Дыяспара: баласт ці рэзерв нацыі?

Афіцыйны Мінск не можа і не зможа выбудаваць адносіны з дыяспарай, пакуль не вызначыцца, што ён сам такое: самастойная незалежная дзяржава ці «малодшая сястра Расіі». Калі першае — шанец ёсць. Калі другое — дык дыяспара і не патрэбная…

granica_1_logo.gif


Усе краіны свету, за выключэннем хіба Беларусі, вельмі шмат увагі надаюць сваім суайчыннікам за мяжой. Бо дыяспара — гэта рэзерв нацыі. Ва ўсіх сэнсах: эканамічным, інтэлектуальным, палітычным і іншых.

Дыяспара можа выступаць лабістам інтарэсаў метраполіі і шмат чым яшчэ. Нездарма адна наша суседка прыдумала «карту паляка», а другая ўсур’ёз задумваецца пра тое, каб раздаваць свае пашпарты ўсім, хто нарадзіўся ці з’яўляецца нашчадкам жыхароў былога СССР.

Пра інтэлектуальны складнік і казаць не варта. Усе мы ў пачатку 1990-х са здзіўленнем адкрывалі для сябе літаратуру эміграцыі, а цяпер за мяжой працуе найбольш актыўная і дасведчаная частка Беларусі: людзі, лёгкія на пад’ём, з веданнем моваў і навучаныя ў сусветна вядомых універсітэтах.

Не трэба думаць, што дыяспара — нейкая «купка адшчапенцаў», якія змянілі Радзіму на прыгожае жыццё. Па-першае, ім тое «прыгожае жыццё» каштавала немалых высілкаў. Па-другое, беларусаў за мяжой не так ужо і мала. Ды што там казаць: у мяне самога сяброў у Беларусі значна менш, чым сяброў за яе межамі. Усе разбегліся пад ціскам абставінаў — хто на Захад, хто на Усход, хто на Поўдзень, ва Украіну, куды, нават нягледзячы на вайну, апошнім часам ідзе проста паломніцтва беларусаў. Іншым разам міжволі нават узнікае пытанне: «А што я тут раблю?».

І вось парадокс: большасць з гэтых людзей у жыцці арганізаванай дыяспары ўдзелу не бярэ. Хаця, здавалася б, мусілі — тут, у Беларусі, яны мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю. «Зубр», «Хартыя’97», «Еўрапейская Беларусь», сябры БНФ, АГП і іншых партыйных груповак… За межамі краіны яны сваю пазіцыю нібыта згубілі і заняліся асабістымі, прыватнымі справамі. Мабыць, за куфлем піва ці чаго мацнейшага згадваюць, як раскідвалі ўлёткі з заклікамі на мітынгі, вывешвалі на вуліцах бел-чырвона-белыя сцягі ці малявалі графіці «Жыве Беларусь!»: «Эх, быў час, была эпоха!».

Я цалкам разумею, чаму так адбываецца. Эмігранты «старой хвалі», тых, каго мы цяпер вывучаем у падручніках па фізіцы, касманаўтыцы, геаграфіі і літаратуры, нават на чужыне адчуваюць сябе часткаю Беларусі. Так, яны таксама вымушаныя былі эміграваць — але ў іх душах заставалася тое, пра што пафасна кажуць «патрыятызм». Яны былі выхаваныя такім чынам: нават у часы СССР іх радзімай усё роўна была Беларусь.

«Новыя хвалі эміграцыі» таго патрыятызму не маюць. Дый адкуль? Тыя, хто з’ехаў падчас развалу СССР, не ўсведамлялі Беларусь асобнай краінай. Тыя, хто з’ехаў пазней, альбо ехалі па лепшую долю, альбо былі за мяжу «палітычна выціснутыя».

Апошнія, прайшоўшы праз турмы і спецпрыёмнікі, выдатна ўсведамляюць розніцу паміж Беларуссю і ўладай краіны. Яны лічаць агідным стасавацца, напрыклад, з прадстаўнікамі беларускіх амбасадаў, трымаючы іх за «памагатых рэжыму» (што праўда). Таго самага рэжыму, які як найменш падазраецца ў знішчэнні іх сяброў (так, мы не забыліся пра Захаранку, Красоўскага, Ганчара, Завадскага, загадкавыя смерці Карпенкі і Бябеніна). Гэтыя людзі ствараюць праекты альтэрнатыўнага развіцця Беларусі і стаяць у пікетах ля беларускіх дыппрадстаўніцтваў і будынкаў міжнародных арганізацый, калі туды прыязджаюць дэлегацыі афіцыйнага Мінска. Але каб яны аб’ядноўваліся ў моцныя суполкі, не чуваць.

Іншая і большая частка — тыя, хто з’ехаў у пошуках заможнага жыцця — проста не можа ўсвядоміць сябе часткаю Беларусі. Дый як яны могуць гэта зрабіць? Для гэтага — іх усведамлення — патрэбныя высілкі, найперш дзяржавы. А дзяржава пра гэта мала клапацілася, калі не казаць, што не клапацілася зусім. Беларусаў абзывалі ці то «часткаю рускага народа», ці то «рускімі са знакам якасці», ці то яшчэ нейкай трасцай — абы не беларусамі. Стваралі, ды не стварылі нейкую асаблівую «беларускую ідэалогію», у той жа час падкрэсліваючы «непарыўную сувязь беларусаў і рускіх»… Зразумела, «у цені старэйшага брата» немагчымая ні ўласная ідэалогія, ні патрыятызм.

Дзяржава страціла амаль чвэрць стагоддзя на незразумелыя гульні з самаідэнтыфікацыяй і толькі-толькі пачынае разумець каштоўнасць незалежнасці. Толькі цяпер, квола, пакрысе, робяцца першыя нават не крокі, а погляды ў бок менавіта беларускай гісторыі: Полацкага княства, ВКЛ, БНР — у спробе намацаць тую глебу для беларускага патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэі. І таму страціла вялікую частку эмігрантаў, для якіх «беларус» цяпер — не каштоўнасць, а канстатацыя нацыянальнасці. І нічога больш.

Афіцыйны Мінск не можа і не зможа выбудаваць адносіны з дыяспарай, пакуль не вызначыцца, што ён сам такое: самастойная незалежная дзяржава ці «малодшая сястра Расіі». Калі першае — шанец ёсць. Калі другое — дык дыяспара і не патрэбная…