Топ-10 антываенных фільмаў
Вайна сёньня паўсюль. Другая гадавіна страшэннага ўварваньня ва Ўкраіну прымушае шукаць адказы на тое, што зрабіць наступны раз, каб новы жах вайны больш не зьявіўся на Зямлі. Мы падрыхтавалі сьпіс з найлепшых стужак, у якіх выразным чынам прасочваецца антываенная тэматыка. Прыемнага прагляду, і – не вайне!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. М.Э.Ш. (MASH). 1970
Робэрт Олтмэн зьняў зьедлевую сатыру на вайну. Стужка атрымала Залатую пальмавую галіну на кінафэсьце ў Канах. Дзеяньне фільма адбываецца на фоне вайны ў Карэі дваццаць гадоў напярэдадні выхаду стужкі, але адначасова з гэтым гучыць як жорсткая крытыка вайны ў В'етнаме.
Геніяльнасьць фільма заключаецца ў яго здольнасьці зьмешваць цёмныя рэаліі зоны ваенных дзеяньняў з абсурдам і фарсам, тым самым падкрэсьліваючы вар'яцтва вайны, але не зьвяртаючыся ў гэтым выпадку да чыстага жанру драмы.
Героі гісторыі – не вайскоўцы, але хірургі, якія сутыкаюцца з тым, што застаецца ад вайскоўцаў пасьля чарговай вайсковай вылазкі. Чорны гумар лекараў дазваляе ім застацца людзьмі ў той час, калі галоўная мэта людзей заключаецца ў забойстве іншых.
Нумар 9. Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў атамную бомбу (Dr. Strangelove or: How I Learned to Stop Worrying and Love the Bomb). 1964
Сьмешны фільм пра ядзерную вайну з такой доўгай мудрагелістай назвай. Стэнлі Кубрык стварыў шэдэўральную стужку. Найперш — гэта камэдыя. Стварыць іранічны фільм пра ядзерную вайну — тое яшчэ выпрабаваньне. Кубрык за гэта атрымаў намінацыю на Оскар як найлепшы рэжысэр, а сам фільм быў вылучаны яшчэ ў трох: найлепшы фільм года, найлепшы адаптаваны сцэнар і найлепшая мужчынская роля (Пітэр Сэлерс). Актор выканаў цэлых тры ролі ў фільме: амерыканскага прэзідэнта, брытанскага вайскоўца, а таксама прыкаванага да інваліднага вазка нямецкага навукоўца Стрэйнджлава.
Напачатку фільма адзін з амэрыканскіх генэралаў лічыць, што камуністы зьбіраюцца скрасьці «цялесныя сокі» амерыканцаў (што гэта значыць, даведаецеся падчас прагляду), і скіроўвае самалёты з бомбамі на Маскву. Што будзе далей — глядзіце самі ў гэтым цудоўным фільме.
Нумар 8. Нічыя зямля (No Man's Land). 2001
Рэжысэр Даніс Танавіч запрашае гледачоў на сваю радзіму – Босьнію. Гэты ў значнай ступені камедыйны фільм паказвае абсурд і трагедыю вайны. У гэтай стужцы падзеі разгортваюцца адносна нядаўна, у 90-я гады мінулага стагодзьдзя, калі на тэрыторыі Босьніі адбывалася крывавая разьня. Вайна паміж сэрбамі, басьнякамі і ўсімі навокал.
Праз гісторыю трох жаўнераў, дваіх басьнійцаў і сэрба, якія апынуліся ў пастцы ў траншэі на нічыйнай зямлі паміж варожымі лініямі, рэжысэр прапануе мікра погляд на вялікае вар'яцтва, якім і зьяўляецца вайна. Адзін з траіх – ляжыць на міне, і калі ён уздымецца, ці калі яго паспрабаваць узьняць – адбудзецца выбух.
Адзін з дзеючых асобаў стужкі — міратворца ААН, які падкрэсьлівае марны і бюракратычны характар установы, якая павінна стужыць захвальнікам міру на ўсёй зямлі.
Нумар 7. На Заходнім фронце бяз зьменаў (Im Westen nichts Neues). 2022
Новая экранізацыя несьмяротнага гіта Эрыха Марыі Рэмарка. Стужку можна назваць антываенным гімнам нашага часу. Бессэнсоўнасьць і жахлівасьць любога кожнага новага дня на вайне становіцца крыштальна зразумелай дзякуючы шыкоўнай апэратарскай працы. І калі сюжэт верагодна зьяўляецца агульна вядомым, яго раскрыцьцё на экране выклікае поўнае захапленьне. Хвіліны прапагандысцкай апрацоўкі падлеткаў напярэдадні іх адпраўкі на фронт, дзе іх, па словах генэралаў, чакае хуткі марш па цэнтральных вуліцах варожай сталіцы (у дадзеным выпадку Парыжа) рэзка кантрастуюць з рэальным становішчам.
Моцныя кадры, калі яшчэ нядаўна фанабэрысты юнак, які з ахвотаю апрануў форму, скуголіць у акопе і кліча маму. Але наперадзе чакаюць бязглуздая жорсткасьць і ганебная будучыня.
Пры праглядзе задайце сабе пытаньне, ці суперажываеце вы гэтым жаўнерам, у якіх ня будзе нічога добрага.
Нумар 6. Хірасіма, маё каханьне (Hiroshima mon amour). 1959
Абсалютна францускі фільм пра Японію. У цэнтры гісторыі Алэна Рэнэ — японскі архітэктар і акторка з Францыі. Іх пачуцьці нараджаюцца пасьля вайны, пасьля атамнай бомбы, калі краіна, дзе ўзыходзіць сонца, спрабуе намацаць сваю новую ідэнтычнасьць, а героі нясуць праз жыцьцё цяжар уласных жорсткіх момантаў.
