Выстава сучаснага ткацтва адкрылася ў Гомелі (фота)
У гамельчукоў з’явілася цудоўная магчымасць пабачыць, як змянілася ткацтва з часоў нашых бабуль, і ацаніць, як развіваецца яно зараз. Выстава «Вось такі пераплёт…» адкрылася ў гомельскай галерэі Вашчанкі.
Сучасныя палотны
хоць і адрозніваюцца ад аўтэнтычных рушнікоў, але таксама нясуць у сабе пэўны
сэнс і нават цэлыя гісторыі ды перажыванні мастачкі Таццяны Макляцовай:
“Яны прыходзяць ад настрою, ад эмоцыяў. Такая жыццёвая мітусня. Вось, напрыклад, габелен “Круги бытия” — праблема. Гэткія адтуліны ў жыцці. А гэта “Шлях”— “ай, зараз напляту!”. Захацелася вясны. Усё ідзе ад эмоцыяў, не ад кампазіцыі. Колер ідзе ад эмоцыі, а потым ужо кампазіцыя.
Робяцца такія габелены ўручную як на тых жа станках, на якіх ткалі нашыя бабулі, так і на зусім нечаканых асновах, накшталт сінтэтычнай сеткі для штукатуркі. Часткова змяніліся і матэрыялы: у ход ідуць не толькі натуральныя лён і воўна, а яшчэ і фасонная пража ды нават поліэтылен:
“Што засталося некранутым з тых часоў, дык гэта адчуванне цеплыні. Канешне, у сённяшні тэкстыль можна ўплесці і штучную нітку, і дрэва, і дрот, але цеплыня і душа — неад’емныя складнікі ручнога ткацтва.Калі рабіць такую працу на аўтаматызаваным станку — не атрымаецца такой цеплыні. Гэта будзе класічны габелен, не больш, — распавядае мастачка. — Вялікія габелены месяцы па тры ствараюцца. Можна зрабіць і за месяц, і за два тыдні, калі ёсць вольны час”.
"Кругі быцця"
Сучасных мастакоў-ткачоў не так шмат, бо гэты від мастацтва патрабуе не толькі выключных уменняў, трываласці і ўседлівасці, але і вялікіх выдаткаў на матэрыялы ды майстэрню:
“У маёй мамы дзвухпакаёвая кватэра, і там у адным пакоі яна жыве, у другім захоўваюцца творы, бо 2,5 мільёны за майстэрню — гэта нерэальна. Нічога не прадаецца, таму складана акупіць кошт арэнды. Нават калі за ацяпленне арэндадаўцы робяць нейкія зніжкі, то гэта ўсё адно дорага. Саюз дызайнераў спрабуе нешта вытрасаць для нас, выцягваць, але апошнім часам з гэтым усё складаней. Цяпер часам з’язджаюцца разам па 2–3 мастакі разам, а ўзятыя майстэрні аддаюць назад, бо пацягнуць гэта складана”.
"Шлях"
У гамельчукоў ды гасцей горада атрымаць асалоду ад сучаснага ткацтва атрымаецца да 1 мая.