Беларусь без візы: мара ці рэальнасць?
Адмена еўрапейскіх віз для беларусаў застаецца актуальным пытаннем. Працягваюцца бесперапынныя перамовы паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму.
Паралельны працэс адбываецца ў Еўрапарламенце і Савеце ЕС, якія вырашаюць пытанне аб аднабаковым спрашчэнні візавага рэжыму для ўсіх замежных дзяржаў. У тым ліку, і для Беларусі.
Паводле даследаванняў Еўракамісіі, толькі ў 2012 годзе з-за цяжкіх візавых працэдур Еўропа «страціла» $6,6 мільёна, якія магла б атрымаць з патэнцыйных падарожнікаў.
Лёд зрушыўся
Эксперт у галіне візавай палітыкі Андрэй Елісееў лічыць, што лёд у візавым пытанні зрушыўся. Яшчэ ў красавіку Еўрапарламент і Савет ЕС скончылі ўнутраныя працэдуры разгляду законапраекта, які прапаноўвала Еўрапейская Камісія. Ужо ёсць адказы на пытанні, якім чынам і наколькі варта палегчыць візавыя правілы.
Законапраект дазволіць вырашыць тры візавыя праблемы: цяжкую працэдуру атрымання візы; недастатковае «пакрыццё» консульствамі ў краіне; немагчымасць знаходжання ў зоне Шэнгена больш за 90 дзён па звычайнай візе. Вырашыць усё гэта дапаможа «VIS registered regular traveller» — статус «рэгулярнага вандроўніка». Яму будуць выдаваць візу тэрмінам на тры гады мінімум. І дарэчы, у Беларусі ўжо з’явіліся шчаслівыя ўладальнікі трохгадовых шэнгенаў.
Паступальны рух?
У пачатку мая на сайце zvarot.by з’явіўся калектыўны ліст у МЗС Беларусі «Аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС». Галоўнымі пытаннямі былі тэрміны і стадыя перамоў па заключэнні пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме і рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС.
У адказе з МЗС на гэты зварот не адмаўляецца факт таго, што нашы суседзі (Расія і Украіна) ужо падпісалі такія пагадненні. У якасці плюсаў, якія ёсць у нашай краіне, прыводзіцца статыстыка адмоў у выдачы віз у Беларусі і краінах постсавецкай прасторы: «Нягледзячы на адсутнасць паміж Беларуссю і ЕС пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур, наша краіна мае самы нізкі працэнт з усіх краін СНД па колькасці візавых адмоваў — 0,3%» (дадзеныя за 2014 год. — аўт.).
Але МЗС не называе канкрэтныя тэрміны рэалізацыі пагаднення, і мяркуе, што «...рух у бок спрашчэння візавых працэдур павінен весціся паступальна, абдумана і ў інтарэсах грамадзян Рэспублікі Беларусь».
МЗС не заўважае, што «інтарэс грамадзян Рэспублікі Беларусь», насамрэч, вялікі. Калі Еўракамісія праводзіла падрыхтоўчую працу да законапраекта аб спрашчэнні візавага рэжыму, яна праводзіла апытанне, дзе жыхары замежных дзяржаў маглі б напісаць, якія спрашчэнні ім патрэбныя. Самімі актыўнымі рэспандэнтамі былі менавіта беларусы.
Шэнген за 35 еўра
«Колькі гадоў таму ў Беларусі рабілі апытанне каля консульства краін ЕС аб выкарыстанні візавых пасярэднікаў. Тады палова апытаных былі ўпэўненыя, што і без гэтага хуткім часам візавы рэжым спрасціцца. На самай справе — гэта адчувальная тэма, яна займае час. Ідзе барацьба паміж рэалізацыяй невялікіх пунктаў у заканадаўстве ЕС», — распавёў Андрэй Елісееў.
Разыходжанні Еўрапарламента і Савета ЕС ёсць у пытаннях гуманітарнай візы, магчымасці візавай заяўкі ў іншым консульстве. Напрыклад, Еўрапарламент прапануе разгледзець адным з пунктаў «магчымасць запытваць гуманітарную візу ў любым консульстве або пасольстве краіны ЕС». Савет ЕС такую магчымасць адхіляе.
Трэба ўлічваць, што прапановы па спрашчэнні візавага рэжыму датычаць не толькі Беларусі. Стаіць пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму для ўсіх замежных дзяржаў.
