Топ-10 фільмаў пра жанчынаў, якія змянілі гісторыю

У наш час нормай з'яўляецца прысутнасць жанчын на чале краінаў, карпарацый. Жанчыны адчуваюць сябе ўсё больш упэўнена, але так, безумоўна, было не заўсёды. Мы склалі спіс лепшых стужак, якія апавядаюць пра жыццё моцных і ўпартых гераіняў, якія перайначылі свет.

Кадр аднаго з фільмаў нашага спісу

Кадр аднаго з фільмаў нашага спісу

Нумар 10. Жанчына з імём Голда (A Woman Called Golda). 1982

a_woman_called_golda.webp

Фільм, які паставіў Алан Гібсан — пра дзяўчынку Голду, якая правяла дзяцінства ў беларускім Пінску, наведвала старажытную вялікую сінагогу, а потым вырасла і стала чацьвертым прэм’ер-міністрам Ізраіля. Увесь сьвет ведае яе як Голда Мэір, а дзявочае прозьвішча ў прыхаджанкі пінскай сінагогі — Мабовіч. Бацька-заснавальнік дзяржавы Ізраіль Давыд Бэн-Гурыён сказаў пра яе: «У адзін цудоўны дзень, калі будзе напісана гісторыя, у ёй будзе пазначана, што адна габрэйка дастала грошы, якія забясьпечылі існаваньне нашай дзяржавы». Стужка адметная яскравым выкананьнем галоўнай ролі Інгрыд Бергман. Для акторкі гэтая праца стала апошняй у жыцьці, менш чым праз год яна памерла. Няшмат прыхільнікаў «залатога стагодзьдзя Галівуду» бачылі яе ролі ў сталым узросьце. Паверце, гэта вартае таго. 

Нумар 9. Каралева Хрысьціна (Queen Christina). 1933

queen_christina.jpg

Рэжысэр стужкі Рубэн Мамулян запрасіў для гістарычнай пастаноўкі найлепшую з магчымых на той час акторак. Грэта Гарба выглядае сапраўднай глыбай скрозь усе кадры, дзе гледачы сочаць за швэдзкай каралевай у сярэдзіне XVII ст. Калі нарадзілася прынцэса, тагачасны кароль Швэцыі Густаў ІІ Адольф Ваза (сваяк нашых вялікіх князёў з дынастыі Ваза) выхоўваў маленькую Хрысьціну Ваза як хлопчыка, бо вельмі яму карцела мець спадчыньнікам сына.
Стужка паказвае нам старажытную скандынаўскую дзяржаву зь яе вялікім на той час супрацьстаяньнем пратэстантызму і каталіцтва. Чый бок падтрымае каралева? Глядзіце ў лепшай акторскай працы Грэты Гарба. 

Нумар 8. Жалезная лэдзі (The Iron Lady). 2011

the_iron_lady.jpg

Фільм пра лідара кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі і прэм’ер-міністра Маргарэт Тэтчэр зьняла Філіда Лойд. Свой чарговы Оскар за лепшую галоўную ролю атрымала Мэрыл Стрып, якая, як падаецца, магла б узяцца на экране і за іншую прэм’ерку — няўдалую Ліз Трас.

Сама спадарыня Тэтчэр паглядзела фільм, і як стала потым вядома, была не асабліва ўзрадаваная гэтым творам. Яна раскрытыкавала Мэрыл Стрып, хаця тая адмыслова наведвала паседжаньні брытанскага парлямэнту, каб паназіраць за вэрбальным змаганьнем лідараў кансэрватараў і лейбарыстаў.

Што натхніла маладую Маргарэт пайсьці ў такую цалкам мужчынскую на той момант справу — займацца палітычнай дзейнасьцю? Ці можам мы сёньня, ужо ў гістарычнай адлегласьці, назваць Тэтчар лепшым прэм’ерам Брытаніі пасьля Чэрчыля? Фільм паспрабуе адказаць на пытаньні. 

Нумар 7. Каралева Марго (La reine Margot). 1994

la_reine_margot.jpg

Ізабэль Аджані была адзначаная ўзнагародай за лепшую жаночую ролю на Канскім кінафэсьце. Прынцэса Марго Валуа на пачатку фільма, сястра каталіцкага караля Францыі, вымушаная пайсьці замуж за пратэстанта Генрыха Наварскага ў 1572 годзе.

Цікавы факт, які яшчэ больш заахвоціць да прагляду: брат Марго — Генрых Валуа — той самы, які быў вялікім князем літоўскім 1573-1575 гадах, а потым зьбег у Францыю, калі там пачалі вымалёўвацца прэтэнзіі на трон.

Фільм Патрыса Шэро пастаўлены па кнізе Аляксандра Дзюма, у якой аўтар апісваў гугеноцкія войны і вядома, самую значную падзею, якая прывяла да канца пратэстантызму ў Францыі — Гугеноцкую ноч. Калі гэтыя назвы і імёны знаёмыя і цікавяць вас яшчэ зь дзяцінства — «Каралева Марго» выдатна вам падыдзе. Можам парэкамендаваць прагляд пад бутэлечку бургундзкага ці бардо. 

