Загадка аднарога Паўла Сапегі

Усе мы ведаем Льва Сапегу як выдатнага палітычнага дзеяча эпохі Вялікага Княства Літоўскага, аднаго са стваральнікаў трэцяга Статута гэтай дзяржавы, бліскучага дыпламата і мецэната. 



partret1_420x643.jpg

Ён зацьміў сваёй асобай іншых прадстаўнікоў разгалінаванага роду Сапегаў, сярод якіх сустракаліся і іншыя цікавыя і неардынарныя людзі.

 

Адзін з іх — гэта, безумоўна, Павел Іванавіч Сапега, першы кіеўскі кашталян. Мы б хацелі засяродзіць увагу на адным загадкавым факце, які паказвае новыя бакі яго жыцця і матывацыі публічнай дзейнасці. З даўніх часоў Сапегі карысталіся гербам “Ліс”. Менавіта гэты звер маляваўся ў кляйноце герба (які змяшчаўся на яго версе). Адсюль паходзіць і назва. Але ў 1578 і 1580 гадах на адбітках пячатак, якія Павел Іванавіч Сапега паставіў на шэрагу актавых дакументаў, замест звыклага ліса раптоўна з’яўляецца міфічная істота аднарог. З якіх прычынаў ён перайначыў свой герб? Чаму быў абраны менавіта аднарог?

 

Загадка надзвычай цікавая, бо аднарог, папулярны у кніжнай і фальклорнай традыцыі заходняга Сярэднявечча, добра вядомы і ў нас, але зрэдку выкарыстоўваўся ў геральдыцы. Аднарог быў сімвалам са складаным значэннем. З аднаго боку, гэта сімвал ваеннай доблесці і рыцарскага ладу жыцця. Рог аднарога — гэта крыніца сілы, цвёрдасці, улады і магутнасці. Нездарма пасля захопу Полацка ў 1563 г. эмблема аднарога пачала выкарыстоўвацца Іванам Грозным на дзяржаўных пячатках Маскоўскага княства. Мы назіраем у суседняй дзяржаве сапраўдны ідэалагічны культ аднарога. Аднак да 1578 г., калі аднарога выкарыстаў Сапега, у Маскве гэтая істота з не да канца высветленых прычынаў знікае з дзяржаўнай эмблематыкі. З іншага боку, аднарог стала прысутнічае ў біблейскіх кнігах. У кнізе Апакаліпсісу аднарог уступае ў змаганне з увасабленнем зла — львом — і перамагае яго. У кнігах грэка-візантыйскага паходжання аднарог часта прыпадабняецца да Ісуса Хрыста. Наогул, у славянскай кніжнай традыцыі аднарог робіцца сімвалам Хрыста, знакам выратавання і адраджэння чалавечага роду.

 

Ведаючы гэтыя акалічнасці, мы можам наблізіцца да тлумачэння загадкавага герба Паўла Сапегі. Сваю кар’еру Павел Іванавіч, сын Івана Багданавіча, пачынаў у невялікім мястэчку-замку Любеч, што стаіць на Дняпры, непадалёк ад Кіева. У яго абавязкі як замкавага старосты перадусім уваходзіла арганізацыя абароны, камандаванне гарнізонам, забеспячэнне спакойнага жыцця жыхароў усёй навакольнай акругі. Ад гаспадара Жыгімонта Аўгуста ў 1562 г. ён атрымаў прывілей на ўсе прыбыткі з мясцовага староства. Узамен ён павінен быў трымаць за свой кошт гарнізон у складзе 80 вершнікаў. Зразумела, Сапега быў матэрыяльна зацікаўлены ў такім падыходзе да справы. Аднак адказнасць і самаахвярнасць, якія праяўляў любецкі староста ў абарончых мерапрыемствах, проста ўражвае. Вядомы дакумент ад 1576 г., дзе ён сцвярджае, што ўжо 11 гадоў трымае за ўласны кошт у Любечы роту колькасцю 100 драбаў (пехацінцаў). Толькі за час бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта Аўгуста Павел Сапега, каб не агаліць мяжу ў небяспечных умовах супрацьстаяння з Маскоўскай дзяржавай, выдаткаваў на патрэбы абароны больш за 20 тысяч коп літоўскіх грошаў. Сума проста неверагодная! Гаспадарскі скарб сплачваў гэтыя грошы яшчэ ў пачатку XVII ст. нашчадку Паўла — сыну Яну Пятру, таксама выдатнаму рыцару і жаўнеру..

budzma.by__wp_content_uplo_d0337f1d5187e9e70c5b8a32652f8271.jpeg

Павел Іванавіч здолеў паказаць сябе выдатным военачальнікам. Ён ніколі не адседжваўся ў крэпасці, імкнучыся ў зручныя моманты нанесці непрыяцелю балючыя ўдары. Нават у канцы свайго жыцця — у 1579 г. — ён адзначыўся разам з кіеўскім ваяводам Васілём-Канстанцінам Астрожскім рэйдам пад Чарнігаў. Актыўная ваенная дзейнасць Сапегі звярнула ўвагу вялікага князя літоўскага, які ў 1566 г. намінаваў яго на новаствораны ўрад кіеўскага кашталяна, тым самым адзначыўшы яго заслугі перад краінай. Павел Сапега стаў сенатарам Рэчы Паспалітай. Але ў далейшым палітычная кар’ера Сапегі спынілася. Мяркуем, што так сталася праз тое, што яму былі чужыя дворскія інтрыгі і тонкія палітычныя камбінацыі. Ён быў чалавекам перадусім ваеннай справы і рыцарскага гонару, а часы так змяніліся, што гэтыя якасці часта рабіліся непатрэбнымі і незапатрабаванымі.

budzma.by__wp_content_uplo_39c8e14be768dad4aade6ee78130c9e0.jpeg

З’яўленне аднарога на гербе ў самым пачатку знакамітых ваенных выправаў новага караля Стэфана Баторыя супраць Масквы мусіла засведчыць рыцарскую сутнасць жыцця і дзейнасці Паўла Сапегі, надаць яму выгляд адважнага і непераможнага ваяра — абаронцы Айчыны. Інспірацыяй для выбару менавіта аднарога маглі паслужыць біблейскія матывы, усведамленне рацыі сваёй справядлівай барацьбы за дабро і чысціню веры. І гэта яшчэ адзін цікавы феномен — як праваслаўны рыцар, які бароніць Вялікае Княства Літоўскае, змагаецца з аднаверным праціўнікам, які ўвасабляе сваімі ўчынкамі цемру і зло. Так трактавалася Маскоўскае княства. І, безумоўна, узяўшы для герба аднарога, у канцы жыцця Павел Сапега задавольваў свае амбіцыі як сенатар і ўраднік, бо кар’ера яго з 1566 г. не прасунулася далей па іерархічнай лесвіцы.

Гэты маленькі выпадак паказвае, як жыва выкарыстоўваліся розныя сімвалічныя канструкцыі для ўласнага праслаўлення і засведчання ўласных заслуг. Такая маленькая кропля, як адбітак пячаткі, можа шмат расказаць аб невядомых баках жыцця нашых продкаў, якія мы наўрад ці б здолелі вычытаць у звычайных пісьмовых крыніцах.

 

Андрэй Янушкевіч, budzma.by