Арцём Шрайбман: Я цалкам дапускаю ваенны пераварот «імя Карпянкова»

Аналітык разважае пра тое, што можа прывесці да змены ўлады ў Беларусі. Канешне, гэта перамога (хаця б уяўная) Украіны ў вайне з Расіяй і эканоміка. Аднак тут ёсць і несуцяшальныя сцэнары.

arciom_5164d360d86f4d6d7479a1c837b8ef71db5fcf41.jpg


— Калі вынікі гэтай вайны акажуць такі ўплыў на расійскую палітыку, што Пуціна, напрыклад, адхіляць ад улады, ці ж Расія выведзе свае войскі, каб быў бачны выразны індыкатар паразы, вельмі многае будзе залежаць ад таго, наколькі да таго моманту Крэмль будзе хацець падтрымліваць Беларусь далей і будзе мець для гэтага рэсурсы, — разважае Шрайбман у эфіры Е*рарадыё. — Калі Расія будзе настолькі аслабленая, як Савецкі Саюз у апошнія гады, думаю, што ў беларускай уладзе даволі хутка таксама пачнецца закісанне, таму што ўсе зразумеюць, што за Лукашэнкам больш няма самага галоўнага гаранта яго становішча.

І гэта створыць нервовасць унутры кіруючай эліты, і будзе нарастаць ціск на яго, у тым ліку знутры. Я разумею, як цяжка гэта цяпер уявіць, але ў сітуацыі крызісу, эканамічнага, у першую чаргу, калі Расія ўжо нейкі час не будзе падтрымліваць Беларусь, мы гэта ўбачым.

Мы ўбачым усё больш і больш ціску з тым, каб Лукашэнка сышоў, таму што ён будзе з'яўляцца асноўнай перашкодай на шляху нармалізацыі стасункаў з Захадам, зняцця санкцый і ўсяго астатняга. А ў зняцці санкцый будзе любая зацікаўленая беларуская ўлада.

У выпадку, калі Лукашэнка раптам удасца адхіліць ад улады, аналітык прагназуе розныя, у тым ліку несуцяшальныя сцэнары.

— Мне падаецца, што цяпер самую ключавую вагу мае сілавая фракцыя. Невыпадкова нават канстытуцыйна Савет Бяспекі надзелены паўнамоцтвамі пераймаць уладу Лукашэнкі ў выпадку яго раптоўнага сыходу.

Таму я не ўяўляю, каб улада ў Беларусі перахапіў хтосьці, не заручыўшыся пры гэтым падтрымкай сілавога блока. Так ужо цяпер пабудаваная беларуская кіруючая вярхушка.

Так адбываецца ў многіх аўтарытарных рэжымах, а сёння ў Беларусі рэжым усё бліжэй і бліжэй падыходзіць да ваеннай дыктатуры.

Гэта пакуль не хунта, таму што на чале ўсё яшчэ не знаходзіцца калектыў вайскоўцаў, але мы ўжо падышлі да таго, калі на ўсіх узроўнях улады на чале засілле людзей у пагонах.

Ці змогуць яны аб'яднацца і вылучыць нейкага наменклатурнага агульнага вылучэнца альбо яны будуць грызці адзін аднаго — усё роўна нядрэнныя шанцы будзе мець менавіта стаўленік або ўхвалены гэтымі людзьмі кандыдат.

Ён можа быць і грамадзянскім. Калі працэс адхілення Лукашэнкі ад улады пройдзе адносна мірна, без рэвалюцый і тэрактаў, то цалкам можа рэалізавацца сцэнар, запісаны ў Канстытуцыі Беларусі, прынятай па выніках рэферэндуму гэтага года.

У такім выпадку глядзіце на другую асобу па Канстытуцыі. Раней гэта быў прэм'ер, а з лютага гэта кіраўнік Савета Рэспублікі (цяпер — Наталля Качанава). Дарэчы, гэта кажа яшчэ і аб тым, што Лукашэнка менш давярае менавіта прэм'ер-міністру (сённяшні прэм’ер Раман Галоўчанка — якраз выхадзец з «сілавога» блоку, былы кіраўнік ВПК Беларусі — НЧ).

Але ў выпадку яго (Лукашэнкі) сыходу ў кіраўніка Савета Рэспублікі з’явіцца шанец перахапіць ініцыятыву, «пашыхтаваць» сілавікоў або замяніць тых з іх, хто можа ствараць праблемы, і падмяць пад сябе гэтую вертыкаль.

Аднак усё можа развівацца абсалютна па волі выпадку і прадказаць, хто апынецца побач, паспее першым перахапіць ініцыятыву і ліквідаваць канкурэнтаў ад трона, складана.

Сёння мы бачым, што ў сілавікоў ёсць зброя, і наверсе ёсць дастаткова людзей з вялікімі амбіцыямі, што можа дрэнна адбіцца на будучыні Беларусі. Таму што ў сітуацыі сапраўды хаосу я цалкам дапускаю які-небудзь ваенны пераварот «імя Карпянкова», у якога проста акажацца больш за ўсё штыкоў.

І ў гэтай сітуацыі перспектывы дэмакратызацыі пасля Лукашэнкі адсунуцца яшчэ далей. Але сітуацыя можа развівацца і зусім па-іншаму — дапускае аналітык.

Паводле Салідарнасці, пераклад НЧ