Алег Волчак напісаў ліст кіраўніку МЗС

Кіраўнік зарэгстраванай ва Украіне арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву"  Алег Волчак 26 красавіка накіраваў ліст кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею з просьбай растлумачыць, чаму супрацоўнікі міліцыі перапісваюць пашпартныя звесткі ў наведвальнікаў пасольстваў ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі.



djkxtr1223445.jpg

Алег Волчак

"Некалькі разоў я наведваў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Рэспубліцы Беларусь, дзе штораз супрацоўнікі міліцыі абавязвалі мяне падаць мой пашпарт для ўнясення ў нейкі спіс. На мае патрабаванні растлумачыць, на якой падставе ўведзена такое абмежаванне, мне было сказана, што існуе інструкцыя МЗС, якая не дазваляе грамадзянам праходзіць у пасольства без паказу пашпарта. Акрамя таго што супрацоўнік міліцыі праглядае пашпарт, ён яшчэ запісвае ўсе звесткі ў нейкі спецыяльны спіс. Маё пытанне, куды гэты спіс потым пойдзе і хто ім будзе карыстацца, таксама засталося без адказу", — гаворыцца ў лісце.
"Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах, прывілеях і імунітэтах павінна спрыяць развіццю дружалюбных адносін паміж дзяржавамі, але ніяк не ствараць пэўныя перашкоды для дыпламатаў, якія маюць права свабодна выбіраць, з кім мець зносіны, каго запрашаць да сябе для гутаркі", — нагадвае Волчак.
 

На яго думку, фіксаванне міліцыянерамі наведвальнікаў і іх пашпартных звестак "з унясеннем у нейкі сакрэтны спіс, існаванне якога не ўрэгулявана заканадаўствам, можна тлумачыць як перашкоду выкананню дыпламатычным прадстаўніцтвам консульскіх функцый". Акрамя таго, нагадвае Волчак, няма нарматыўнага акта, які б абавязваў грамадзяніна Беларусі ўвесь час насіць пры сабе пашпарт, а пры наведванні пасольства замежнай дзяржавы паказваць яго супрацоўнікам міліцыі.
 

Волчак просіць кіраўніка МЗС паведаміць, на падставе якога закона ці інструкцыі МЗС супрацоўнікі міліцыі абавязаны правяраць пашпарт кожнага грамадзяніна, які ўваходзіць на тэрыторыю дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, а таксама якім нарматыўным актам устаноўлены спісы, у якія ўносяцца звесткі грамадзяніна пры наведванні пасольства, і хто мае доступ да гэтых спісаў.

Адказаць, якім нарматыўным актам усталяваны спісы, у які ўносяцца дадзеныя грамадзяніна пры наведванні дыпламатычнага прадстаўніцтва? У якім дзяржаўным органе ён захоўваецца? Хто мае да яго доступ?

А таксама просіць паведаміць, ці атрымана згода дыпламатычных прадстаўніцтваў на ўсталяванне стацыянарных пунктаў міліцыі блізу іх пасольстваў і консульскіх аддзелаў?