Беларусь без нас. Кароткі аналіз галоўнай цытаты года
Абраць цытату года няпроста. Камусьці падабаецца поп, камусьці пападдзя, а камусьці — папова дачка. З цытатамі аналагічная гісторыя. Тым не менш свой варыянт цытаты ў мяне ёсць. Я дастаў яе з паслання-2023: «Дайце мне эканоміку, усё астатняе я зраблю без вас».
Гара з плячэй. Дзякуй. Вялікі дзякуй за «ўсё астатняе без нас», у тым ліку і запланаваны на 25 лютага адзіны дзень галасавання. Упершыню ў гісторыі Беларусі адзіны і ўпершыню ў гісторыі афіцыйна без нас.
Да чаго прывялі выбары жніўня 2020 года, у якіх большасць беларусаў прыняла самы актыўны ўдзел, мяркую, нагадваць не трэба. Асабіста я не хадзіў на выбары, пачынаючы з так званага «канстытуцыйнага рэферэндуму» 1996 года, але ў 2020-м пайшоў, і не адзін, а ўсёй сям'ёй. Вельмі ўжо мне хацелася даведацца, ці змогуць шэсць прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый або 0,009% ад агульнай колькасці чальцоў участковых выбарчых камісій (усяго 63347 чалавек) забяспечыць сумленны і празрысты падлік галасоў.
Здолелі. Якім чынам? Не пытайцеся, але змаглі. Інакш бы ў Крамлі вынікі выбараў не прызналі. А ўжо дзе-дзе, а ў Крамлі спецыялістаў па правядзенні агульнанародных волевыяўленняў на постсавецкай прасторы хапае. Іх на крывой кабыле не аб'едзеш.
А што тычыцца прыведзенай вышэй арыфметыкі, то я яе ўзяў не са столі і не высмактаў з пальца. Яна была апублікаваная на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь. Рыхтуючы гэты артыкул, я вырашыў зноў палюбавацца на электаральную прыгажосць у чыстым выглядзе. На жаль, раз паспрабаваў, два, тры... Безвынікова. Кожны раз пошукавік выдаваў незразумелую фразу на незразумелай мове: «404 Not Found».
Зайшоў на сайт ЦВК. Ён моцна змяніўся з моманту майго апошняга наведвання. Сказаць, што сайт падвергнуўся кастрацыі або абартызацыі — значыць нічога не сказаць. Такое ўражанне, што пасля сыходу Лідзіі Ярмошынай на шматкроць заслужаны адпачынак, новы начальнік вырашыў пачаць сваю працу з чыстага ліста і выдаліў архіў. Прынамсі, адшукаць яго мне не ўдалося.
Бестселер 1944 года
Паўтару і працягну цытату, з якой пачаў артыкул: «Дайце мне эканоміку, усё астатняе я зраблю без вас. Вось ужо тры дзесяцігоддзі падмуркам нашай дзяржаўнай палітыкі з'яўляецца сацыяльна арыентаваная эканоміка».
Вось яно як! Падмуркам палітыкі ў нас з'яўляецца... эканоміка. Нічога не нагадвае? Ну як жа, эканоміка — гэта ж быццё, а палітыка — свядомасць. Успомнілі?
Мы, 4,1 млн беларусаў, занятых у эканоміцы, ствараем быццё, а ён адзін, зусім адзін фарміруе нашу свядомасць. А без правільна сфармаванай свядомасці эфектыўнай эканомікі не пабудаваць.
Тут напрошваецца паралель з галамі (нарастамі), якія расліны выбудоўваюць на лісці пад уздзеяннем хімічных рэчываў, што выдзяляюцца лічынкамі насякомых. Будуюць галы расліны, але будуюць не для сябе, а для лічынак і ў адпаведнасці з іх «камандамі».
Па аналагічнай схеме функцыянуе і беларуская эканоміка: будуюць (даюць) яе мільёны, але не па ўласным разуменні, а ў адпаведнасці з пастаўленымі зверху задачамі.
Да чаго вядзе такі прынцып арганізацыі эканомікі будучы Нобелеўскі лаўрэат Фрыдрых Хаек апісаў у 1944 годзе ў сваім бестселеры «Дарога да рабства». Яго кароткі змест я запазычыў у штучнага інтэлекту, задаўшы яму адпаведнае пытанне.
«Асноўная ідэя кнігі “Дарога да рабства” заключаецца ў перасцярозе ад небяспекі магчымага развіцця палітычнай сістэмы, якая можа прывесці да рабства і падаўлення асабістай свабоды. Хаек папярэджвае, што, калі дзяржава пашырае сваю ўладу і кантроль над эканомікай, гэта можа прывесці да з'яўлення аўтарытарнага рэжыму, дзе грамадзяне будуць пазбаўленыя свабоды выбару і самавызначэння.
Аўтар заклікае да абароны індывідуальных правоў і свабод, і сцвярджае, што рынкавая гаспадарка і канкурэнцыя з'яўляюцца лепшымі сродкамі для забеспячэння росквіту і свабоды кожнага чалавека. Хаек падкрэслівае важнасць абмежавання ўлады дзяржавы і падтрымання прававой дзяржавы для прадухілення тыраніі і дэспатызму».
Пабольш бы такіх Блокаў
Развагі аб свабодзе кожнага тыпова для чалавека заходняй культуры. Але беларусы тут пры чым? У геаграфічным цэнтры Еўропы практыкуецца іншы спосаб дасягнення індывідуальнай свабоды. Ён не ад Нобелеўскага лаўрэата. Ён ад жыцця: з раніцы піўка сербануў і ўвесь дзень вольны. Ад чаго вольны? Ад выбару.
Цытата з паслання-2023 як раз пра гэта. Яна — пра грамадзянаў з вялікай літары, чые абавязкі перад грамадствам і дзяржавай зведзены да эканомікі, гэта азначае — да мінімуму. Гэта пра такі тып грамадзян паэт Аляксандр Блок у свой час напісаў: «Працуй, працуй, працуй: ты будзеш з уродскім гарбом...»
А што акрамя працы? Тэлевізар, мае дарагія. Выпала вольная хвілінка — уключайце тэлевізар. А там падступныя англасаксы выношваюць чарговыя планы па разбурэнні Саюзнай дзяржавы. Нашы поспехі ў эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сферах ім як костка ў горле. Але ў нас ёсць каму трымаць порах сухім, так што працаваць, працаваць, працаваць працягвайце спакойна і пажадана без перакураў.
***
Блок не прэтэндаваў на званне палітычнага аналітыка, але мастацтва — від чалавечай дзейнасці, які ўяўляе сабой прайграванне і пераўтварэнне рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах. Пабольш бы нам такіх Блокаў, здольных знаходзіць патрэбныя словы для тлумачэння дзейнасці таго, хто здольны ўсё астатняе зрабіць без нас.