«Што адбудзецца ў бліжэйшыя паўгода, год? Беларусь падпіша двухбаковае пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое будзе прадугледжваць усталяванне стандартнага візавага збору — 35 еўра. Больш ліберальны рэжым выдачы візы з доўгім тэрмінам дзеяння атрымаюць тыя, хто часта падарожнічае, у каго ў пашпарце за год будзе больш за дзве візы» — перакананы эксперт. Але, па ягоных словах, пытанне пра зусім бязвізавы рэжым для Беларусі наогул не разглядаецца.
Дзе ж турысты?
Пасля набыцця моцы двухбаковых пагадненняў не толькі беларусы змогуць падарожнічаць у Еўропу, але і замежнікі атрымаюць магчымасць убачыць Беларусь. Старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый (РСТА) Валянцін Цэхмейстэр прапануе разгледзець спрашчэнне візавага рэжыму як адзін з інструментаў нарошчвання турыстычнага патоку.
Ён узгадаў Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, калі многія замежнікі прыязджалі ў нашу краіну не абавязкова для таго, каб паглядзець хакей. Яны карысталіся тым, што можна было без візы, толькі пры наяўнасці квітка на спаборніцтва, наведаць Беларусь.
«Іншаземцу хочацца прыехаць. У Беларусі спакойна, ціха. Можна вогнішчы разводзіць. У адрозненне, напрыклад, ад Галандыі», — упэўнены Валянцін Цэхмейстэр.
Нягледзячы на ўяўную адлігу ў дачыненні да Беларусі ў апошні час, паток вандроўнікаў у Беларусь не павялічыўся. Эксперты звязваюць гэта з галоўнымі міфамі пра краіну: сюды цяжка ўехаць, тут дрэнная турыстычная інфраструктура, віза — дарагая для турыстаў.
Міф пра тое, што Беларусь занадта дарагая для турызму не пацвярджаецца. «Калі мы гаворым пра розныя цэнавыя параметры, то датычна Беларусі не варта казаць пра дарагавізну. Для арганізаванай групы турыстаў віза каштуе 10 еўра. Хіба гэта грошы? Зараз тэндэнцыя: большасць людзей падарожнічаюць індывідуальна. Але ў нашай краіне выклікаюць непаразуменні ў замежнікаў асобныя бюракратычныя моманты», — адзначае Цэхмейстэр. Напрыклад, гэта абавязковыя страхаванне і рэгістрацыя іншаземцаў.
«Па досведзе мінулага Чэмпіянату свету па хакеі, мы актыўна падтрымліваем ідэю аб тым, каб распаўсюдзіць вопыт бязвізавага ўезду. І не толькі на спартовыя спаборніцтвы, а і на культурныя святы. Напрыклад, «Славянскі базар у Віцебску», — распавядае эксперт.
Моцны штуршок
«Пры наяўнасці бязвізавага рэжыму, можна арганізаваць сумесныя турыстычныя праекты з краінамі-суседзямі. Зараз жа трэба памятаць, што хто б ні былі нашы суседзі — яны канкурэнты Беларусі на турыстычным рынку», — лічыць дырэктар фонду падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор» Сяргей Плыткевіч.
«Тыя, хто апынуліся ў Беларусі, проста ў захапленні ад краіны. Ты едзеш. Наперадзе сядзіба, а каля яе можна паставіць машыну і адпачыць. Так зрабіць, напрыклад, у Польшчы ці Германіі нельга. А ў нас поўная дэмакратыя», — распавядае Плыткевіч.
Але для прыцягнення турыстаў цяпер недастаткова мець бясплатныя паркоўкі і чыстую прыроду. У Беларусі павінна змяніцца стаўленне да турызму. «Шэсць — сем гадоў таму ў нас была плынь расійцаў. Савецкі ўзровень медыцыны, абслугоўвання ў Беларусі дастаткова высокі. І гэта расійцаў задавальняла. Для іх адпачынак быў танным. Калі курс памяняўся, цана стала для іх супастаўная. Небагатыя людзі, якія ехалі ў Беларусь, ужо не могуць сабе гэтага дазволіць. А багатыя — больш патрабавальныя. У дзяржаве ж адчуванне, што «не трэба нічога рабіць — і так прыедуць», да гэтага часу захоўваецца», — адзначае эксперт.
Дзяржаўны турызм ж пакуль не адышоў ад савецкага фармату.