Топ-10 фільмаў з удзелам Грэгары Пэка: таго самага, з «Рымскіх вакацый»

На гэтым тыдні адзначалі дваццатую гадавіну з дня сьмерці знакамітага актора, уладальніка дзвюх прэмій Оскар. Шырокай публіцы ён найбольш вядомы па культавай стужцы з Одры Хёпбэрн «Рымскія вакацыі». Склалі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў, у якіх здымаўся Грэгары Пэк. Прыемнага прагляду!

peck.webp

Нумар 10. Чужыя грошы (Other People's Money). 1991

other_people_s_money_1.jpeg

Стужка Нормана Джуісана з Дэні дэ Віта, Грэгары Пэкам і Пэнелопай Эн Мілер у галоўных ролях. Мы станем сьведкамі таго, як цалкам прагматычны герой дэ Віта, які займаецца тым, што скупляе кампаніі, а потым распрадае іх актывы, натыкаецца на вельмі старога кіраўніка чарговай фірмы. Дэні дэ Віта спрабуе ажыцьцявіць свой плян зноў, але на яго шляху ўзьнікае занадта разумная юрыстка, нанятая старым кіраўніком.

Яна адначасова зьяўляецца прыёмнай дачкой апошняга. Паміж акулай і юрысткай узьнікае двубой за кампанію. Але ў справу далучаецца закаханасьць дэ Віта ў паненку. Цудоўны лёгкі фільм, які створыць прыемны вечар для гледачоў.

Нумар 9. На беразе (On the Beach). 1959

on_the_beach_1.jpg

Чорна-белы фільм Стэнлі Крамэра, пастаўлены ў 1959 годзе, апавядае пра найбліжэйшую да таго часу будучыню — 1964 год. Змрочны і пэсымістычны сьвет паказаны ў Аўстраліі. Дзеяньне адбываецца праз некалькі месяцаў пасьля ядзернай вайны паміж ЗША і СССР, і ў аўстралійцаў ёсьць усяго некалькі месяцаў, перш чым воблака ядзерных ападкаў дасягне іх і зьнішчыць Аўстралію.

Напружаньне ўзрастае праз тое, як кожны спрабуе займацца сваімі штодзённымі справамі, ведаючы, што ўсё роўна хутка памрэ. Людзі проста працягваюць жыць, бо не ведаюць, што яшчэ рабіць. Капітан субмарыны, якога грае Грэгары Пэк, сустракае ў Аўстраліі паненку ў выкананьні Авы Гарднэр, якая абуджае ў ім пачуцьці, нягледзячы на непазьбежнасьць. Яна шмат п’е. Але каму якая справа, калі сьвету засталося жыць тры, дзьве, адну хвіліну.

Нумар 8. Вялікая краіна (The Big Country). 1958

the_big_country.jpg

Манумэнтальны вэстэрн, зьнятая знакамітым Уільямам Уайлерам. Стужка прапануе акунуцца ў дзікую, ашаламляльна вялікую прастору, дзе шмат магчымасьцяў і малавата законнасьці.

Сапраўднай «разынкай» фільма, безумоўна, зьяўляецца герой нашай сёньняшняй падборкі. Грэгары Пэк сваім выкананьнем дае аналіз маральнай і фізычнай мужнасьці. Лёгка быць пераможцам на словах. Чаго варты кожны чалавек высьвятляецца ва ўчынках. Пэк тонка, але разам з тым магутна паказвае свайго героя, а праз яго і ўвесь складаны час, калі перад чалавекам адчынялася вакно бясконцых магчымасьцяў.

Пэк выконвае ролю марскога капітана ў адстаўцы, які зьмяняў спакой акіяна на хаос і канфлікты дзікага захаду. Ён разбурае яго шаблёны, абіраючы перамовы замест куляў.

Нумар 7. Омэн (The Omen). 1976

the_omen_1.webp

Стужка пра дзіця, але дзецям яе лепш не паказваць. У сям’ях бываюць выпадкі, калі дзеці тэрарызуюць бацькоў і іншых людзей, калі яны ўмеюць маніпуляваць, даводзіць да патрэбнага ім выніку любыя сітуацыі. Але ніводныя з вядомых вам выпадкаў не параўнаюцца з тым, што паказаў у сваёй стужцы Рычард Донэр.

У сям’і дыплямата нараджаецца нежывое немаўля. Галоўны герой у выкананьні Грэгары Пэка ўсынаўляе іншае дзіця, у якога ёсьць адметнасьць — радзімая пляма ў выглядзе трох шасьцёрак. Нарадзілася яно 6 чэрвеня а 6 гадзіне. Мы становімся сьведкамі, як той, каму наканавана стаць антыхрыстам, распачынае сваё жыцьцё на зямлі. Некаторыя пачынаюць заўважаць, што з хлопчыкам нешта ня тое — і гэта можа скончыцца для іх трагічна.

Вельмі ўражлівы фільм, майце на ўвазе.

Нумар 6. Вайна на Дзікім Захадзе (How the West Was Won). 1962

how_the_west_was_won.jpg

Перад намі  шырокая эпапея пра амэрыканскі Дзікі Захад. Яна ўвасабляе сабою веліч клясычнага галівудзкага кінематографа. Гэты фільм, які разгортваецца праз жыцьцё некалькіх пакаленьняў, зьяўляецца зборам асабістых гісторый. Яны сплеценыя разам, кожная зь якіх уяўляе сабой разьдзел у гісторыі Захаду. Пяць навэл, якія паставілі тры знакавыя рэжысэры: Джон Форд, Гены Хэтуэй і Джордж Маршал.