Як пісалі пасьля прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце — «фільм выбухнуў як бомба». Вельмі чульлівым чынам спадарожнічае тэма жахлівага рэха вайны і адносінаў, якія б не мелі шанцу на ўзьнікненьне без той, папярэдняй катастрофы.
Нумар 5. Джоні ўзяў сваю стрэльбу (Johnny Got His Gun). 1971
Вострая антываенная карціна, якую зьняў рэжысэр Далтан Трамба. Яму і самому прыйшлося пазмагацца за стварэньне стужкі па яго ўласным рамане, што пабачыў сьвет яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны. У той час кніга нават была забароненая ў ЗША ў сувязі са сваёй ультраантываеншчынай.
Стужка выйшла ў час новай вайны, якая адбывалася ў В’етнаме. Зрэшты, чароўная каштоўнасьць падобных твораў – у іх па-за часовым вымярэньні. Вы з лёгкасьцю зможаце перанесьці падзеі на мінуўшчыну ці нават і на наш час.
Гісторыя на экране паказвае маладога жаўнера, які атрымаў ампутацыю амаль усяго і страціў пачуцьці з-за выбуху снарада падчас вайны. Але калі цела кажа: гэта канец, можа абудзіцца моцны дух, які запярэчыць, і павесьці чалавека далей.
Нумар 4. Выратаваньне шарагоўца Раяна (Saving Private Ryan). 1998
Гісторыя, якую немагчыма ўявіць з боку расейскіх агрэсараў у сёньняшняй вайне. Дзеяньне стужкі Стывена Спілбэрга адбываецца падчас уварваньня ў Нармандыю і апавядае пра групу амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ідуць у тыл ворага, каб вярнуць парашутыста, некалькі братоў якога ўжо былі забітыя на той дзікай вайне. У фільме зьнялася мноства цудоўных актораў, перадусім Том Хэнкс.
Чаму варта паглядзець гэтае кіно? Дадатковы адказ даюць сапраўдныя вэтэраны Другой сусьветнай. Вядомыя шматлікія факты, калі цэлыя арганізацыі былых франтавікоў складалі падзякі рэжысэру, бо карціна рэальна і праўдзіва перадавала тое, што адбывалася непасрэдна ў баявых дзеяньнях. Вайна не бывае прыгожай.
Нумар 3. Сьцежкі славы (Paths of Glory). 1957
Стэнлі Кубрык стварыў вельмі добры фільм пра вайну. Пазьбягаючы яскравых баявых відовішчаў, рэжысэр паглыбляецца ў цёмныя траншэі Першай сусьветнай вайны.
Кірк Дуглас у ролі палкоўніка стварае вобраз шчырага вайскоўца, які даведзены да мяжы зьнішчэньня самазабойчымі загадамі вышэйшага кіраўніцтва. Яго голас становіцца голасам розуму сярод ваеннага абсурду. У цэнтры фільма – яго непахісная абарона трох жаўнераў, несправядліва абвінавачаных у баязьлівасьці на полі бою.
Назва фільма, узятая са знакамітага радка «Сьцежкі славы вядуць толькі ў магілу», заключае ў сабе яго сутнасьць.
Нумар 2. Апакаліпсыс сёньня (Apocalypse Now). 1979
Трохгадзінная ваенная драма з Марлонам Брандо ў галоўнай ролі. У якасьці аднаго з вайскоўцаў выступае Робэрт Дзювал, адзін з галоўных актораў другога пляну ў кар’еры рэжысэра Фрэнсіса Форда Копалы.
Кожны аматар кінематографа мусіць азнаёміцца з Апакаліпсісам і пазьней — ніколі не забыць шэдэўр.
Выкарыстаньне вельмі яскравых колераў і сюррэалістычных вобразаў стварае атмасфэру, падобнай да наркатычнага ап’яненьня. Першая сцэна, у якой гелікоптэры пралятаюць па-над джунглямі В’етнаму падчас гучаньня песьні «The End» гурта The Doors, задае тон фільму і адразу паказвае, што далейшае ня будзе тыповым фільмам пра вайну.
Карціна засяроджваецца на тэме ўлады. Асабліва на тым, як яна можа разбэшчваць нават людзей з самымі добрымі намерамі. Фільм зьяўляецца моцным напамінам аб жахах вайны і стратах, якія яна наносіць тым, хто ў ёй удзельнічае.
Нумар 1. Па меркаваньнях сумленьня (Hacksaw Ridge). 2016
Фільм Мэла Гібсана заснаваны на цалкам рэальных падзеях падчас Другой сусьветнай вайны. Ён заснаваны на досьведзе медыка-пацыфіста, які быў хрысьціянінам-адвэнтыстам сёмага дня і адмаўляўся выкарыстоўваць у арміі агнястрэльную зброю. Больш за тое — нават мець яе пры сабе. Гібсан стварыў стужку пра сумесь гвалту і веры. Галоўны герой, якога выконвае Джэймс Гарфілд, стаў першым пацыфістам, які атрымаў мэдаль Гонару.
У фільме салдафонскія звычкі жаўнераў моцна кантрастуюць з паводзінамі і размовамі галоўнага героя. Цікавы выпадак, калі герой на вайне — гэта той, хто выратаваў жыцьці, а не той, які іх забраў. Наколькі трывалымі могуць быць вашыя перакананьні, калі сустракаюць супраціў сталі і вагню.
Прыемнага прагляду!