Топ-10 фільмаў пра здраду

Немагчыма абмінуць падзеі, якія разгортваюцца на нашых вачах, адносна падтрымкі Ўкраіны ў вайне супраць агрэсара. Здрада бывае рознай. На міждзяржаўным узроўні, у сям'і, паміж сябрамі, у бізнэсе. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак на гэтыя тэмы. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Афёра Стывена Гласа (Shattered Glass). 2003 

shattered_glass_1.jpg

Грамадзкасьць любіць скандалы, а вялікія скандалы яна любіць яшчэ больш. У 1998 годзе адбыўся акурат скандал вышэйшага гатунку. Выявілася, што Стывен Глас, малады журналіст, сапраўдная новая зорка сусьветнай журналістыцы, які пісаў для шэрагу часопісаў, у тым ліку для Rolling Stone і ў першую чаргу для The New Republic, сфабрыкаваў 21 (а быць можа і ўсе 41) артыкул пра гісторыі людзей.

Гэта неверагодна ўскалыхнула сьвет журналістыкі. Хэйдэн Крыстэнсэн у ролі Гласа дзівосна і па-майстэрску паказвае, як яго герой спраўляецца з патрэбамі сваёй хітрай натуры. Гледачу становіцца складана прыняць канкрэтны бок, якім чынам адносіцца да Стывена Гласа. Гэты фільм – прыклад стужкі, калі не патрэбна быць эфектным фільмам, каб зрабіць уражаньне. Вас чакае пражываньне перажываньняў.

Нумар 9. Юлі Цэзар (Julius Caesar). 1953

julius_caesar_1.jpg

Экранізацыю п’есы Ўільяма Шэкспіра паставіў легендарны рэжысэр Джозэф Леа Манкевіч. Гісторыя адбываецца на фоне Рымскага сэнату – месца сяброўства, сустрэчаў, але адначасова і месца здрады, зайздрасьці і злачынства.

У ролі Марка Антонія зьяўляецца Марлон Брандо, і гэтага амаль дастаткова, каб пачаць прагляд любога фільма. Стужка напоўненая веліччу, якая належыць рымскаму эпасу. Ад раскошных інтэр'ераў Сэнату да шумных вуліцаў тагачаснага Рыма Манкевіч стварае сьвет, які адчуваецца аднолькава выразна як гістарычным, так і непасрэдным.

У любы момант у вашыя дзьверы можа пагрукацца цэнтурыён у сандалях, і вам прыйдзецца дастаць свой меч, альбо востры язык. Гледзячы ад таго, чым карыстаецеся больш адважна.

Нумар 8. Газавае сьвятло (Gaslight). 1944

gaslight_1.jpg

Стужка Джорджа Кьюкара – гэта жахлівае, атмасфэрнае пагружэньне ў пакутлівы сьвет псыхалягічных маніпуляцыяў. Дзеяньне фільма разгортваецца ў лёнданскім доме, дзе разблытваецца і заблытваецца сюжэт, у якім успаміны ставяцца пад сумнеў, і нават розум ставіцца пад сумнеў. І толькі мігценьне газавага сьвятла становіцца шанцам для разгадкі псыхікі жанчыны.

Інгрыд Бэргман у адной са сваіх самых лепшых роляў грае кабету, якая змагаецца з траўмай забойства сваёй цёткі і наступных маніпуляцыяў з боку яе мужа. Муж, у сваю чаргу, робіць захады па тым, каб яго жонка звар’яцела.

Дзеля чаго? І ці можа быць усё зьяўляецца толькі мрояй, якая зьнікне ў паветры, як газ, калі яго не падпальваць?

Нумар 7. Нічыя зямля (No Man's Land). 2001

no_man_s_land_1.png

Рэжысэр Даніс Танавіч запрашае гледачоў на сваю радзіму – Босьнію. Гэты ў значнай ступені камедыйны фільм паказвае абсурд і трагедыю вайны. У гэтай стужцы падзеі разгортваюцца адносна нядаўна, у 90-я гады мінулага стагодзьдзя, калі на тэрыторыі Босьніі адбывалася крывавая разьня. Вайна паміж сэрбамі, басьнякамі і ўсімі навокал.

