У Нясвіжы асвяцілі закінутую капліцу XVIII стагоддзя

У Нясвіжы 9 лютага мітрапаліт мінска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на тэрыторыі былога палаца Радзівілаў асвяціў каталіцкую капліцу Маці Божай Ларэтанскай, апошняя імша ў якой служылася ў 1939 годзе.



j11ovy_w465h262.jpg

Капліца была ўпершыню асвечана ў 1758 годзе, аднак у 1812 годзе з-за ўдзелу ўладальніка Нясвіжа Дамініка Радзівіла ў вайне супраць Расіі на баку Напалеона расійскія ўлады канфіскавалі замак, а ў памяшканні капліцы размясцілі сталярную майстэрню. У 1878 годзе капліца была адноўлена, але ўжо пасля Другой сусветнай вайны ў Палацы Радзівілаў размяшчаўся санаторый, а на месцы капліцы — лячэбныя памяшкання, перадае Catholic.by.
Капліца набыла першапачатковы выгляд толькі ў 2011 годзе, пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ. Яе выгляд аднаўляўся па фатаграфіях канца XIX — пачатку XX стагоддзя. У капліцы захоўваецца копія абраза Маці Божай Ларэтанскай. Хоць капліца знаходзіцца на тэрыторыі музея, у ёй будуць час ад часу праводзіцца набажэнствы.
"Таму, калі будзем наведваць гэты замак, наведаем таксама і гэтую капліцу, звернемся да Марыі, бо Яна, як наша духоўная Маці, не пакіне нас адных, уратуе ад духоўнай турбулентнасці сучаснасці і прывядзе да свайго Сына Ісусу Хрысту — адзінага Збавіцеля свету", — сказаў мітрапаліт.
У сваю чаргу Мацей Радзівіл, які прыбыў на асвячэнне капліцы з Польшчы, прызнаўся, што для яго капліца як месца сустрэчы з Богам з'яўляецца найпрыгажэйшай часткай музея-запаведніка "Нясвіж". Ён заявіў, што асвячэнне капліцы мае вельмі вялікае і гістарычнае значэнне не толькі для роду Радзівілаў, але і для ўсёй Беларусі.

telegraf.by