ЕНП: Беларускія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам
Еўрапейская народная партыя ў сувязі з мінулымі ў Беларусі парламенцкімі выбарамі 11 верасня глыбока шкадуе аб тым, што краіна не выканала міжнародныя абавязацельствы і стандарты сумленнасці выбараў. Пра гэта паведамілі ў ЕНП.
«Шкада, што яшчэ адны выбары ў Беларусі не апраўдалі міжнародных правілаў, бо іх правядзенне нельга лічыць ні свабодным, ні справядлівым, ні дэмакратычным. Нягледзячы на шматлікія міжнародныя рэкамендацыі аб тым, як рэфармаваць і адаптаваць выбарчае заканадаўства, быў дасягнуты вельмі нязначны прагрэс», — заявіў генеральны сакратар ЕНП Антоніё Лопэс-Істурыс.
«Недапушчальна, што палітычная апазіцыя ў Беларусі працягвае падаўляцца, што неаднаразова адмаўляюць у рэгістрацыі новых палітычных партый і грамадскіх арганізацый. На гэтых выбарах зноў незалежнасць СМІ была абмежаваная, доступ міжнародных назіральнікаў да падліку галасоў ускладнены, а сістэмай датэрміновага галасавання злоўжывалі, як было падкрэслена ў папярэдніх высновах БДІПЧ АБСЕ. Гэтыя і многія іншыя перашкоды стварылі сур'ёзныя цяжкасці падчас выбарчай кампаніі для правацэнтрысцкай кааліцыі, сфармаванай Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, Хрысціянска-дэмакратычнай партыяй і Рухам «За свабоду», а таксама для БНФ і астатняй дэмакратычны апазіцыі», — дадаў старшыня ЕНП Жозэф Доль.
«Я слаўлю мужнасць і рашучасць гэтых партый прасоўваць еўрапейскія каштоўнасці і змагацца за дэмакратыю ў Беларусі, і я заклікаю ўлады працаваць у больш цесным супрацоўніцтве з ЕС і іншымі міжнароднымі арганізацыямі для ажыццяўлення рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ напярэдадні мясцовых выбараў, якія адбудуцца праз год-паўтара», — сказаў Антоніё Лопэс-Істурыс.
«ЕНП працягне падтрымліваць народ Беларусі, моладзь як будучыню краіны, правацэнтрысцкую апазіцыю і нашых членаў, якія змагаюцца кожны дзень за свабодную, дэмакратычную, сучасную і еўрапейскую Беларусь. Мы будзем сачыць за развіццём падзей у Беларусі, якая застаецца ў нашым парадку дня», — заключыў прэзідэнт ЕНП.
ЕНП з'яўляецца найбуйнейшай і найбольш уплывовай палітычнай партыяй агульнаеўрапейскага ўзроўню правацэнтрысцкай накіраванасці, якая ўключае ў сябе 75 партый-членаў з 40 краін, прэзідэнтаў Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага Савета, кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў сямі краін ЕС і пяці краін па-за ЕС, 14 членаў Еўрапейскай камісіі і найбуйнейшую групу ў Еўрапейскім парламенце.
Заяву ЕНП пракаментаваў bchd.info сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
«Заява Еўрапейскай народнай партыі падкрэслівае, што пазіцыя правацэнтрыстаў у дачыненні да Беларусі, заснаваная на каштоўнасцях, па-ранейшаму ўключае патрабаванне выканання міжнародных стандартаў і правоў чалавека. Калі хто-небудзь разлічваў, што прызначэнне ў парламент прадстаўніцы правацэнтрыстаў Ганны Канапацкай, паўплывае на пазіцыю Правацэнтрысцкай кааліцыі альбо яе міжнародных партнёраў, той моцна памыліўся. Наша пазіцыя застаецца нязменнай. У Беларусі мусяць прайсці свабодныя, справядлівыя выбары. Прызначэнне ў парламент аднаго ці двух апазіцыянераў, ніякім чынам не сведчыць пра дэмакратызацыю палітычнага працэсу».
Паводле bchd.info