Праз гісторыю трох жаўнераў, дваіх басьнійцаў і сэрба, якія апынуліся ў пастцы ў траншэі на нічыйнай зямлі паміж варожымі лініямі, рэжысэр прапануе мікра погляд на вялікае вар'яцтва, якім і зьяўляецца вайна. Адзін з траіх – ляжыць на міне, і калі ён уздымецца, ці калі яго паспрабаваць узьняць – адбудзецца выбух.

Адзін з дзеючых асобаў стужкі – міратворца ААН, які падкрэсьлівае марны і бюракратычны характар установы, якая павінна стужыць захвальнікам міру на ўсёй зямлі.

Нумар 6. Адважнае сэрца (Braveheart). 1995

braveheart_1.webp

Манумэнтальная праца Мэла Гібсана, якая ўвяла яго ў бессьмяротны пантэон кіно. Гэты фільм, які паставіў і сыграў у ім галоўную ролю сам Гібсан. У гістарычнай драме дзеяньне адбываецца ў Шатляндыі ХІІІ стагодзьдзя. Адважнае сэрца належыць Уільяму Ўолэсу, чалавеку, чыя асабістая трагедыя распаліла полымя паўстаньня супраць прыгнятальнікаў з поўдню – ангельцаў.

Гібсан паказаў свайго героя значна больш складаным, чым ваяром і лідэрам паўстанцаў. Ён перажывае жыцьцёвыя і рамантычныя складанасьці, а ім кіруе прага свабоды.

Стужка абавязкова ўскалыхне вашае сэрца, адважнае яно, альбо не.

Нумар 5. Доні Браска (Donnie Brasco). 1997

donnie_brasco_2.jpeg

Стужка Майка Ньюэла распавядае пра заблытаны сьвет мафіі, здрады і дзікі кошт падвойнага жыцьця. У цэнтры гэтага жорсткага апавяданьня герой Джоні Дэпа, агент ФБР, які пад псеўданімам Доні Браска пранікае ў адну з самых магутных мафіёзных сем'яў Нью-Ёрка. Выбітны вобраз змучанага агента пад прыкрыцьцём стаў адным з самых лепшых у яго кар'еры.

Партнэрам па здымках у Джоні Дэпа быў сам Аль Пачына ў ролі састарэлага наёмнага забойцы, які ўзяў яго пад сваю апеку. Глядзець за імі ў кадры — спрэс задавальненьне.

Вы не знойдзеце тут рамантызаванага сьвету мафіі, але жорсткі сьвет брутальнасьці і хуткай расплаты за спробы нявернасьці і падману.

Нумар 4. Забойцы кветкавага месяца (Killers of the Flower Moon). 2023

killers_of_the_flower_moon_2.jpeg

Найлепшы фільм 2023 года на нашую думку. Марцін Скарсэзэ здымае так, што з першых кадраў разумееш, што цябе чакае шыкоўная гісторыя. Адзінае чаго нельга сказаць адразу – да якой ступені крутым будзе фільм.

Стужка пераносіць гледачоў у 1920-я гады, у час, калі індзейцаў ужо не адстрэльвалі, але трымалі ў рэзэрвацыях. Асобным плямёнам шанцавала асабліва, калі на іх тэрыторыі знаходзілася радовішча нафты, як, напрыклад асэйджы. Менавіта іх драматычную і крывавую гісторыю распавядае Марцін Скарсэзэ праз герояў белых людзей, што ўключыліся ў складанае перапляценьне матывацый і ўчынкаў дзеля таго, каб завалодаць чорным золатам.

Страшэнны і дальнабачны герой Робэрта Дэ Ніра разам з недалёкім пляменьнікам у выкананьні Леанарда Дзі Капрыё напрацягу ўсяго фільма будуць прычынаю загадкавых для некаторых, але цалкам зразумелых для іншых, серыяй забойстваў індзейцаў. Як вядома, пасьля сьмерці чалавека нехта іншы ўспадкоўвае яго маёмасьць. І для героя Дэ Ніра нехта іншы доўно зразумелы – і для дасягненьня задуманага неабходна ісьці да канца.

Фільм Марціна Скарсэзэ манумэнтальны. Гэта прыклад таго, як зрабіць кіно, якое будзе прысутнічаць у «залатой калекцыі» сусьветнага кінамастацтва.

