Заўтра беларуская дэлегацыя выязджае на Еўрабачанне ў Капенгаген
28 красавіка беларуская дэлегацыя выязджае на песенны конкурс у Данію. Сёлета ад Беларусі на Еўрабачанне едзе 23 чалавекі. Разам з Тэа на сцэне будуць выступаць бэк-вакалісты і танцоры. У творчую групу таксама ўвайшлі рэжысёр Тыне Матулесі (Швецыя), педагог па вакале Алекс Панаі (Кіпр), pr-менеджэр Кэтрын Локет (Вялікабрытанія), лекар-фаніятр Ігар Аднакозаў, стыліст Жанна Лявонава ды іншыя, паведамляе Еўрарадыё.
Ачоліць дэлегацыю намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў.
Тэа выканае на конкурсе песню Cheesecake і будзе выступаць дзясятым у другім паўфінале 8 траўня. На сцэну ён выйдзе ў класічнай тройцы і беласнежнай кашулі. Такі ж самы дрэс-код падтрымаюць іншыя ўдзельнікі нумару, а таксама ўся беларуская дэлегацыя, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Белтэлерадыёкампаніі.