Булгакаў: Спадзяванні на нейкую беларусізацыю глыбока ірацыянальныя

Што азначаюць апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі на карысць беларускай мовы? Каму яны адрасаваныя і ці варта чакаць услед за імі практычных дзеянняў? На гэтыя пытанні адказвае галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.



bulhakau1.jpg

— Ужо не першы раз за апошнія месяцы Аляксандар Лукашэнка выказваецца ў падтрымку беларускай мовы. Аднак многія абмяркоўваюць і ацэньваюць гэтыя заявы скептычна — маўляў, і раней былі такія выказванні, але не было дзеянняў. Як вы ацэніце гэтыя выказванні кіраўніка дзяржавы? Можа, наспела такая палітычная сітуацыя, што за гэтымі заявамі варта чакаць і канкрэтных дзеянняў?
— Гэтыя словы Лукашэнкі сведчаць найперш пра тое, што ў выбарчы год беларускія ўлады заклапочаныя палітычнай пазіцыяй беларускамоўнай меншасці. Якім чынам яна будзе галасаваць, як яна будзе сябе паводзіць, ці не паўторыцца сітуацыя 2010 году, калі ўсё вылілася ў масавую акцыю пратэсту, якую разагналі спецслужбы.
Безумоўна, за гэтымі словамі нічога стаяць не будзе і не можа. Самі спадзяванні на нейкую беларусізацыю глыбока ірацыянальныя. Я па-філасофску спрабаваў даць сабе тлумачэнне, чаму людзі ўвогуле гэта абмяркоўваюць. Адбываецца ўсё гэта на ўзроўні інфармацыйнага шуму — укід інфармацыі, пасля якога некаторая частка супольнасці пачынае думаць, што за гэтым нешта стаіць.
Вы слушна заўважылі, што гэткія заявы агалошваюцца рэгулярна, але ніякіх канкрэтных дзеянняў у галіне адукацыі, судаводства, інфармацыйнай палітыкі за гэтым не адбываецца. Наадварот, я нагадаю, што ў гэты самы час адбываецца расправа над асноўным беларускамоўным выдаўцом Ігарам Логвінавым, які за апошнія 5–10 гадоў выдаў сотні кніжак на беларускай мове.
— Вы тлумачыце ўсё ўнутрыпалітычнымі прычынамі. Ці не варта меркаваць, што тут ёсць і замежнапалітычны чыннік? Сваімі выказваннямі пра беларускую мову і гісторыю Аляксандар Лукашэнка дасылае пэўны мэсідж і ў замежжа?
— Вядома, гэта можа мець нейкі ўскосны кірунак — шантажаванне Расіі. Але б я не перабольшваў замежны розгалас. Найперш гэта скіравана да ўнутранай аўдыторыі. І на вонкавыя рынкі для Крамля, я думаю, хутка пойдзе звыклая рыторыка, што «мы адзін народ», а «беларусы — гэта рускія са знакам якасці».
svaboda.org