі да гісторыі дакранаецца ўлада, гісторыю больш не вывучаюць, ёю кіруюць як абмежаваным рэсурсам.

Аляксандр Рубцоў

Як вядома, гісторыя — гэта сучасная палітыка, павернутая назад. Апеляцыя ўлад да гісторыі — гэта спосаб легітымізацыі іх цяперашняга палітычнага курсу, які моцна залежыць ад зменлівай кан'юнктуры. Цяперашні паварот кіруючага рэжыму ў палітыцы гістарычнай памяці — выдатная ілюстрацыя да гэтай тэзы.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка ў інтэрв'ю газеце «Беларусь сегодня» (16.05.2023) заявіў, што не лічыць Тадэвуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага нацыянальнымі героямі Беларусі — маўляў, яны польскія героі. Гэта сцвярджэнне вельмі знамянальнае. Яно добра паказвае, як у апошнія гады беларуская эліта трывала ўпісалася ў расійскі ідэалагічны кантэкст і адмовілася ад нацыянальнага наратыву ў сваіх падыходах да ўласнай гісторыі.

Да гэтага часу Кастусь Каліноўскі быў ці не адзіным беларускім гістарычным дзеячам, які не выклікаў аніякага расколу ў грамадстве, палітычным класе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы, бо ён увайшоў у пантэон беларускіх нацыянальных герояў яшчэ ў савецкія часы. Гэты сімвал мог бы аб'яднаць расколатую беларускую нацыю. Аднак улады зрабілі і гэту гістарычную постаць сімвалам расколу.

Хачу нагадаць, што ў лістападзе 2019 года ў Вільню на перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага была накіравана дзяржаўная дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам. На афіцыйнай цырымоніі ў літоўскай сталіцы ён заявіў, што дзейнасць Кастуся Каліноўскага «звязана з перарастаннем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць у форме народаўладдзя». Гэта значыць, няма сумневу, што Каліноўскі — беларускі, а не польскі герой.


Далей яшчэ цікавей. Ігар Петрышэнка сказаў: «Знамянальна, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з'яўляліся словы «Каго любіш? — Люблю Беларусь». Запаветы змагароў не страцілі актуальнасці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны: «За моцную і квітнеючую Беларусь». Гэта значыць, перакладаючы на зразумелую мову, Лукашэнка — ідэйны спадчыннік Каліноўскага!

Важна звярнуць увагу, што 17 лістапада 2019 года Лукашэнка, адказваючы на выбарчым участку на пытанні журналістаў пра яго стаўленне да Каліноўскага, сказаў: «Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца».

І вось цяпер кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка фактычна дэзавуюе Аляксандра Лукашэнку, сцвярджаючы, што Каліноўскі — польскі гістарычны персанаж.

Што адбылося? Змянілася палітычная кан'юнктура. Ідэалагічны канструкт дзяржавы падганяецца пад імгненныя патрэбы кіруючай каманды, задачы яе палітычнага выжывання.

Справа не толькі ў рэзка ўзрослай эканамічнай, палітычнай і ваеннай залежнасці Беларусі ад Расіі. Важна тое, што беларуская эліта жыве ў ідэалагічнай бурбалцы «рускага свету», не ў сілах вылучыць уласныя беларускія нацыянальныя інтарэсы, аддзяліць іх ад расійскіх. Кіруючая тут наменклатура страціла не толькі палітычную, але і нацыянальную суб'ектнасць. І гэта вельмі небяспечна для будучыні Беларусі, асабліва на фоне ажыятажу вакол тэмы здароўя Лукашэнкі. Бо ў сітуацыі адсутнасці суб'ектнасці ў беларускай эліты ролю такога суб'екта можа ўзяць на сябе Расія — і наш лёс будуць вызначаць у Маскве. Бо не бывае вакууму ні ў прыродзе, ні ў палітыцы. Хтосьці павінен запоўніць вызваленую нішу. Гэта значыць, у такім выпадку небяспека для беларускага суверэнітэту моцна ўзрастае.

Аналагічную гіпотэзу вылучае і дырэктар даследчай праграмы Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс: «Паколькі ўнутры Беларусі пасля трыццацігадовага кіравання Лукашэнкі відавочных палітычных груповак, якія прэтэндуюць на ўладу, не існуе, яны не структураваны, барацьба за спадчыну Лукашэнкі будзе адбывацца не ўнутры Мінска, не паміж рэгіянальнымі беларускімі групоўкамі, яна будзе праходзіць па лініі Масква — Беларусь. Рызыка тут палягае ў тым, што беларускія кіруючыя эліты досыць бязвольныя, яны прывыклі так існаваць цягам больш чым пакалення, ім зручней мець гаспадара. Таму яны могуць досыць лёгка пераключыцца на новага начальніка, якога прызначаць з Масквы. Тут можна правесці паралель са зменай лаяльнасці кіраўнічымі элітамі Крыма, калі прыйшла Расія. Гэта значыць абсалютная большасць проста ўбудавалася ў новую расійскую вертыкаль, хтосьці больш, хтосьці менш паспяхова».

Гэта значыць пытанне пра перспектывы ўлады ў Беларусі ў сувязі з тэмай пра здароўе Лукашэнкі наўпрост звязана з праблемай дзяржаўнага суверэнітэту.

Што да самога Лукашэнкі, то вельмі знамянальна, што на фоне ажыятажу ў незалежных СМІ і цікавасці палітызаванай публікі да яго фізічнага стану ён 15 траўня паспяшаўся паказацца ў публічнай прасторы, наведаў камандны пункт войскаў СПА і ВПС. Было відаць, што праблемы са здароўем у яго засталіся. Але ён вымушаны быў з'явіцца перад тэлекамерамі не далячыўшыся. Бо палічыў, што яго з'яўленне няхай і не ў лепшай форме — гэта меншае зло, чым доўгая адсутнасць. А раптам хтосьці скарыстаецца хваробай і паспрабуе заняць вакантнае месца? Ён чалавек падазроны, як любы аўтарытарны кіраўнік.


Такі нялёгкі лёс усіх дыктатараў. Яны не могуць нармальна палячыцца, баючыся надоўга пакідаць сваё крэсла. Атрымліваецца, што Лукашэнка не толькі галоўны архітэктар, але і адначасова закладнік, ахвяра таго палітычнага рэжыму, той сістэмы, якую ён сам стварыў.

Аднак, як бы там ні было, гісторыя з хваробай Лукашэнкі не пройдзе бясследна. Кіруючая эліта атрымала сігнал, сэнс якога ў тым, што дзеючы рэжым мае межы свайго існавання, ён заканчваецца. Праўладны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі вельмі выразна сфармуляваў праблему ў Facebook: «Зразумела, што ў бліжэйшыя гады завершыцца эпоха Лукашэнкі». Усё гэта прымушае асяроддзе кіраўніка задумацца пра ўласную будучыню.