ААН падоўжыла мандат спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі

На 50-й сесіі Савета ААН па правах чалавека прынялі чарговую рэзалюцыю па Беларусі. Акрамя таго, мандат Спецыяльнага дакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын быў падоўжаны на год.

Анаіс Марын

Анаіс Марын


У прынятай рэзалюцыі сказана, што Савет рашуча асуджае пазбаўленне волі ў парушэнне правоў чалавека, абмежаванне права на свабоду меркаванняў і свабоднае іх выказванне, а таксама — на свабоду мірных сходаў. Занепакоеныя ў ААН і пытаннямі прымянення смяротнага пакарання, піша REFORM.by.

«Савет выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды прымянення смяротнага пакарання ва ўмовах, калі не выконваюцца гарантыі справядлівага судовага разбору», — сказана ў заяве.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 23 краіны, супраць — шэсць: Балівія, Кітай, Куба, Эрытрэя, Казахстан і Венесуэла. Яшчэ 18 краін устрымалася, сярод іх — Камерун, Індыя, Непал, Пакістан, Самалі, ААЭ і Узбекістан.

Савет па правах чалавека папрасіў Спецыяльнага дакладчыка працягваць сачыць за развіццём падзей у Беларусі і даваць рэкамендацыі, а таксама прадставіць даклад аб становішчы спраў у галіне правоў чалавека ў Беларусі на наступнай сесіі.