Загадкавая смерць Юдаля Пэна
Знакаміты віцебскі мастак быў знойдзены мёртвым ва ўласнай кватэры 1 сакавіка 1937 года. Афіцыйная прычына смерці творцы даверу не выклікае.
Цудоўны партрэтыст, настаўнік беларускіх мастакоў і стваральнік першай яўрэйскай мастацкай школы — усё гэта пра Юдаля Пэна. Жыццё мастака было доўгім, але абарвалася падчас «Вялікага тэрору». Ніхто дагэтуль не ведае, хто забіў Пэна ў яго віцебскай кватэры больш за 90 гадоў таму.
«PALATNO» расказвае пра абставіны загадкавай смерці мастака.
Дзяцінства ў сінагозе, юнацтва ў мастацтве: як Юдаль Пэн стаў адным з вялікім
Халодная зімовая раніца ў Віцебску. Дзверы ў кватэру вядомага мастака Юдаля Пэна адчыненыя. Для Машы Самсонавай, якая павінна была гатаваць сняданак знакамітаму Пэну, гэта было дзіўным. Яна ведала, што мастак заўсёды зачыняў дзверы на ноч: не толькі ключамі, але яшчэ і ланцужком. Спужаная дзяўчына зайшла ў кватэру, а перад гэтым падняла ключы — яны проста былі ля дзвярэй. На падлозе кватэры ляжаў акрываўлены, ужо мёртвы, Юдаль Пэн.
Будучы мастак нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў 1854 годзе ў Ковенскай губерні —больш чым праз пяцьдзясят гадоў, як гэтая зямля перастала быць часткай Рэчы Паспалітай і стала Расійскай імперыяй. І за амаль дзесяць гадоў да паўстання Кастуся Каліноўскага.
Сям’я Пэна была небагатай, але вельмі рэлігійнай. Бацька быў рамеснікам і памёр, калі маленькаму Юдалю было ўсяго чатыры гады. Юдаль адвучыўся ў школе пры сінагозе — у гэты час памерла і яго маці.
Пасля школы хлопец, які ўжо тады надта любіў маляваць — нават нягледзячы на рэлігійныя забароны, — пераехаў у Дзвінск (цяпер гэта Даўгапілс, Латвія). Ён уладкаваўся маляром, а па-за сваёй малярскай працай працягнуў удасканальваць мастацкае майстэрства. У Дзвінску Юдаль канчаткова зразумеў, што звяжа сваю будучыню з мастацтвам. Аднак для яўрэя, які амаль не размаўляў па-руску, паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову ў часы Расійскай імперыі было не тое што складана, а амаль нерэальна.
У 1879-м годзе ён прыехаў у Санкт-Пецярбург у Імператарскую акадэмію мастацтва. Яго працы высока ацаніла камісія, але паступіць ён не змог: усё з-за таго, што не ведаў рускай мовы. Праз час ён усё-ткі паступіць у акадэмію і правучыцца там да 1886 года.
Пасля Пецярбурга Пэн вярнуўся ў Дзвінск, праз некаторы час перабраўся ў Віцебск. Там, у 1892 годзе адкрылася яго прыватная школа малявання і жывапісу. Школа Пэна была першай у Расійскай імперыі яўрэйскай мастацкай вучэльняй. Янаа працавала да 1918 года. У часы працы ў Віцебску Юдаль Пэн навучаў многіх мастакоў, у тым ліку і Марка Шагала. Праз гады Шагал успамінаў:
«Першы раз я даведаўся пра існаванне Пэна, калі ехаў калісьці на трамваі ўніз да Саборнай плошчы, і мне кінуўся ў вочы белы на сінім фоне надпіс: "Школа жывапісу Пэна". "Ого! — падумаў я. — Які культурны горад наш Віцебск!"».
У Віцебску Юдаль Пэн жыў у цэнтры горада — на скрыжаванні вуліц Гогалеўскай і Замкавай. На жаль, да нашага часу дом, у якім жыў Пэн, не захаваўся. Будынак быў каменным, часта ў пад’ездзе ночылі жабракі, а на гарышчы збіраліся беспрытульнікі. Кватэра Пэна была двухпакаёвай: у вялікім памяшканні ён працаваў — сцены былі завешаныя яго карцінамі, там жа ён займаўся са сваімі вучнямі. У маленькім памяшканні ён, уласна, і жыў. У быце мастак быў сціплым і аскетычным: у кватэры было мала мэблі, падлогу рэдка мылі.
