Вярхоўны суд Расіі ліквідаваў Міжнародную канфедэрацыю Саюзаў мастакоў
Адно з самых скандальных рашэнне за апошнія гады вынес Вярхоўны суд РФ. 12 ліпеня была ліквідавана Міжнародная канфедэрацыя Саюза мастакоў.
Паводле рашэння суда, дзяржаве мусяць адысці калекцыя з 50 000 твораў мастацтва (з іх — 4 500 палотнаў лепшых мастакоў былога СССР і новых незалежных дзяржаў), знакаміты Цэнтральны дом мастака на Крымскім вале ў цэнтры Масквы (10 000 кв.м. выставачных плошчаў), Падольскі камбінат мастацкіх вырабаў і яшчэ некалькі прывабных аб’ектаў нерухомасці.
Той, хто глядзеў фільм Аляксея Навальнага «Ён вам не Дзімон», усё
зразумее правільна: для процьмы палацаў, што набудавала сабе кіроўная эліта
Расіі, пажадана атрымаць бясплатныя творы мастацтва: для ўпрыгажэння. Ды і
зямелька ў «салодкіх» месцах таксама прыдасца. Між тым абсалютна афіцыйна
аформленае майно былога Саюзу мастакоў СССР з пачатку 1991 г. калектыўна
належыць саюзам мастакоў 12 былых рэспублік СССР (і кааптавана — СМ
Прыбалтыйскіх краін), якія і зараз сплочваюць складкі і ахвяруюць у калекцыю
МКСМ работы сваіх найлепшых творцаў. У адказ гэта дае магчымасць усім
удзельнічаць у парадку 30 выставак і праектаў у Маскве штогод («Арт — Масква», «Арх — Масква», «Антыкварны салон», у Цэнтральным Доме мастака — у «Маскоўскіх міжнародных мастацкіх салонах» ды
інш.).
У сваю чаргу, МКСМ выдзяляе творы з калектыўнай калекцыі і сродкі на выставы ў астатніх краінах, чые саюзы
ўваходзяць у МКСМ. Можна сказаць тут назіраецца найбольш справядлівы ўзор “разводу”
і новага “шлюбу” былой агульнасаюзнай установы пасля распаду СССР.
Аднак не ўсё так проста. Дзеля падтрымкі
статутнай дзейнасці частку майна (у тым жа ЦДМ) арганізацыя здавала ў арэнду — «Альфа-банку»,
ТАА «Арт-Палітра», ДНК «Медыа», некаторым салонам і кавярням. Паколькі ў
Статуце МКСМ першапачаткова не было запісу пра камерцыйную дзейнасць (хай сабе
і для ажыццяўлення статутных мэтаў), арганізацыі — пасля заўвагі з боку Мінюста
РФ — давялося выправіць недарэчнасць. Але самыя густыя хмары сабраліся пасля
таго, калі (хаця і пасля ўзгаднення з Мінкультам РФ) тры гады таму МКСМ прадаў
на аўкцыёне Сотбіс у Лондане тры работы класікаў савецкага жывапісу — Георгія
Ніскага, Юрыя Піменава і Аляксандра Дайнекі. За 2,5 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
Натуральна, заплаціўшы 700 000 той самай валюты ў якасці падаткаў у бюджэт РФ. Мала! Тут і пачаліся “праверкі з асаблівай увагай”, якія выявілі больш парушэнняў у дзейнасці Мінкульта, чым МКСМ. Але рыкашэт ударыў найперш па МКСМ, прывёўшы да вышэйзгаданага выніку.
«На гэтым мы не спынімся», — сказаў старшыня
СМ Беларусі Рыгор Сітніца, які 14 ліпеня вярнуўся з судовага паседжання ў
Маскве, — «Нашаму саюзу належыць афіцыйна 11% майна МКСМ. У тым ліку работы
Міхаіла Савіцкага, Васіля Шаранговіча, Гаўрыілы Вашчанкі, іншых выдатных
творцаў. Альбо мы даможамся адмены судовага рашэння, альбо вернем тое, на што
маем права, на радзіму».
Таго ж пункту гледжання прытрымліваецца і Валянцін Сідараў, Прэзідэнт МКСМ. Будзем сачыць за развіццём падзей у скандальнай справе. Тым, хто пажадае прасачыць за дэталямі, раім паглядзець спецыяльны сюжэт, нядаўна (яшчэ да суда), паказаны на беларускім тэлеканале АНТ.