У Мінску пакажуць «Радзіва Прудок» ад украінскага рэжысёра

29 красавіка ў культурным цэнтры «Корпус» (пр. Машэрава, 9 к. 8) адбудзецца паказ спектакля «Гэтамы» па кнізе Андрэя Горвата «Радзіва Прудок». Новую пастаноўку здзейсніў украінскі рэжысёр, мастацкі кіраўнік Кіеўскага тэатра на левым беразе Дняпра Стас Жыркоў.

horvat_hetamy_photo02.jpg


«Радзіва Прудок» Андрэя Горвата — адзін з галоўных беларускіх літаратурных бестсэлераў апошніх гадоў. Ён распавядае пра самаго аўтара, які калісьці працаваў у Мінску, але расчараваўся ў сталічным жыцці і пераехаў на палескую вёску Прудок, каб аднавіць дом свайго дзеда, вярнуцца да сваіх каранёў.
Праца над спектаклем «Гэтамы» распачалася ўвосень 2018-га на майстар-класе ў межах Міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене, арганізаванай саюзам моладзі ў Германіі JunOste.V.
У спектаклі занятыя беларускія акторы Андрэй Новік, Дар’я Новік, Зміцер Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Бойдак, Антон Жукаў, Ілля Ясінскі.


Беларуская прем’ера спектакля «Гэтамы» адбылася напрыканцы сакавіка на фестывалі «Март кантакт» у Магілёве. Тады ж адбыўся першы паказ «для сваіх» у Мінску, які быў прададзены ў аншлаг па сутнасці без рэкламы. Цяпер будзе адразу два паказы ў адзін дзень — у 18:00 і 20:30.
Працягласць — 1 час без антракту.
naviny.by