У арт-холе тэатра драматургіі надышоў «Час магнатаў» (фота)

Вечарам 20 студзеня ў Мінску, у арт-холе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адкрылася выстава юных мастакоў і іх настаўнікаў «Час магнатаў». 



У экспазіцыі, створанай разам з мастацкай галерэяй «Універсітэт культуры», дэманструюцца 40 твораў жывапісу, графікі і скульптуры лепшых навучэнцаў і выкладчыкаў Гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.

Выстава — вынік праграмы моладзевага грамадскага аб'яднання «Азбука прадпрымальніцтва». Экспазіцыя падрыхтавана разам з грамадскім аб'яднаннем «Аффабулацыёне» (Рым, Італія) і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў (Мінск, Беларусь) у межах праекту «Голас культуры» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза дзеля грамадскага дыялогу ў сферы культуры праз творчае асэнсаванне беларускай самабытнасці, захаванне, трансляцыю і інтэграцыю нацыянальных звычаяў і традыцый у сучасным мастацтве.

Навучэнцы і іх настаўнікі прадставілі працы, якія адлюстроўваюць беларускую старасвеччыну XV–XVIII стагоддзяў — велічны перыяд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, час найбольш яркага росквіту нацыянальнай культуры.

Унікальныя аўтарскія творы мастацтва ў розных тэхніках, аформленыя ў цэласную экспазіцыю, створаны на аснове сабранага матэрыялу падчас даследчай працы па вывучэнні багатага іканаграфічнага матэрыялу, помнікаў архітэктуры, нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

Куратар выставы, скульптар Іван Арцімовіч зазначыў, што найбольш цікавым для яго ў працэсе падрыхтоўкі выставы было супаставіць сваё ўяўленне пра тых ці іншых знакавых асобаў айчыннай гісторыі з поглядам юных мастакоў.

Дырэктар Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі звярнуў увагу на тое, што выстава адлюстроўвае імкненне тэатра пашыраць супрацоўніцтва з мастакамі. Бо кожны вечар прыкладна 200 наведнікаў тэатральных спектакляў змогуць пазнаёміцца з мастацкай экспазіцыяй, сказаў Уладзімір Карачэўскі. Паводле ягоных словаў, тэатр мае намер падпісаць дамовы аб супрацоўніцтве з Беларускімі дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, а таксама з Гімназіяй-каледжам мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.

Выстава працуе да 20 лютага.