Чыноўнікі пакрыўдзіліся на блогера за тое, што змясціў іх фота на майцы
Райаадзел міліцыі Акцябрскага распачаў супраць мясцовага блогера, сябра ГА «БАЖ» Андрэя Павука адмістрацыйны працэс паводле заяваў намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай. Чыноўнікі сцвярджаюць, што блогер абразіў іх гонар і зганьбіў пачуцці сям’і.
У заяве Уладзімір Елісееў напісаў, што 9 чэрвеня, калі ў Акцябрскім на плошчы ладзіўся вечар выпускнікоў, Павук (мова і стыль заявы захаваныя) «демонстративно ходил, одетый в майку с нанесением фотографий, цветная фотопечать с изображением меня и Валентины Шлапаковой, на которой снизу была надпись «Они любят тебя».
«28 чэрвеня я быў у ад’ездзе, — паведаміў Службе маніторынга БАЖ Андрэй Павук. — Са мною звязаўся праз тэлефон участковы інспектар Віктар Карпянок і патрабаваў тлумачэнняў. Я, канечне, здзівіўся, што чыноўнікі абразіліся на свае фотаздымкі на майцы, а тым больш на надпіс».
Фотаздымкі чыноўнікаў райвыканкама, патлумачыў блогер, ён узяў з афіцыйнай мясцовай газеты «Чырвоны Кастрычнік». Чыноўнікі — публічныя асобы. Надпіс «Яны любяць цябе», на думку блогера, паказвае кожнаму жыхару, што згаданыя асобы паважаюць і любяць мясцовых жыхароў.
«Намагаўся выказаць пашану за іх важную ролю ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў дзеля паляпшэння жыцця жыхароў раёна. І вось на табе — пакрыўдзіліся», — дадае Павук.
Блогеру пакуль невядома, ці склаў участковы інспектар супраць яго адміністрацыйны пратакол. Справа можа абмежавацца толькі апытаннем.
Зрэшты, рудабельскія чыноўнікі ўжо не раз падавалі заявы на абразу іх гонару і годнасці з боку грамадскіх актывістаў і журналістаў. Напрыклад, у студзені 2017 года Валянціна Шлапакова мелася прыцягнуць да адказнасці журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за ўжытае ў дачыненні яе слова «раба», аднак суд Цэнтральнага раёна Гомеля адхіліў скаргу чыноўніцы.