Актывістка Наталля Саматыя аштрафаваная за ўдзел у акцыі 19 верасня

Суд Маскоўскага раёна Мінску аштрафаваў актывістку Наталлю Саматыя на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга». Такое рашэнне 21 кастрычніка прыняў суддзя Віктар Казак.

Наталля Саматыя. Фота Радыё Свабода

Наталля Саматыя. Фота Радыё Свабода

Актывістку абвінавацілі ў тым, што яна 19 верасня з 19.00 да 20.00 удзельнічала ў пікеце на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску “з мэтай публічнага выказвання сваіх адносін да 25-ай гадавіны з дня прыдання “бел-чырвона-беламу” сцягу і гербу “Пагоня” статусу дзяржаўных сімвалаў. Пры гэтым яна трымала ў руцэ “бел-чырвона-белы” сцяг, выкрыквала лозунг “Жыве Беларусь”. Тым самым Наталля парушыла ўстаноўлены парадак правядзення пікетавання, прадугледжаны законам “Аб масавых мерапрыемствах”.
Па выніках судовага паседжання Наталля Саматыя прызнаная вінаватай у парушэнні ч. 3 арт. 23.34 КоАП (удзел у правядзенні несанкціянаванага масавага мерапремства паўторна цягам аднаго году пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне).  
“Я не прызнала сябе вінаватай. Пацвердзіла, што была на акцыі, бо з'яўляюся грамадзянкай Беларусі і жыхаркай Мінска, нарадзілася і вырасла тут і лічу законным знаходзіцца ў любым месцы”, — пракаментавала рашэнне суда Наталля Саматыя.
spring96.org