«Вольны хор», Лявон Вольскі і «Вольны аркестр» пераспявалі легендарную песню «Зямля» гурта «Мроя» (відэа)
Легендарная песня гурта «Мроя» займела новае гучанне. «Вольны хор» сумесна з Лявонам Вольскім і «Вольным аркестрам» прэзентавалі кліп на песню «Зямля».
Кліп «Зямля» — першы з серыі сумесных відэапрац грамадскай кампаніі «Годна» і «Вольнага хору», у якіх культавыя песні легендарных беларускіх музыкаў і сучасных папулярных гуртоў загучаць у выкананні хору з аркестрам.
Рэжысёр Андрэй Грынько адзначыў: «"Зямля" — легендарная песня Лявона Вольскага, гурта "Мроя", якая зараз цудоўна выкананая "Вольным хорам". Усе тыя ўспаміны, як і думкі, якія сёлета, а мабыць і заўсёды, былі блізкія да нашай зямлі, да нашага краю. Яны з’яўляюцца нібыта міражы, калі гучыць гэтая песня. Вялікая гісторыя і падзеі ператвараюцца ў звычайную стужку, на якую свеціць прамень кінапраектара. Памяць паступова знікае ў вялізарнай прасторы часу. Нічога не застанецца, аніводнага кавалка. Напэўна, толькі ЗЯМЛЯ можа захаваць столькі болю, крыві, надзеі і веры. Усё знікне — а яна застанецца».
Песня, напісаная гуртом «Мроя» ў 1989 годзе, выйшла на альбоме «Дваццаць восьмая зорка» ў 1990 годзе.
Аўтар музыкі і слоў — гурт «Мроя», Лявон Вольскі. Апрацоўка — «Вольны хор».
Наступныя прэм'еры будуць разам са Змітром Вайцюшкевічам і гуртом «Дай дарогу!».