«Чыноўнікі нацэленыя на тое, каб задаволіць Лукашэнку, а што думаюць людзі — ужо не важна»
Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, як працуюць беларусы. Тым самым ён працягнуў чараду прэтэнзій ад чыноўнікаў (і самога палітыка) у адрас насельніцтва. З чым гэта звязана? І да чаго вядзе?
Пра гэта ў калонцы для «Люстэрка» разважае акадэмічны дырэктар BEROC, эканаміст Леў Львоўскі.
Насельніцтва перашкаджае чыноўнікам выхваляцца паказчыкамі перад Лукашэнкам
Трансфармацыя ў рыторыцы чыноўнікаў і праўладных палітыкаў адлюстроўвае змяненне ў рэальнасці. Калі раней у нас быў аўтакратычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі і нават пры тым, што выбары не былі свабоднымі, большасць людзей усё ж падтрымлівала статус-кво і дзейны рэжым. Такім чынам, як для самога палітыка, так і для ўладаў было важна, каб гэты статус-кво захоўваўся, і мэтай развіцця эканомікі было, каб народ працягваў заставацца задаволеным.
Гэта выяўлялася ў тым, якім чынам чыноўнікі дакладвалі аб тым, што адбываецца. Так, яны давалі справаздачу, як і цяпер, не перад людзьмі, а перад Лукашэнкам, але ўлады фармальна цікавіў дабрабыт насельніцтва, што было часткай сацыяльнай дамовы. Значыць і справаздачы падаваліся з пазіцыі, што калі ёсць эканамічны прагрэс, людзі задаволеныя і падтрымліваюць статус-кво.
З 2020 года ўсё пачало мяняцца. Аказалася, што нягледзячы на кансенсус, пэўны дабрабыт, людзі ўсё роўна выйшлі на вуліцы. Як паўтаралі чыноўнікі, умоўныя 200 тысяч — гэта не ўсё насельніцтва Беларусі. Тым не менш людзі ў сваёй масе, мяркуючы па статыстычных выкладках, у большасці падтрымалі пратэст, гэта значыць 9 жніўня выбралі не Аляксандра Лукашэнку. Адпаведна, статус-кво змяніўся, грамадскі дагавор быў парушаны.
Пасля гэтага рэжым пачаў пераходзіць ад аўтакратыі да дыктатуры і, як адзначае Арцём Шрайбман у «Беларускім трэкеры пераменаў», нават пачалося ўкараненне культу асобы Аляксандра Лукашэнкі. Пры такім раскладзе калі стаіць мэта росту эканомікі, то гэта трэба не для людзей і нават не для таго, каб яны падтрымлівалі дзейны рэжым. А толькі таму, што гэтага хочацца самому Аляксандру Лукашэнку. Значыць, і справаздачы функцыянераў нацэленыя на тое, каб лічбамі быў задаволены менавіта ён, а што пра гэта думаюць людзі, ужо не важна.
Менавіта таму памяняўся стыль справаздач — калі раней чыноўнікі падкрэслівалі, што нейкія паказчыкі добрыя для людзей, выхваляліся запускам новай вытворчасці, то цяпер, распавядаючы, што нешта ідзе не так, яны абвінавачваюць у гэтым народ. То бок эканамічныя паказчыкі патрэбныя Лукашэнку, і калі яны не выконваюцца — гэта віна насельніцтва. Гэта людзі павінны працаваць лепш, каб задаволіць Аляксандра Лукашэнку.
Цяпер улады канчаткова прытрымліваюцца прынцыпу «не пытай, што дзяржава можа зрабіць для цябе, пытай, што ты можаш зрабіць для дзяржавы».
Адсюль і ўся незадаволенасць: людзі не тыя — не працуюць, як кітайцы, недастаткова пакорлівыя, як паўночнакарэйцы, нараджаюць менш, чым зімбабвійцы. Ім здаецца, што чыноўнікам у іншых краінах лягчэй даваць справаздачу перад мясцовымі дыктатарамі, таму што людзі там лепей. А нашым трапіўся народ, які дрэнна нараджае, хоча нейкіх свабод, не хоча адпрацоўваць пасля навучання, выходзіць на пенсію (а не адразу памірае). Ды да таго ж увесь час чымсьці незадаволены.
Чыноўнікі мяркуюць, што пры выкананні сваёй задачы дагадзіць дыктатару яны цалкам справядліва выказваюць незадаволенасць насельніцтвам. Таму што гэта менавіта насельніцтва, на іх думку, не дае ім выконваць мэтавыя паказчыкі, па якіх потым трэба даваць справаздачу.
Але, як мы бачым, вінаватымі ў розных праблемах абвяшчаюць не толькі беларускі народ, але таксама Захад, а апошнім часам таксама Расію. Скаргі на апошнюю сталі трэндам апошняга паўгоддзя. Раман Галоўчанка ўжо паскардзіўся на расійскія інвестыцыі дрэннай якасці, Дзмітрый Круты — што Расія не хоча закрыць свой рынак для кітайскіх канкурэнтаў беларускай прадукцыі. І гэта прытым, што Расія ў апошнія гады была галоўным памочнікам і спонсарам Мінска. Мабыць, такой падтрымкі ўжо недастаткова.
У псіхалогіі гэта, здаецца, называецца вонкавым локусам кантролю: калі нешта не атрымліваецца, віна пераносіцца на кагосьці іншага або на нейкія знешнія фактары.
Чыноўнікі будуць спрабаваць ўціхамірваць «дрэннае» насельніцтва
Паколькі ўсе мэты працы чыноўнікаў звяліся да задавальнення жаданняў Аляксандра Лукашэнкі, яны будуць старацца ўсімі сіламі падагнаць рэальнасць, краіну да большай адпаведнасці з карцінай свету, якая склалася ў яго.
Уціхамірваць «дрэннае» насельніцтва, падганяючы паказчыкі бліжэй да чаканых, будуць рознымі спосабамі. Часткова прымушаць людзей рабіць тое, што трэба, урад можа рынкавымі метадамі, напрыклад, увядзеннем падаткаў, субсідый (гэта адбываецца ўжо цяпер). Калі такія крокі не дапамагаюць, ёсць камандна-адміністрацыйныя сродкі.
Цалкам верагодна, што мы працягнем бачыць прымяненне і першых, і другіх.
Аднак людзі ў нас такія, якія
ёсць, іншымі (якія б адпавядалі карціне свету ўрада і Лукашэнкі) краіну не
заселіш. Так што скаргі чыноўнікаў і самога Лукашэнкі працягнуцца, а іх
падыходы да кіравання будуць увесь час спараджаць новыя канфлікты.