Чалы: Лукашэнка больш не хоча ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах
А ў патрыятычнай песні, напісанай у гонар палітыка, схаваная цікавая дэталь, лічыць палітычны эксперт.
У выпуску навін Беларускага расследавальніцкага цэнтра аналітык Сяргей Чалы тлумачыць, чаму раней казаў, што Лукашэнка не пойдзе на выбары. Па-першае, ён так і не перажыў псіхалагічную траўму 2020 года. Па-другое, яму лянота і цяжка займацца мікраменеджментам. Дый юрыдычны механізм выбудаваны — Усебеларускі народны сход, дадатковыя артыкулы ў Крымінальным кодэксе для абароны былога прэзідэнта і яго сям'і.
У адказах Лукашэнкі на пытанні людзей на сустрэчах Чалы падкрэслівыя тры новыя тэзісы, цытуе аналітыка «Наша Ніва»:
вы павінны прывыкаць;
публічна пачынаю казаць усім вам;
рыхтуем змену.
Аналітык лічыць, што на Лукашэнку ціснуць дзве групы ў яго атачэнні — адныя баяцца, што прападуць без яго і просяць застацца, працягваць жорсткую лінію, а другія прапануюць пакінуць пасаду і пачаць нармалізоўваць палітыку.
«Я па-ранейшаму лічу, што Лукашэнка больш не хоча ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах. Сітуацыя такая, што чым даўжэй Лукашэнка марудзіць і сумняецца, ісці ці не ісці, тым аб'ектыўна больш аргументаў на карысць таго, каб не ісці. Таму што тым болей ён выглядае не як некалі малады і энергічны лідар, а як хворы і нерашучы стары», — кажа Чалы.
Ён іранічна падмеціў, што ў выпадку замены Лукашэнкі пераемнікам нават словы патрыятычнай песні, напісанай у яго гонар, мяняць не давядзецца. Там спяваецца «Бацька ў нас круты» — калі на месца Лукашэнкі прыйдзе кіраўнік яго Адміністрацыі Ігар Круты, то і праблемы няма.
Нагадаем, што да мінулага лета Сяргей Чалы вёў на канале Беларускага расследвальніцкага цэнтра перадачу «Ноч з Чалым». Але гэты перыяд доўжыўся толькі адзін палітычны сезон. Цяпер тая праграма закрылася, а падітычны аналітык вярнуўся да штотыднёвых выпускаў «Навін з Чалым», якія звычайна выходзяць па пятніцах.
Меркаванне Чалага пра тое, што Лукашэнка не будзе
ўдзельнічаць у выбарах, ці прынамсі вельмі гэтага не хоча, не адпавядае думцы,
якая дамінуе ў беларускай экспертнай супольнасці. Большасць назіральнікаў наадварот
лічыць, што дыктатар будзе балатавацца, каб «элегантна» перамагчы і «зайграць»
2020 год. Тым больш супернікаў у Лукашэнкі гэтым разам на выбарах не будзе, бо
любая палітычная альтэрнатыва ў Беларусі знішчаная цягам апошніх гадоў.