Топ-10 фільмаў Чарлі Чапліна: да народзінаў Валацугі

Вобраз Валацугі, які стварыў і карыстаўся ўсё жыцьцё Чарльз Чаплін — адзін з галоўных і пазнавальных у гісторыі кінематографу. Першы кароль кіно нарадзіўся ў 1889 годзе, але і сёньня ягоныя працы выглядаюць па-сучаснаму дарэчна. Нібы і не прайшло амаль стагодзьдзе з росквіту творчасьці. Чалавек не зьямяняецца. Мы падрыхтавалі для вас сьпіс лепшых стужак, каб пазнаёміцца з акторам і рэжысэрам.

the_circus.jpg

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Гучыць дзіўна, але за ўсё кар’еру, акрамя ганаровай узнагароды Оскар, Чарлі Чаплін здолеў атрымаць яшчэ толькі адну статуэтку ад амэрыканскай кінаакадэміі, і тая была не за акторскую гульню ці рэжысуру, а за лепшы саўндтрэк у 1973 годзе.

Нумар 10. Аблігацыя (The Bond). 1918

the_bond.jpg

Гэта кароткі, але моцны фільм, які дэманструе мастацкае бачаньне і патрыятычны дух Чапліна. Стужка складаецца з сэрыі замалёвак (аблігацый), якія з гумарам ілюструюць розныя тыпы сувязяў, такія як сяброўства, каханьне, шлюб і, самае галоўнае, Аблігацыю свабоды, якая дапамагае перамагчы кайзера.

Чаплін зьдзекуецца з ворага, напрыклад, калі літаральна адпраўляе кайзера ўдарам у накаўт, або калі паказвае, як за ім гоніцца сабака.

15 хвілінаў, выдаткаваных на гэтую кароткамэтражку — вартыя таго.

 

Нумар 9. Імігрант (The Immigrant). 1917

the_immigrant_1.jpg

У фільме Чаплін у ролі беднага імігранта, які прыплывае ў Злучаныя Штаты з надзеямі і марамі, але сутыкаецца са шматлікімі праблемамі і перашкодамі на сваім шляху. У стужкі просты, але захапляльны сюжэт, які распавядае пра галоўнага героя ад яго падарожжа праз Атлянтычны акіян да яго прыгодаў у Нью-Ёрку.

Адначасова з гэтым стужка адлюстроўвае ўласны досьвед і погляды Чапліна як імігранта, якім ён калісьці быў. Фільм адлюстроўвае цяжкасьці і барацьбу імігрантаў у гумарыстычнай форме. І разам з тым таксама крытыкуе несправядлівасьць і забабоны, зь якімі імігранты сутыкаюцца на сваёй новай зямлі.

 

Нумар 8. Цырк (The Circus). 1928

the_circus.jpg

У гэтай камедыі Чаплін зьняўся ў ролі Валацугі, які выпадкова стаў зоркай цырка, што дыхаў на ладан, але закахаўся ў дачку цыркача, якая закаханая ў іншага артыста.

Калі вы жадалі паглядзець на жыцьцё цыркавых артыстаў, якія бадзяюцца па сьвету ў пошуку новых гледачоў — паглядзіце нямы фільм Чапліна. Яго герой будзе ратавацца ад паліцыі (як знаёма нам усім), а калі атрымае раптоўны шанец зьмяніць сваё жыцьцё — стане перад новым выбарам.

Каханая дзяўчына, чыё сэрца належыць іншаму, ці ўласная свабода. Выбар Валацугі ўбачым бліжэй да канца.

 

Нумар 7. Графіня з Ганконгу (A Countess from Hong Kong). 1967

a_countess_from_hong_kong.jpg

Апошні фільм, у якім зьняўся як актор, а таксама быў у якасьці рэжысэра Чарлі Чаплін. Стужка каляровая, з гукам, а таксама з удзелам суперзорак: Марлона Брандо і Сафі Ларэн. На жаль, разгром ад крытыкаў і правал у пракаце закінулі Чапліна ў страшэнную дэпрэсію, што і стала прычынай адмовы ад наступных сур’ёзных праэктаў.

Гэта таксама яго першы фільм без фірмовага героя Валацугі. Зрэшты, нават такія зорныя імёны ў якасьці галоўных герояў не выратавалі карціну, бо сапраўднай “хіміі” паміж імі не заўважна.

Ня гледзячы на сур’ёзныя недахопы, стужка безумоўна вартая прагляду, каб убачыць майстэрства аўтара без яго ўлюбёных і правераных часам загатаваных прыёмаў.

 

Нумар 6. На плячо! (Shoulder Arms). 1918

shoulder_arms.jpg

Гледачы зноў сустрэнуць Валацугу, калі яго прызываюць у армію падчас Першай сусьветнай вайны. Нягледзячы на адсутнасьць ваеннай падрыхтоўкі, яго адпраўляюць на лінію фронту, і герой Чапліна павінны пераадолець небясьпекі вайны, знаходзячы спосабы ўзьняць баявы настрой сабе і іншым жаўнерам.