Кастрычніцкі пераварот паўплываў на далейшае жыццё Пэна. Прыватную школу давялося закрыць, але яго былыя вучні дапамаглі ўладкавацца на новую працу — у мастацкую вучэльню ў Віцебску. У 1930-я гады, калі Юдалю было за семдзесят, вучняў у яго стала ў разы менш. Нягледзячы на гэта, у Пэна былі грошы: ён атрымліваў ганарары за напісанне партрэтаў і пенсію.
За некалькі гадоў да смерці мастак напісаў карціну «Аўтапартрэт з музай і смерцю»: на ёй Юдаль Пэн сядзеў паміж жыццём і смерцю, нібыта не вырашаўся прыняць чыйсьці бок.
Забойства і шмат версій
1 сакавіка 1937 года, у часы, калі ў Савецкім Саюзе быў разгорнуты «Вялікі тэрор», Юдаля Пэна знайшлі абкрываўленым ва ўласнай кватэры. На яго твары былі парэзы на шчацэ і скуле, рана — якая стала прычынай смерці — на шыі. Побач з целам Пэна ляжаў кухонны нож, але на сённяшні дзень эксперты ўпэўненыя, што гэта не ім забілі мастака. Верагодна, у якасці прылады забойства выкарысталі вострую заточку. Таксама верагодна, што забойца быў ляўшуном: пра гэта сведчыць напрамак раны — справа налева і зверху ўніз. Хутчэй за ўсё, злачынцаў было двое: першы аглушыў Пэна сякеркай, а другі дабіваў.
Вось так апісвалі месца злачынства ў спецыяльным паведамленні для НКУС і Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі: «Агляд месца здарэння: труп забітага Пэна ляжаў ля кушэткі на падлозе ў паліто, штанах, на нагах — чорныя гумовыя старыя чаравікі. На галаве і твары ляжала чырвоная ватная коўдра, падушкі. Усе падушкі — з кроплямі крыві. Пад трупам знойдзена маленькая сякера, уся ў крыві, а на кушэтцы — нож. На галаве — шэраг пашкоджанняў, перарэзана горла. Забойцы пакінулі сляды крыві на кіцелі і паліто, якія віселі ў шафе. У кухні на ракавіне таксама сляды крыві…».
Пра смерць Юдаля Пэна напісалі ў «Праўдзе» — гісторыя стала гучнай ва ўсёй краіне. Кампартыя вырашыла, што расследаванне трэба правесці за маленькі тэрмін і максімальна паспяхова. Справу даручылі пракуратуры і чэкістам, якія павінны былі знайсці забойцаў за пяць дзён.
Галоўнымі падазраванымі сталі сваякі Пэна — Файнштэйны. Нібыта яны хацела завалодаць спадчынай заможнага сваяка. Цяпер, як і амаль дзевяноста гадоў таму, у вінаватасць Файнштэйнаў ніхто не паверыў. Тады падлеткаў-пляменнікаў Пэна асудзілі на тэрміны ад двух да дзесяці гадоў турмы. Эксперты лічаць, што Файнштэйны сталі закладнікамі палітычнага становішча. Падчас следства яны прызналі сябе вінаватымі, але на судзе сказалі, што зрабілі гэта пад прымусам.
Ёсць іншая версія: Пэна забілі бандыты, якія атрымалі наводку на яго кватэру. Паводле яшчэ адной версіі, мастака забілі з-за таго, што ён намаляваў аголенай жонку аднаго з камісараў.
Версія, якую падтрымлівалі вучні Юдаля, звязаная з супрацоўнікамі НКУС. Сваячка Пэна Ганна Герштэйн расказвала, што яе сям’я гасціла ў мастака за год да яго забойства. У тыя часы Юдаль казаў, што хоча перадаць усе свае працы за мяжу і, магчыма, з’ехаць таксама. Таму гэта і магло стаць прычынай забойства.
Дагэтуль невядома дакладна, хто быў забойцам мастака і настаўніка іншых вядомых беларускіх творцаў. Для нашай гісторыі Юдаль Пэн — адзін з вялікіх мастакоў. Ён ашаламляльны партрэтыст, які фіксаваў рэчаіснасць, жыццё і быт яўрэяў Віцебска на рубяжы стагоддзяў. Большасць карцін Юдаля Пэна была страчаная падчас эвакуацыі ў гады Другой сусветнай вайны.