Нумар 3. У выпадку забойства набірайце «М» (Dial M for Murder). 1954

dial_m_for_murder.jpg

Альфрэд Хічкок вырашыў паказаць нам гісторыю пра чалавека, які плянуе забіць сваю жонку. У ролі жонкі – будучая прынцэса Манака Грэйс Келі. Стужка прыцягвае ўвагу гледачоў ад пачатку да канца. Сам сюжэт добра прадуманы і прымушае нас здагадвацца, як і што адбудзецца ці не адбудзецца з жонкай да фінальных кадраў.

Адна з самых запамінальных сцэнаў у фільме — замах на забойства гераіні Грэйс Келі. Увага: сачыце за нажніцамі, яны выканаюць сваю, вельмі істотную ролю.

Стужка зьяўляецца абавязковай для прагляду аматарам жанру трылера. Аматарам Грэйс Келі таксама немагчыма прапусьціць замах на яе.

Нумар 2. Бэн-Гур (Ben-Hur). 1959

ben_hur_3.jpg

Параўнаньне нямой эпапеі Фрэда Нібла 1925 года і вэрсіі Ўільяма Уайлера 1959 года ўяўляе цягне за сабою і непазьбежнае параўнаньне эвалюцыі кінематографа. Абодва фільмы, заснаваныя на рамане Лью Ўолеса 1880 года, апавядаюць пра Юду Бэн-Гура, габрэйскага прынца, несправядліва абвінавачанага ў здрадзе свайму сябру дзяцінства, які стаў рымскім трыбунам Месалай.

Фільмы, хаця і маюць аднолькавую гісторыю, значна адрозьніваюцца з пункту гледжаньня тэхналёгіі, стылю і характараў.

Стужка Нібла — сьведчаньне велічы і амбіцый нямога кіно. Нягледзячы на адсутнасьць дыялёгаў, у фільме выкарыстоўваюцца драматычныя мэтады візуальнага апавяду. Выявы старажытнага Ерузалему і Рыму, рэалізаваныя праз складаныя дэкарацыі і тысячы дадатковых элементаў, ствараюць захапляльнае відовішча, праверце на ўласным досьведзе.

Праца Ўайлера карыстаецца тэхнічнымі дасягненьнямі эпохі гуку і колеру. Гэтая вэрсія прапануе больш псыхалягічна складанае адлюстраваньне сваіх герояў. Знакамітыя гонкі на калясьніцах застаюцца эталёнам якасьці і ў наш час.

Абодва фільмы маюць моцны хрысьціянскі голас. Аднак вэрсія 1959 года паказвае выразную выяву Хрыста і больш канкрэтнае пасланьне прабачэньня. Больш раньняя вэрсія 1925 года, хоць і дэманструе біблейскія сцэны, але больш суадносіць іх з агульнай эпапеяй, а не з маральнымі урокамі.

Бэн Гур 1959 года да гэтага дня зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці ўзнагародаў Оскар. Стужка атрымала 11 статуэтак, у тым ліку і за лепшы фільм года. З тых часоў толькі 2 стужкі здолелі паўтарыць дасягненьне: Тытанік у 1997 годзе і Ўладар Пярсьцёнкаў у 2003.

Нумар 1. Хросны Бацька ІІ (The Godfather: Part II). 1974

the_godfather_part_ii_1.webp

Лепшы фільм году па вэрсіі амэрыканскай кінаакадэміі, у якім атрымалася спалучыць двух тытанаў акторскага майстэрства — Аль Пачына і Робэрта Дэ Ніра. У кадры яны так і не сустрэнуцца разам, бо першы грае сына другога, чые раньнія гады мы ўбачым ў рэтраспэктыве. Дэ Ніра адмыслова для фільма вывучыў сіцылійскую мову, каб максымальна дакладна перадаць асблівасьці свайго героя — легендарнага Віта Карлеонэ.

Можна спрачацца, якая з першых дзьвюх частак «Хроснага бацькі» лепш. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтых стужак — і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.

Увогуле Аль Пачына і не мусіў граць у гэтым фільме – ён не асабліва ўразіў прадусараў, але Копала раўуча пераканаў тых, хто выдаткоўваў сродкі на эпапею.

Гісторыя сям’і Карлеонэ — Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў галавой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім — Майкла Карлеонэ.

У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалай і аўтарам рамана Марыё Пьюза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.

Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў будзе мець сваю адметнасьць.

Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно — гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз — і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.

Прыемнага прагляду!