У той час як камедыі таго часу абапіраліся на просты гумар, гумар Чапліна быў больш тонкім. Ён выкарыстоўваў міміку і дробныя жэсты, каб перадаць эмоцыі і перажываньні герояў. Такім чынам рабіў свае фільмы больш блізкімі да гледачоў.

Аператарская праца дынамічная і захапляльная. Сцэны вайны здымаліся вось ужо 105 гадоў таму, але выглядаюць не горш за сучасныя.

 

Нумар 5. Малы (The Kid). 1921

the_kid.jpg

У гэтай стужцы герой Чарлі Чапліна сустракае маленькага хлопчыка проста на вуліцах вялікага горада, і становіцца для яго адзінымі дзьвярыма ў дзіўны і небясьпечны сьвет тагачаснага грамадзтва.

Чаплін выкарыстоўвае шэраг прыёмаў, каб перадаць эмоцыі і ўчынкі герояў, не абапіраючыся на дыялёгі. Гледачы ў нейкі момант могуць забыць, што перад іх вачыма нямы фільм: на столькі якасна граюць два асноўных акторы.

Аператарская праца, хоць і простая па сучасных мерках, эфектыўна перадае настрой і атмасфэру кожнай сцэны. Чарлі падкрэсьлівае кантраст паміж шумным горадам і больш інтымнымі момантамі паміж Валацугай і дзіцём.

 

Нумар 4. Залатая ліхаманка (The Gold Rush). 1925

the_gold_rush.jpg

Ад пачатку да канца «Залатая ліхаманка» — гэта шэдэўральная захапляльная гісторыя, якая адначасова будзе вас кранаць і весяліць.

Фільм распавядае пра прыгоды Валацугі, калі ён скіроўваецца ў Клёндайк у пошуках золата. Па дарозе ён сустракае шэраг выдатным чынам паказаных і апісаных герояў. «Хімія» паміж Чапліным і яго калегамі напраўду электрычная, і глядзець на іх — адно задавальненьне.

Адной з самых запамінальных сцэнаў у фільме зьяўляецца знакаміты «танец ролікаў», у якім Валацуга і Джорджыя таньчаць разам, выкарыстоўваючы ролікі ў якасьці канькоў. Вы дакладна бачылі ўрыўкі з гэтай кінаклясыкі, абнавіце памяць і паглядзіце ўвесь фільм цалкам.

 

Нумар 3. Агні горада (City Lights). 1931

city_lights.jpg

Фільм распавядае новую гісторыю Валацугі, які закахаўся ў сьляпую дзяўчыну, якая прадае кветкі. Ён зьбіраецца сабраць грошы на яе аперацыю па выратаваньні зроку. Уражвае выкарыстаньне ў стужцы сьвятла і цені, шматлікія сцэны адбываюцца ў прыцемках або ў начной цемры.

Ларс фон Трыер, зь яго культавым фільмам «Тая, што таньчыць у цемры» — зьяўляецца новай дэтальлю ланцужка, які пачаў выбудоўваць Чарлі Чаплін дзесяцігодзьдзі таму.

Апошняя сцэна, напоўненая прыгажосьцю, пачуцьцямі і натхненьнем не пакіне вас без дрыгату сэрца. Што ў ёй — мы вядома не праспойлерым, атрымайце асалоду самастойна.

 

Нумар 2. Вялікі дыктатар (The Great Dictator). 1940

the_great_dictator_1.jpeg

Кожны дробны дыктатарчык і той, хто толькі марыць такім стаць, безумоўна павінны паглядзець гэты шэдэўр. Чарлі Чаплін здолеў праз стужку зрабіць магутнае выказваньне як сучасьнікам так і наступным пакаленьням.

Трыюмфальны антываенны фільм паказвае Гітлера і вайскоўца варожай арміі, якія праз вонкавае падабенства ў пэўны момант зьмяняюцца месцамі. Сатырычная карціна была забароненая ў Нямеччыне і тых краінах, якія былі пад яе акупацыяй на момант выхаду ў сьвет.

 

Нумар 1. Новы час (Modern Times). 1936

modern_times.jpg

Сугучная назва нашаму выданьню па праву займае вышэйшы радок у сьпісе лепшых стужак Чарлі Чапліна.

Фільм зьяўляецца сатырычным поглядам на індустрыялізацыю і мадэрнізацыю грамадзтва ў 1930-я гады. Нягледзячы на тое, што гэта нямое кіно, фільм напоўнены тонкімі жэстамі і выразамі, якія адлюстроўваюць эмоцыі і барацьбу герояў.

Фільм у значнай ступені нямы, але разам з тым Чарлі Чаплін выкарыстоўвае гукавыя эфэкты і музыку для ўзмацненьня эмацыйнага ўзьдзеяньня ў сцэнах. Знакамітая сцэна Валацугі на канвееры, якая суправаджаецца сінхранізаванымі механічнымі шумамі, зьяўляецца сьведчаньнем здольнасьці Чапліна ствараць камедыю і праз гук.

Калі вам некалі здавалася, што фільмы Чапліна — гэта сівая даўніна, зараз цудоўная нагода абвергнуць ранейшыя думкі.

Іншыя падборкі фільмаў можна знайсьці тут