Нумар 6. Фрыда (Frida). 2002

frida.jpg

Прыгожая Сальма Хайек у ролі мэксіканскай мастачкі і камуністкі Фрыды Кала. Фільм паставіла Джулі Тэймар. Стужка насычаная яскравымі колерамі. Мы нібы апынаемся ў сьвеце малюнкаў Фрыды, і разам зь ёю пражываем заклапочанае, трагічнае, але шчасьлівае жыцьцё. Палітычныя матывы лёгкім дотыкам пэндзля пакідаюць месца рамантычным, каб потым зноў быць зафарбаванымі крывава-чырвонымі колерамі сусьветнай рэвалюцыі. Маленькая жанчына, якая зрабіла значна больш, чым ад яе маглі чакаць на амаль любым адрэзку яе існаваньня. 

Музыка гэтай стужкі дакладна закране вас, і пажадаецца застацца ў той яскравай і каляровай мэксіканскай рэчаіснасьці яшчэ нейкі час, пакуль гукі саўндтрэку будуць гучаць у вашых навушніках. 

Нумар 5. Леў зімою (The Lion in Winter). 1968

the_lion_in_winter.png

Гістарычная драма пра сярэднявечную Англію. Кэтрын Хёпбэрн, Пітэр О’Тул, а таксама малады Энтані Хопкінс (так, ён калісьці быў не адразу сярэдніх гадоў) выконваюць галоўныя ролі ў фільме Энтані Харві. На экране — 1183 год, калі кароль Англіі зьбіраецца прызначыць свайго спадкаемца на трон. Шмат прэтэндэнтаў, яшчэ больш інтрыгаў, але карона дастанецца камусьці аднаму. Гісторыя, дзе сярод вялікай сям’і ёсьць вялікія пляны, якім спадарожнічае вялікая ўзаемная нянавісьць. 

Кэтрын Хёпбэрн грае жонку караля Элеанору Аквітанскую, якая мае ўласныя ідэі што да будучыні манархіі. Дададзім, што каралева Элеанора, як даведваемся напачатку, ужо пасьпела быць палітычнай зьняволенай пасьля спробы замаху на свайго мужа. 

Нумар 4. Лізавета (Elizabeth). 1998

elizabeth.jpg

Яшчэ адна стужка пра ангельскія каралеўскія разборкі. У гэтым фільме Шэхкара Капура мы апынемся на прыблізна чатырыста гадоў пазьней у параўнаньні з «Львом зімою». Дачка Генрыха ІІІ і адной з роду Балейн — Ганны становіцца каралевай Англіі пад імём Лізаветы. Выдатны выбар на галоўную ролю Кейт Бланшэт забясьпечыў шыкоўны ўзровень акторскай гульні.

Незвычайны выпадак адбыўся на цырымоніі Оскар. У тым годзе выйшлі адразу два фільмы, якія паказвалі падзеі падчас кіраваньня каралевы Лізаветы. Акрамя пазначанай карціны, гэта яшчэ быў «Закаханы Шэкспір» (які атрымаў у выніку ўзнагароду за лепшы фільм года). Драматычным атрымалася разьмеркаваньне акторскіх прэмій. Кейт Бланшэт прайграла канкурэнцыю Гвінэт Пэлтроў з таго самага «Закаханага Шэкспіра», і што яшчэ горш: Джудзі Дэнч за кароткую ролю каралевы Лізаветы ў «Шэкспіры» атрымала свой Оскар. Падвойны ўдар. Але затое ў нашым спісе ёсьць менавіта гэты фільм. 

Нумар 3. Клеапатра (Cleopatra). 1963

cleopatra.jpg

Без гэтай стужкі не мог быць поўным наш рэйтынг. Існуюць ролі, у якіх, нават калі пастарацца, немагчыма ўявіць іншых актораў. Тут маем акурат гэтую сітуацыю. Непаўторная Элізабэт Тэйлар паказала легендарную Клеапатру. Джозэф Леа Манкевіч здолеў зьняць адзін з самых яскравых прыкладаў фільмаў у жанры «пеплум» — гэта калі гісторыя вядзецца пра старажытныя, часоў Рымскай імпэрыі падзеі. У ролі Марка Антоніа здымаўся Рычард Бёртан – будучы муж Элізабэт Тэйлар у жыцьці. Доўгі, нават вельмі доўгі фільм мае ў рэжысэрскай вэрсіі больш за 4 гадзіны.

Рэкамендуем вам падчас прагляду, як раней рабілі ў кінатэатрах, калі фільм доўгі, зрабіць інтэрмісію — паўзу, каб разьмяцца на 5-7 хвілінаў і зноў вяртацца ў старажытны Эгіпет і Рым.

Дарэчы, у Эгіпце стужку так і не паказалі — у Элізабэт Тэйлар былі габрэйскія карані, а гэта сур’ёзная прычына для забароны. 

Нумар 2. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007

la_mome.jpg

Французскі фільм пра найвялікшую французскую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каційяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я не пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф. Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх французскіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каційяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта. 

Нумар 1. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928

la_passion_de_jeanne_d_arc.webp

Лепшым фільмам з нашага спісу зьяўляецца, верагодна, ужо скрайне малавядомы шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, «Пакуты Жаны Д’Арк» — гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці — эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі — яна аддала насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага разладу.

У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).

Абавязкова паглядзіце гэты фантастычны фільм.