Завейная музыка беларускай дуды

У пятніцу, 8 снежня, пры поўным аншлагу прайшоў «Завейны канцэрт» Яраша Малішэўскага — аднаго з найбольш таленавітых выканаўцаў на беларускіх народных інструментах.

5_61_logo.jpg


Музыка выканаў творы беларускай даўніны і свае ўласныя творы. Гучала беларускай дуда і дудка, лера і акарына, нават экзатычны для нас варган — інструмент паўночных шаманаў. Некаторыя з інструментаў слухачы пачулі ў жывую ўпершыню.
Прасторная зала мінскай бібліятэкі імя Цёткі не ў стане была змясціць усіх жадаючых, што прыйшлі на канцэрт, які адбыўся пры поўным аншлагу. Яраш Малішэўскі з’яўляецца не толькі таленавітым выканаўцам і бардам, ён сапраўдны знаўца, аўтар першага ў краіне сістэматызаванага выдання для дзяцей пра народныя музычныя інструменты «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў» (у суаўтарстве з жонкай Аксанай Спрынчан).

4_58_logo.jpg


Канцэрт быў распачаты чароўнымі гукамі беларускай дуды, якая на Беларусі ўжо даўно паспяхова супернічае з шатландскай валынкай. Але, калі дуду ўдала выкарыстоўваюць нашыя фолк-гурты, то колавую леру пачуць і пабачыць відавоку — рэдкая і цікавая магчымасць. Хаця раней на нашых землях без гэтага інструмента не абыходзілася амаль ні воднае свята ці значная ў жыцці падзея — народзіны і пахаванні, хрэсьбіны і вяселлі. Працяглыя гукі дуды трапна спалучаліся з жаласлівымі песнямі музыкаў, якія гралі, вандруючы ад вёскі да вёскі. Песні былі разлічаны на тое, каб расчуліць слухачоў на тое, каб яны не пашкадавалі паболей грошыкаў вандроўным музыкам.

1_87_logo.jpg


Гралі музыкі-валацугі, як вядома, не толькі на дудзе, але і на дудцы, якая таксама гучала на канцэрце ў выкананні Малішэўскага. Інструмент не лёгкі, вагой і выглядам з добрую дубінку, з чаго выступоўца пажартаваў, што ў доўгіх падарожжах дарогамі Беларусі, музыкі маглі імі і адбівацца ад разбойнікаў у выпадку чаго, а не толькі граць.

2_74_logo.jpg


Найбольш экзатычным з інструментаў, які прагучаў на канцэрце, быў варган. Шаманы паўночных народаў ігрой на ім маглі ўводзіць людзей у транс. Многія са слухачоў былі таксама заварожаны мелодыяй гэтага незвычайнага інструмента, пабачыўшы і пачуўшы яго ў жывую ўпершыню. Гэтым інструментам на Беларусі дакладна валодаюць толькі адзінкі і таму пачуць і адчуць яго магію шанец больш чым рэдкі.

6_58_logo.jpg


Што да рэпертуару — з большага гэта была, адпаведна самім інструментам — музыка беларускага сярэднявечча. Яраш Малішэўскі сам па адукацыі гісторык, і гэтая тэма яму вельмі блізка. Аднак музыка гучала не толькі аўтэнтычная, але і ў апрацоўцы самога выканаўцы. Напрыклад, цікавая гісторыя адной з песні, якую апавёў бард. Падчас экспедыцыі пры даследаванні аднаго з касцёлаў на Аршаншчыне быў знойдзены запіс шляхціца XVII стагоддзя. Яраш паклаў словы на сваю музыку. Ён і сам паходзіць са шляхецкага роду Малішэўскіх і ў яго выкананні песня гучала асабліва натхнёна і рамантычна, нібы пагружаючы вас у тыя даўнія часы.

8_42_logo.jpg


Тэматыка песень была вельмі рознай — каханне і барацьба, фальклорныя матывы і міфалогія. Прагучалі і сучасныя песні як самога барда, так і на словы Людмілы Рублеўскай, Аксаны Спрынчан і інш.. Выканаў бард і некалькі песень, якія былі запісаны ў супрацоўніцтве з гітарыстам гурту NRM Пітам Паўлавым. Ствараць паэтычную і музычную атмасферу канцэрта дапамагалі паэты і музыкі Аксана Спрынчан, Людміла Шчэрба, Вадзім Клімовіч, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан. Напрыканцы бард прызнаўся, што плануе зрабіць асобны канцэрт на дудзе ці леры, а таксама ў планах — запіс асобнага музычнага альбома.