Адбыўся прэс-брыфiнг Святланы Ціханоўскай з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў

Палітык выступіла са зваротам да беларусаў у дзень гадавіны пратэстаў.

photo_2021_04_21_19_04_44.jpg

Ціханоўская: «Роўна год таму на выбарах прэзідэнта Беларусі я прыйшла на свой участак галасавання – і атрымала бюлетэнь з імем Святлана Ціханоўская. Без сумневу паставіла птушачку насупраць свайго імя, таму што насамрэч там былі напісаны імёны Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і ўсіх, хто мусіў стаць кандыдатам – але апынуўся пад пераследам ці ў турме.
Роўна год таму ў Беларусі ўпершыню за многія гады на розных выбарчых участках пачалі вывешваць сапраўдныя пратаколы. З дапамогай альтэрнатыўнага падліку ў «Голасе» народ змог даказаць: ужо ў першым туры 56 адсоткаў выбарнікаў прагаласавалі за перамены. І ўсё, што адбываецца з таго часу, паказвае: у свядомасці і ў сэрцах беларусаў гэтыя перамены ўжо адбыліся. Адзіны, хто гэтага не разумее, – чалавек, які прайграў выбары. Прайшоў год. Рэжым прайшоў шлях ад нелегітымнага да тэрарыстычнага.
Нягледзячы на гэта, народ супрацьстаіць яму кожны дзень. Беларусы ствараюць і падтрымліваюць грамадскія ініцыятывы, медыя і фонды салідарнасці, якія дапамагаюць пратэсту і рэпрэсаваным. Беларусы запусцілі «Рабочы Рух» і план «Перамога», каб узмацняць унутраны ціск – рыхтаваць агульны страйк і арганізаваныя акцыі непадпарадкавання. Беларусы засталіся непахіснымі ў сваіх мэтах: крызіс будзе вырашаны, калі ўсе зняволеныя па палітычных матывах выйдуць на свабоду і калі ў краіне адбудуцца новыя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным назіраннем.
Для гэтага мы ўжо падрыхтавалі праэкт Акту аб рэабілітацыі, па якому бязвінныя людзі цягам двух дзён змогуць выйсці з турмы. Мы распрацавалі рашэнне, як хутка і празрыста правесці новыя выбары і зрабіць гэта па законе. У нас ёсць праэкт праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, а таксама людзей і бізнесаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Цяпер мы разам з беларусамі рыхтуем праект Канстытуцыі, бо асноўны закон грамадства мае права пісаць толькі народ.
За гэты год у нас з'явілася мноства новых партнёраў. Нас падтрымала больш за 30 дзяржаў. Тэму Беларусі разглядаюць на Радзе Бяспекі ААН, АБСЕ гатовая быць пляцоўкай для дыялогу пра новыя выбары. У найбліжэйшы час мы чакаем ад ЗША, Вялікабрытаніі і Канады абвяшчэння скаардынаваных санкцый супраць рэжыму. У Сенаце і Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША зʼявіліся беларускія кокусы, краіны пашыраюць праграмы падтрымкі для грамадскай супольнасці. ЕС распрацаваў План дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека пачаў дакументацыю фактаў гвалту і катавання беларусаў. Гэта вельмі важна, бо зараз мы працуем, каб наблізіць міжнародны трыбунал па злачынствах рэжыму і правесці міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі.
Усё гэта робіцца магчымым, бо год таму беларусы ўнутры краіны і ў абсалютна розных пунктах планеты абʼядналіся дзеля агульнай мэты. І за гэты год беларусы абʼядналі вакол сябе цэлы свет. Мяне часта пытаюцца, калі б тады, стоячы на ўчастку для галасавання, я ведала, што ўсё адбудзецца менавіта так, што б я змяніла. Але ў гісторыі няма ўмоўнага ладу. Я ведаю, які выбар беларусы зрабілі год таму. Я таксама зрабіла гэты выбар і ўзяла на сябе адказнасць за яго. Таму колькі б часу і сіл ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі».