У даганялкі з аўтсайдарам: «савок», расійская папса і «Еўрабачанне»
Культурны фронт у Беларусі (той, які бачна па тэлевізары), спрабуе задаволіць «галасамі з места» свайго адзінага слухача і гледача, які цешыцца «Славянскім базарам». Колькі яшчэ часу ў іх у запасе?
Песенны конкурс «Еўрабачанне» з'явіўся ў 1956 г., калі быў створаны Еўрапейскі радыёвяшчальны саюз. Мэта гэтага конкурсу была сумленная і адкрытая — аб'яднанне еўрапейскіх краін пасля Другой сусветнай вайны. Мерапрыемства арганізуецца адзін раз на год, кожную краіну прадстаўляе адзін удзельнік з песняй працягласцю не больш за тры хвіліны. Кожная краіна выстаўляе балы ўдзельнікам, такім чынам вызначаецца пераможца, і ў наступным годзе конкурс праходзіць у краіне, якая перамагла. Любыя палітычныя выказванні ў рамках конкурсу не толькі не вітаюцца, але і пагражаюць дыскваліфікацыяй.
Але людзі засталіся ранейшымі, як і аўтакратыі ў некалькіх еўрапейскіх краінах, што не магло не адбівацца на выніках конкурсу, піша Арцём Вінаградаў для партала «Наше мнение».
Палітычны аспект выяўляўся і праз так званую «палітыку цела» (практыкі, палітыка і тэндэнцыі, якія рэгулююць усё, што звязана з чалавечым целам; яна рэгулюе тое, у якой ступені і якім чынам людзі могуць кантраляваць сваё цела і як на гэта ўплываюць грамадскія ролі, нормы і правілы, уключаючы гендарныя ролі), і праз знешнюю палітыку.
Прывядзём некалькі прыкладаў:
1964 г. — конкурс праходзіў у Даніі, у ім таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Іспаніі і Партугаліі, гэта выклікала бурную негатыўную рэакцыю з боку ўдзельнікаў і прыхільнікаў. Нагадаем, што ў тыя гады ў Іспаніі ўсё яшчэ дзейнічаў рэжым Франка, а ў Партугаліі — рэжым Салазара.
1968 г. — удзельніца ад Іспаніі атрымала перамогу ў конкурсе. Аднак потым стала вядома, што Франка падкупіў суддзяў па ўсёй Еўропе. Гэта, бадай, самы яскравы прыклад умяшання па прынцыпе «магу і зраблю, хто ж мне перашкодзіць».
1969 г. — Аўстрыя адмовілася ўдзельнічаць у конкурсе, бо не хацела адпраўляць свайго ўдзельніка ў Іспанію (як вядома, Франка памёр толькі ў 1975 годзе).
1974 г. — конкурс прайшоў 6 красавіка. Удзельніца з Партугаліі выступіла там з песняй «Е depois do adeus», якая менш чым праз месяц (да 24 красавіка) стала сімвалам і заклікам да ажыццяўлення ваеннага перавароту левага толку ў краіне. Кампазіцыю паставілі на радыё, і гэта стала сігналам для членаў падпольнай арганізацыі «Рух капітанаў» і пачаткам актыўнай фазы «Рэвалюцыі гваздзік».
1974 г. — у гэтым годзе ў Італіі павінен быў адбыцца важны рэферэндум аб вырашэнні пытання з дазволам разводаў. Італьянскае тэлебачанне адмовілася трансляваць конкурс, таму што выканаўца — Джыльёла Чынквеці — спявала песню пад назвай «Si» (перакладаецца як «Так»). Урад баяўся, што гэтая песня можа аказаць уплыў на волевыяўленне грамадзян.
1975 г. — Турцыя не адправіла свайго канкурсанта на «Еўрабачанне», бо там прымаў удзел прадстаўнік Ізраіля.
1978 г. — тэлеправайдары краін арабскага свету пусцілі рэкламу падчас выступу канкурсанта з Ізраіля, які, дарэчы, перамог у конкурсе. Зрэшты, іранская тэлекампанія «прысудзіла» перамогу бельгійцам, злёгку перапісаўшы гісторыю.
1979 г. — Германію на конкурсе, які праходзіў у Ізраілі, прадстаўляў гурт «Чынгісхан». Здарыўся тролінг. Шмат каму не спадабалася назва гурта, якая як быццам усхваляе імя тырана.
І гэта толькі некаторыя выпадкі, якія мелі месца задоўга да сённяшніх падзей.
І, як вы, думаю, заўважылі, праблемы палітызаванасці «Еўрабачання» выходзяць далёка за рамкі ўдзелу аўтакратый.
З важных прыкладаў ужо ў наш час варта адзначыць перамогу Ізраіля на конкурсе ў 1998-м і перамогу Украіны ў 2022-м:
У 1998 г. Ізраіль на «Еўрабачанні» прадстаўляла Dana International, яна ж і перамагла, з песняй «Diva». Яна была першым трансгендарным выканаўцам, які атрымаў перамогу ў конкурсе. Яна прайшла нацыянальны адбор у 1997 г., і гэта не выклікала ні ў каго ў ізраільскім грамадстве (якое больш чым рэлігійнае) ніякіх праблем і пытанняў. Яе перамога дазволіла ў чарговы раз падняць пытанне аб іншасці і раўнапраўі ўсіх членаў грамадства.
У 2022 годзе перамогу атрымала Украіна, і гэта паказала ступень згуртаванасці ўсіх еўрапейскіх краін супраць агрэсіўнай вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны. Гэта значыць, зноў жа, чыстая палітыка.
У конкурсе можа перамагчы любы выканаўца, не толькі па прыкмеце іншасці, а хутчэй па прынцыпе добра зробленай музыкі і харэаграфіі, якая будзе ўздзейнічаць на слухача, прыкоўваючы яго ўвагу і выклікаючы спектр станоўчых эмоцый, эмпатыю і добры настрой.
Нягледзячы на відавочную палітызаванасць «Еўрабачання», можна зрабіць выснову, што адной з асноўных яго каштоўнасцей з'яўляецца незалежнасць ад інстытутаў — у першую чаргу інстытутаў улады. Пра якасць музыкі можна разважаць доўга, аднак з першых крокаў у такіх разважаннях варта ўлічваць, што «Еўрабачанне» — гэта эстрада, а яна бывае жахлівай — прырода ў яе такая. Значна важней (і зразумелая справа, большасць песень праз месяц ужо ніхто не ўспомніць), што «Еўрабачанне» стварае нейкую ўмоўнае прастору бяспекі, у маштабе якой чалавек вольны праяўляць сябе любымі спосабамі, роўна так, як яму неабходна. Тая самая іншасць, у якой абвінавачваюць конкурс нашы дамарослыя аўтакраты — гэта відавочная каштоўнасць і адназначнае права.
Беларусь прымала ўдзел у конкурсе 17 разоў-з 2004 па 2021 гады. Найлепшым вынікам было шостае месца ў фінале 2007 года, калі ад Беларусі на Еўрабачанне ездзіў Дзмітрый Калдун з песняй «Work your мagic». У фінал за ўсе гады ўдзелу прайшлі толькі 6 беларускіх выканаўцаў. Найгоршым вынікам была дыскваліфікацыя ў 2021 годзе, але да гэтага мы яшчэ вернемся.
А цяпер давайце згадаем хаця б некалькі папулярных беларускіх выканаўцаў, менавіта ў жанры поп-музыкі. Вашы варыянты?
Руслан Аляхно, «UZARI», «Ітэль», Наташа Багданава, Дзіма Камінскі, Дзяніс Дзямідаў, Андрэй Усанаў, «Гуляй Бульбаш», Валерый Дайнека, Уладзімір Ухцінскі, гурт «Топлес», Іскуі Абалян, Герман, гурт «Дразды», «Лас-Вегас», «Тяни-толкай», Алена Грышанава, Ігар Дзягцяраў, Саша Нэма, Анастасія Ціхановіч, Ядвіга Паплаўская, Генадзь Парыкін, Аляксандр Саладуха і многія іншыя. (Я наўмысна не ўключыў у гэты спіс маладых, больш вядомых нам выканаўцаў, аднак большасць з іх працуе ў рамках расійскага эстраднага поля, і мы гаворым выключна пра поп-музыку).
З аднаго боку, мы ведаем практычна ўсіх (хоць, хто такая, напрыклад, Наташа Багданава, для мяне загадка). З іншага боку, іх вакуумнае існаванне безадносна якога-небудзь развіцця эстраднай культуры відавочнае.
Існуюць канцэртныя агенцтвы ў Беларусі, з дапамогай якіх гэтых выканаўцаў можна замовіць да сябе на карпаратыў за сімвалічную суму.
Індустрыя адсутнічае.
Існуе сайт, база даных, прайс-ліст і нават райдары. Сказаць нешта пра іх творчасць, каб нікога не пакрыўдзіць, пераважна немагчыма. Гэта проста вельмі дрэнна. Яны выкарыстоўваюць выключна спрошчаныя акорды — іх усяго 3-4 на ўсю песню, вельмі простую мелодыю, аранжыроўкі іх маладосці, ужо даўно састарэлыя. Прычынамі ж падобнага творчага почырку могуць з'яўляцца шаблоны, што выкарыстоўваюцца імі з песні ў песню: меладычныя, акордавыя, аднолькавыя прыёмы ў аранжыроўцы песень для адных і тых жа складаў. Акрамя таго, мабыць, праз адсутнасць цягі да развіцця, яны рэдка і неахвотна звяртаюцца да сусветных практык, застаючыся ізаляванымі, шматкроць прайграваюць адны і тыя ж мадэлі, якія, акрамя іншага, яшчэ і вельмі падабаюцца «галоўнаму гледачу» «Славянскага базару».
Наступнае пытанне: А чаму менавіта так усё склалася?
Прычын, трэба меркаваць, некалькі — як і заўсёды.
Па-першае, савецкая эстрада — хай там было дастаткова нядрэнных музыкаў і выканаўцаў — заўсёды развівалася больш-менш ізалявана і ўжо сапраўды безадносна адэкватнай свабоды. Яна, калі можна так сказаць, не была «падключана» да агульнасусветнага працэсу развіцця масавай культуры. Пры гэтым, РФ перажыла некаторае вызваленне ў 90-я, а развіццё культуры ў Беларусі досыць хутка (ну, вы ў курсе, 1994 год) перахапіў вясковы хлопчык — Аляксандр Лукашэнка. І густы ў яго спецыфічныя, і культура яму ў краіне не патрэбная (на ўзроўні кіравання ім у прынцыпе не вельмі ясна, як яна функцыянуе).
Па-другое, расійская поп-сцэна і сама знаходзілася ў ролі даганяючай, і лагічна, што беларускай, залежнай так ці інакш ад яе, таксама даводзілася даганяць. Аднак ужо не авангард, але аўтсайдэра. Сумна вядомы Дзмітрый Калдун — гэта ў цэлым больш саўгасная версія Дзімы Білана. Самы лепшы вынік Беларусі на «Еўрабачанні» быў дасягнуты Дзмітрыем Калдуном, якому падаў песню Філіп Кіркораў, і які ж зладзіў выканаўцу з Беларусі масавую кампанію па раскрутцы.
Па-трэцяе, так, культывуецца, штучны запыт на настальгію па савецкім светлым мінулым (у рубрыцы «усё, што ў жыцці ёсць у мяне»), а ён па вызначэнні не вельмі суадносіцца з канцэпцыяй развіцця.
І апошняе — наша любімае: лаяльнасць. Пра гэта, напрыклад, у выпадку з Ірынай Дарафеевай ходзяць легенды. Аднак і ў цэлым — і нават Саладуха — усё публічнае абавязана так ці інакш займаць бок. А што мы ведаем пра лаяльнасць? А пра лаяльнасць мы ведаем, што яна з пэўнага моманту становіцца супрацьлегласцю прафпрыдатнасці.
Быў і яшчэ адзін фактар. Незалежныя музыкі, кшталту, дапусцім, беларускамоўнага гурта «Ulis», выступалі, знаходзячыся на глебе постсавецкага ранняга беларускага нацыяналізму. Гэта значыць, былі ворагамі рэжыму апрыёры. А любая адэкватная эстрада так ці інакш абапіраецца менавіта на нацыянальную традыцыю ў той ці іншай форме.
У гэтым сэнсе добра прывесці прыклад Украіны, якая пайшла пасля распаду СССР па зусім іншым шляху. Там сапраўды за ўвесь час пасля развалу СССР сфармавалася новая, самабытная эстрада. Грамадскі запыт на абнаўленне рэпертуару і ўзнікненне новых выканаўцаў быў, і ён быў пачуты. І гэта тычыцца не толькі мовы, на якой выконваліся песні (у большасці сваёй, толькі ўкраінскай). Так, многія ўкраінскія выканаўцы паспрабавалі стаць / сталі часткай расійскай эстрады, гэты дрэйф быў. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, усім прыйшлося задаць сабе пытанне: а з кім я? І зрабіць адпаведныя высновы. Самым яркім прыкладам была Святлана Лабада, якая зрабіла кар'еру ў Расіі, але пасля лютага 2022 года адмовілася ад любых узаемадзеянняў з Расіяй. Пры гэтым яна стала актыўна дапамагаць УСУ і ўсялякім фондам па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Гэта быў адзіны правільны выбар. Аднак засталіся і тыя, зто праігнараваў сам факт пачатку вайны і генацыду ўкраінцаў. Яны аддалі перавагу сытаму і спакойнаму жыццю ў Расіі, з чалавечымі адзінкамі гэта здараецца, абутак не цісне.
Вернемся ў Беларусь. Нядаўна была апублікавана песня з красамоўнай назвай «Бацька». Я шчыра спадзяюся, што вы яе не чулі. На сцэне знаходзіцца прыкладна 50 чалавек у параднай ваеннай форме, якія прамаўляюць (слова «спяваюць» тут неяк зусім недарэчнае) наступны тэкст:
Европейские политики ещё
О былом величьи видят сны.
Впавшие в зависимость от дяди Джо,
Разве ж вы лицо своей страны?
Вам бы там свои проблемы порешать,
А не лезть сюда через забор.
А то наш легко ведь может так послать,
Что коротким будет разговор.
Батька у нас крутой,
В мире один такой.
С батькой спокойна страна,
Только ему не до сна.
Батька у нас крутой,
Батька, мы рядом с тобой.
Выбрал народ,
И не подведет,
Станем стеной за батьку, горой.
Усё гэтае дзейства адбываецца на сцэне, падсветленай чырвоным і зялёным. Аднекуль там нават узялася літара «V» у левым куце. На другі год вайны мы выдатна разумеем, што літара «V» выпадкова не з'яўляецца. Аднак, нават тут усё выглядае вельмі недарэчна і няўмела. І музыка, і пастаноўка, і святло, і тэкст. Нават у стварэнні гэтага самага простага і прапагандысцкага перфоманса ўсё развальваецца і не мае ніякай каштоўнасці (ды і адкуль ёй узяцца).
А якія рыфмы! «Крутой — табой — гарой». Пра памер я не кажу, Аўтары мабыць не здагадаліся пачытаць пра ямб і анапест на «Вікіпедыі». Зрэшты, «крутой — табой» яшчэ не так пацешна: «забор — разговор» рэч значна больш шэдэўральная. Скляпаць падобны опус на вострапалітычную тэму з элементамі творчай прастытуцыі можа любы школьнік. Проста заходзіш у гугл, бярэш слова «краіна» і пішаш — рыфма. Дзясяткі сайтаў абслужаць любога паэта-пачаткоўца. Аднак, пра што гэта я? Пладавітыя аўтары гэтых патрыятычных вывяржэнняў за сваю працяглую кар'еру запілілі не адзін опус.
Знаёмцеся: Яўген Алейнік. Цэлы кампазітар. Аўтар шматлікіх песень, у тым ліку несмяротнай «Каханую не аддаюць» (я ўсё чакаю песні з прыпевам пра «Давайце перагарнём старонку», але, мабыць, не ўсе цытаты Лукашэнкі ператвараюцца ў «нятленачкі»). Не, насамрэч, можна было і прайсці міма гэтага непаразумення, але ён яшчэ даў цэлае інтэрв'ю «Савецкай Беларусі».
(далей будуць цытаты з гэтага інтэрв'ю. — Заўв. аўт.).
— Мы згадаілі «Еўрабачанне». Што там адбываецца?
— Не. Па-першае, нецікава, раз Беларусь не ўдзельнічае, па-другое, там цяпер такое дзеецца... Усе маскі скінутыя. Я табе больш скажу: з Алімпіядай будзе тое самае, калі Беларусь і Расію адхіляць. Трансгендары пачнуць, не саромеючыся, перамагаць жанчын і гэтак далей.
— На кампазіцыі загадваеш: стрэліць новая ці не?
— Песні на дваццатай, гэта значыць прыкладна 480 песень назад, мы перасталі гэта рабіць, таму што адгадаць немагчыма. (480! Дзіўная лічба. — Заўв. аўт.)
— Нашы дзяды ў Вялікую Айчынную вайну ваявалі і гінулі ў імя вялікай мэты: захаваць мірнае, шчаслівае жыццё. І мы павінны адпавядаць гэтаму, — разважае Яўген Алейнік. — У Бібліі сказана: роспач — гэта грэх. У маім разуменні, мы павінны рабіць нешта, каб жыццё працягнулася, каб мэта, у імя якой гінулі людзі, была дасягнутая. Мы павінны адпрацоўваць той крэдыт даверу, які далі нам нашы продкі, аддаўшы свае жыцці ў імя будучыні.
Увогуле, не дапусцім у краіну ЛГБТ-інструктараў NATO і захаваем радзіму ў вечнай вайне за Радзіму, на якую ніхто не нападае. Прафесіяналам гэтага чалавека назваць складана, а песенькі — калі шчыра, яму як быццам гатовымі пастаўляюць з пекла. Прынамсі, гэта нейкі ўжо зусім ніжні ярус прапаганды. Для сябе я называю гэта «трансгендары і дзяды перамаглі» ... мабыць, адзін аднаго.
Не можа быць па вызначэнні ніякага Дня перамогі, ёсць дзень смутку і страты, бо ў той вайне загінулі больш за 30 мільёнаў чалавек. А сцвярджэнні ў духу «дзяды перамаглі, і мы пераможам» не вытрымліваюць ніякай крытыкі толькі па адной прычыне — за гэтымі словамі стаяць смерці соцень тысяч людзей, а нават адна смерць значна большая, чым сотні недарэчных песень. Няма ніякага крэдыту даверу, пакуль ён забяспечваецца смерцю.
У працэсе працы над гэтым артыкулам, я яшчэ выпадкова наткнуўся на інтэрв'ю саліста гурта «Галасы з места» (гэта тыя самыя чалавечыя адзінкі, з-за якіх Беларусь была дыскваліфікаваная і пазбаўленая магчымасці прымаць ўдзел у конкурсе «Еўрабачанне»):
«Я наогул, шчыра кажучы, “савок" самы сапраўдны — да гэтага часу развалу краіны вялікай не магу перажыць. Беларусь як асобная самастойная дзяржава? Мне складана гэта прыняць».
Тут не можа быць ніякіх каментароў. Залішнія.
Ёсць пазітыўны момант. Тое жахлівае становішча, у якое загнаная культура Беларусі сёння — у тым ліку культура масавая — не можа не выклікаць актыўнага процідзеяння з флангу, дзе адэкватнасць (хоць бы адэкватнасць) — гэта цвёрдая валюта, а не дыягназ з вуснаў Грышы Азаронка.
Пратэсны рух — ці будзе лепш сказаць «рух супраціву» — дае вельмі сур'ёзную базу для перафармавання уяўленняў пра свабоду ў культуры. Будуць і плады. Зразумелая справа, цяпер многае з таго, што робяць адэкватныя людзі — гэта спроба асэнсаваць траўму. Аднак і гэта пройдзе. За спінай «каханай, якую не аддаюць» нашы апаненты пакінуць выпаленую зямлю. Тым, аднак, прасцей будзе пазбавіцца ад іх сумнеўнай ва ўсіх адносінах спадчыны.
Я сказаў, што ёсць пазітыўны момант? Гэта так і не так адначасова. Пытанне, як заўсёды, амбівалентнае. Культура, якую вядуць саўгасныя дырэктары ў саўгасныя далі, сёння ледзь не смяротна хворая. «Галасы з места» сатруцца, як плявок. Упушчанага часу, на жаль, ужо не вярнуць.