Вельмі моцны акторскі склад, які ўключае і выдатнага Грэгары Пэка, забясьпечыў відовішча на амаль тры гадзіны.

Стужка была ўнесеная ў нацыянальны рэестр фільмаў ЗША.

Нумар 5. Зачараваны (Spellbound). 1945

spellbound.jpg

Альфрэд Хічкок дрэнна здымаць не ўмеў, таму можна з упэўненасьцю ўзяць гэты фільм дзеля вечаровага прагляду ў бліжэйшы ўікэнд. Тым больш што разам з Грэгары Пэкам там зьзяе Інгрыд Бергман. Хічкок займаецца пагружэньнем у малазнаёмую на той час тэрыторыю псіхааналізу.

У адной са сваіх першых роляў Пэк выконвае ролю псіхіятра, які прыяжджае ў псіхіятрычную ўстанову, каб заняць пасаду яе новага дырэктара. Аднак неўзабаве праблемы пачынаюць праяўляцца, калі ў яго зьяўляюцца прыступы амнэзіі і невытлумачальны жах перад паралельнымі лініямі на белым фоне.

Разам з гераіняй Бергман іх чакае захапляльнае падарожжа ў пошуках праўды і ў каханьні.

Дададзім, што мастаком фільма зьяўляецца Сальвадор Далі.

Нумар 4. Джэнтэльменскае пагадненьне (Gentleman's Agreement). 1947

gentleman_s_agreement.webp

Лепшы фільм года па выніках цырымоніі Оскар. Яго зьняў Элія Казан, які таксама атрымаў узнагароду за сваю рэжысуру. Мы ўбачым амбіцыйную спробу фільма праліць сьвятло на паўсюдны антысэмітызм той эпохі. Грэгары Пэк грае аўтара часопіса, якому даручана напісаць артыкул пра антысэмітызм.

Ён вырашае выдаць сябе за габрэя, каб з першых вуснаў выпрабаваць забабоны грамадзтва. Герой Пэка выпраўляецца ў глыбокае падарожжа, якое паказвае пачварнасьць грамадзкага фанатызму.

Прайшло больш за 70 гадоў, а некаторыя рэчы, пазначаныя рэжысэрам, на жаль і дагэтуль вакол і сярод нас.

Нумар 3. Мыс страху (Cape Fear). 1991

cape_fear.jpg

Стужка Марціна Скарсэзэ зь яго ўлюбёным акторам Робэртам Дэ Ніра зачаруе сваёй небясьпечнай прыгажосьцю. Грэгары Пэк выконвае тут не галоўную, але вельмі істотную ролю. Ён ўзяў нехарактэрную ролю, якая ўзмацняе напружаныя падводныя плыні псіхалягічнага трылера.

Пэк, вядомы сваімі гераічнымі і маральнымі ролямі, тут прымае цёмны бок у ролі адваката. Сама стужка апавядае пра былога асуджанага, які марыць адпомсьціць свайму адвакату, які, як падаецца, адмыслова схаваў доказы аб невінаватасьці.

Грэгары Пэк, які грае антаганіста — вартая прычына, каб паглядзець стужку.

Нумар 2. Рымскія вакацыі (Roman Holiday). 1953

roman_holiday.jpg

Стужка, зьнятая легендарным Уільямам Уайлерам, — гэта цудоўная рамантычная камедыя. Галоўнае, што ёсьць у фільме — чароўны дуэт Одры Хёпбэрн і Грэгары Пэка, якія з кожным новым праглядам даруюць асалоду кінематаграфічным прыгодам сярод маляўнічых відаў Рыма.

Дагэтуль кадры, на якіх галоўныя героі на Веспе расьсякаюць вуліцы вечнага горада, зьяўляюцца неад’емным атрыбутам у кожнай сувэнірнай краме Рыма.

Рым зьяўляецца такім жа персанажам фільма, як героі Пэка і Хёпбэрн. Ад знакавых Гішпанскіх лесьвіцаў да велічнага Калізея. Уайлер па-майстэрску адлюстроўвае гістарычны шарм Рыма і вулічнае жыцьцё, прымушаючы гледачоў закахацца ў горад гэтак жа моцна, як і галоўныя героі фільма.

У сюжэце — прынцэса, якая прагне пабыць інкогніта, і журналіст, якому неабходныя сенсацыі. Але ў выніку становіцца неабходным нешта зусім іншае.

Нумар 1. Забіць перасьмешніка (To Kill a Mockingbird). 1962

to_kill_a_mockingbird.webp

Ідэальная экранізацыя вялікага рамана Харпер Лі. Увасабленьне праведнага галоўнага героя Грэгары Пэкам — гэта больш, чым простае акторскае выкананьне. Праца Пэка назаўжды ўвайшла ў гісторыю кіно. Яго знакавы маналёг у зале суда, калі выступае за расавую роўнасьць і справядлівасьць, застаецца шэдэўральным прыкладам акторскага майстэрства.

Грэгары Пэк уклаў усяго сябе ў ролю адваката, які абараняе чарнаскурага, абвінавачанага ў згвалтаваньні белай жанчыны на амэрыканскім поўдні ў 1930-я гады.

Прыемнага прагляду!

Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.