Вядучыя брытанскія СМІ адгукнуліся на прэм’еру оперы «Дзікае паляванне караля Стаха»

Опера «неверагодна амбіцыйная, падкрэслена правакацыйная і натхняльна творчая». Больш водгукаў сабрала «Радыё Свабода». 

Афіша «Дзікага паляваньне караля Стаха»

Афіша «Дзікага паляваньне караля Стаха»

На сцэне лёнданскага тэатра Barbican адбылася найбуйнейшая беларуская тэатральная прэм'ера сёлетняга году — опэра «Дзікае паляваньне караля Стаха» Беларускага свабоднага тэатра ў пастаноўцы Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды. Водгукі на пастаноўку апублікавалі вядучыя брытанскія СМІ. 

The Reviews Hub 

Крытык Адам Стывэнсан называе раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха», на сюжэце якога заснаваная опэра, «гатычным». Ён зьвяртае ўвагу на тое, што трупа Беларускага свабоднага тэатра падвяргалася перасьледу ў сябе на радзіме. І называе «непрымірымую» беларускамоўную пастаноўку «найвялікшай палітычнай заявай» – бо выкарыстаньне беларускай мовы ў Беларусі абмяжоўваецца Аляксандрам Лукашэнкам. 

У цэлым Адам Стывенсан называе «Дзікае паляваньне караля Стаха» амбіцыйнай і ўнікальнай опэрай зь яркімі візуальнымі эфэктамі, з атмасфэрай, якая выклікае роздумы, аднак багацьце якіх часам перагружае гісторыю. 

Time Out 

Тэатральны крытык Анджэй Лукоўскі музыку Вольгі Падгайскай лічыць «абсалютна фэнамэнальнай», а візуальнае афармленьне ад відэадызайнэра Дзьмітрыя Гука неверагодным. 

Аднак, на думку крытыка, лібрэта Андрэя Хадановіча шалёна скача, рэзка ўкідваючы ў апавяданьне новых пэрсанажаў і раптоўна пашыраючы маштаб дзеяньня далёка за межы першапачатковага замка ў балотах. Яшчэ больш цяжкасьцяў для гледача, які не валодае беларускай мовай, дадае туман, які пастаянна клубіцца па сцэне і перакрывае англамоўныя субтытры. 

Зрэшты, на думку крытыка, такое тэхнічна складанае шоу працавала неверагодна добра і пасьля дапрацовак яно цалкам можа стаць яшчэ лепшым, таму што «зь яго зачараваных праходаў спрабуе выбрацца нешта сапраўды экстраардынарнае». 

The Guardian 

«Пастаноўкі Беларускага Свабоднага тэатра, трупы, народжанай у падпольлі, звычайна абʼядноўвае павышэньне палітычнай сьвядомасьці з экспэрымэнтальнай аповесьцю, напоўненай эрудыцыяй. 

Казкі, вядома, ужо даўно маюць магутны палітычны падтэкст, і гэтая пастаноўка, адаптаваная Мікалаем Халезіным, які таксама зьяўляецца адным з рэжысэраў разам з Натальляй Калядай, дакладна нясе ў сабе водгульле нашых дзён зь іх бунтамі, паўстаньнямі і ілжывымі мітамі, якія падтрымліваюцца карумпаванымі ўладамі. 

Сюжэт. Заснаваная на рамане Ўладзіміра Караткевіча 1964 году, опэра мае клясычную структуру зборніка апавяданьняў: дзеяньне адбываецца ў XIX стагодзьдзі і гісторыя расказаная ад імя пажылога беларускага этнографа Андрэя (Андрэй Бандарэнка). Ён распавядае пра сваю юнацкую сустрэчу з Надзяй (Тамара Калінкіна), жанчынай высакароднага паходжаньня, якая трапіла ў пастку сямейнага праклёну. Ён быў закладзены некалькі пакаленьняў таму каралём Стахам, які разам са сваімі людзьмі быў ашуканы сваім продкам, які прымусіў яго выпіць атруту, і цяпер усе яны блукаюць па зямлі прывідамі. 

Характэрна, што ў шоу бяруць удзел як беларускія выканаўцы, так і ўкраінскія артысты, у першую чаргу Андрэй Бандарэнка і вядучае сапрана Тамара Калінкіна, абодва валодаюць магутным вакалам і непаўторнай манэрай трымацца на сцэне. 

Аднак опэра ня мае той жа палітычнай подбіўкі, што апошняя праца тэатра «Сабакі Эўропы», у якой таксама выкарыстоўваліся казачныя вобразы, але якая ўяўляла сабой значна больш уцямны камэнтар да вайны і дыктатуры. «Кароль Стах» – гэта пераважна гісторыя пра дом з прывідамі – жудасная, атмасфэрная і бездакорна перанесеная на сцэну пад чароўную музыку (напісаную Вольгай Падгайскай на лібрэта Андрэя Хадановіча)». 

Opera Today 

«Паралелі зь сёньняшнім днём відавочныя. Гісторыя Караткевіча адначасова містычная і сучасная, гістарычная і жывая. Як кажа дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Натальля Каляда: «Дзікае паляваньне нагадвае нам, што мінулае не памерла, яно сёньня тут, у Эўропе, і мы павінны зрабіць усё, што ў нашых калектыўных сілах, каб спыніць яго». Акрамя таго, яна тлумачыць, што яны ня толькі надалі гісторыі «новы тон, абʼяднаўшы опэрных сьпевакоў з акторамі тэатра, клясычных музыкантаў з новымі тэатральнымі тэхналёгіямі», але і імкнуліся абʼяднаць артыстаў зь Беларусі і Ўкраіны, якія, вымушаныя ўцякаць ад тыраніі, перасьледу і вайны, ня могуць сёньня выступаць на сваёй радзіме. Да сямі актораў пастаяннай трупы Беларускага свабоднага тэатру, якія выгнаныя са сваёй беларускай радзімы і цяпер жывуць у Польшчы і Вялікабрытаніі, далучыліся пяць опэрных сьпевакоў з Украіны, а таксама сем клясычных музыкаў. 

«Дзікае паляваньне» неверагодна амбіцыйнае, падкрэсьлена правакацыйнае і натхняльна творчае. Часам нават занадта. 

«Дзікае паляваньне караля Стаха» – гэта палітычная заява, якая дэманструе салідарнасьць паміж беларусамі і ўкраінцамі, якіх абʼядноўвае поўнае асуджэньне вайны ва Ўкраіне. На заслоне былі злучаныя сьцягі дзьвюх краін. Гледачам былі ўручаныя паштоўкі і папяровыя самалёцікі, упрыгожаныя малюнкамі дзяцей, якія пацярпелі ад цяперашняй сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне. 

Але гэта таксама надзіва багатае мастацтва. У заключнай прамове Натальля Каляда заклікала нас захоўваць надзею. Беларусь жывая, пакуль жыве мова ў песьнях».