Таямніцы Аршанскай лаўры
У старажытнасці падземны пакручасты сход часта быў адным з атрыбутаў буйнога палаца, крэпасці ці храма і мог мець працягласць у некалькі сотняў метраў. Акрамя такіх «лабірынтаў» былі на тэрыторыі нашай краіны і унікальныя падземныя цэрквы, створаныя ў першай палове XVII ст. Адна з іх размяшчалася на тэрыторыі Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў Оршы.

Упершыню шырокая грамадскасць даведалася пра падземную праваслаўную царкву ў гонар Уваскрэсення праведнага Лазара, забытую на некалькі стагоддзяў, толькі ў пачатку ХХ-га, калі мясцовы краязнаўца Е.Цехановіч у сваіх нататках распавёў пра адкрыццё манахаў і даў падрабязнае апісанне пячорнага храма плошчай 11 квадратных метраў, які па форме нагадваў крыж, што пацверджана сучаснымі археалагічнымі раскопкамі, піша kimpress.by. Неабходнасць стварэння такога аб’екта, як і самога манастыра, была выклікана тагачаснымі ганеннямі на праваслаўе пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г.
Вялікім шчасцем для праваслаўных Оршы стала атрыманне граматы на заснаванне мужчынскага манастыра ад патрыярха Іерусалімскага Феафана ў 1620 г. Атрымаць дазвол ад тагачасных улад было куды цяжэй. Толькі аўтарытэт Багдана Статкевіча і яго заможнасць паспрыялі станоўчаму вырашэнню гэтага пытання.
Паводле архіўных даных вядома, што ў 1623 г. распачалося будаўніцтва драўлянай пяцікупальнай Богаяўленскай царквы манастыра, які атрымаў назву ад ракі Куцейна, што, як і сёння (толькі цяпер яна больш нагадвае ручаіну), суседнічала з праваслаўнай лаўрай. Таксама ў XVII ст. на тэрыторыі манастыра была пабудавана мураваная царква ў стылі барока, якая дзейнічае і сёння.
Па словах Святланы Фёдараўны, на тэрыторыі манастыра працавала вельмі шмат майстроў, у тым ліку спецыялістаў па апрацоўцы дрэва, у прыватнасці, па кругавой разьбе.

Богаяўленскі манастыр у Оршы
Дзякуючы іх вытанчанай працы манастыр упрыгожваўся кветкамі і дзіўнымі раслінамі з дрэва. Усяго ў манастырскае брацтва ўваходзіла каля 200 чалавек, сярод іх былі таксама гравёры, мастакі. Там жа выраблялася і прыгожая кафля з раслінным і геральдычным арнаментам.
Аднак не толькі гэтая дзейнасць праславіла на ўвесь славянскі свет гэты Аршанскі манастыр. Практычна ад пачатку яго дзейнасці, у 30-я гады XVII ст., па запрашэнні Багдана Статкевіча і ігумена Іаіля Труцэвіча ў лаўры распачынае актыўную дзейнасць вядомы друкар Спірыдон Собаль. Як мяркуецца, у адным з жылых манастырскіх будынкаў, што часткова захаваліся да нашых дзён, і была створана друкарня, адна з найбуйнейшых у той час на беларускіх землях. Нельга не згадаць і такі цікавы факт: манастырскія майстры працавалі нават у галіне нотадрукавання.

Богаяўленскі манастыр. Фота "Вікіпедыя"
Першай жа кнігай Спірыдона Собаля ў Оршы, дарэчы, як і Францыска Скарыны ў Празе, становіцца Псалтыр. А ў тым жа 1631 г. выходзіць і тагачасны “бестселер” — “Буквар”, адзін з першых друкаваных беларускіх падручнікаў. Менавіта Спірыдон Собаль упершыню ўвёў ва ўжытак само слова “буквар”, што цяпер азначае назву першага падручніка, па якім дзеці пачынаюць вучыцца чытаць і пісаць. Таксама ў “Буквары” былі змешчаны біблейскія тэксты і малітвы, а таксама маральна-павучальныя тэксты. Акрамя таго, яго дапаможнік па навучанні першапачатковай грамаце называўся азбукай.
Асноўнай мэтай друкарні стала выданне даступных для розных слаёў грамадства кніг рэлігійнага і асветніцкага зместу. Таму той жа “Буквар” быў выкананы толькі ў адным колеры. Тым не менш, выданні Куцеінскай друкарні вызначаюцца асаблівасцю паліграфічнага выканання — блізкасцю да традыцый беларускага народнага мастацтва, знітаваных стылістычнымі прыёмамі барока. Усяго з Куцеінскай друкарні выйшла 27 кніг. Тыраж некаторых з іх складаў больш за паўтысячы экземпляраў.

Дзейнасць манастырскай друкарні спынілася ў 1654 г. з-за вайны з Масковіяй. Як адзначаюць гісторыкі, пасля захопу Оршы ў 1656 г. расійскі цар Аляксей Міхайлавіч наведаў лаўру і быў у захапленні ад дзейнасці мясцовых майстроў. Па яго загадзе з манастыра ў Маскву былі вывезены лепшыя разьбяры па дрэве, гравёры, якія пасля працавалі ў Аружэйнай палаце Крамля, аздаблялі Каломенскі палац.
Паводле некаторых крыніц, абсталяванне друкарні было дастаўлена ў Маскву ў 1675 г. і перададзена пад кантроль Сімяона Полацкага. Канчатковы ж заняпад манастыра адбыўся пасля вайны 1812 г., калі лаўра была цалкам разрабавана. І хоць напрыканцы ХІХ ст. былі спробы аднавіць манастыр і на яго тэрыторыі нават з’явілася школа для бедных, тым не менш, у ХХ стагоддзі будынкі манастыра выкарыстоўваліся хіба што пад гаспадарчыя патрэбы, а ў 30-х гадах там нават размяшчалася ваенная частка.
Сёння манастыр хоць і павольна, але адраджаецца. Напрыканцы 1980-х ён быў перададзены праваслаўнай Царкве, і цяпер там жыве некалькі манахаў. Не так даўно адбыўся першы неабходны рамонт страхі будынка былой друкарні. Не сказалі свайго апошняга слова і айчынныя гісторыкі.

Падчас археалагічных прац у Оршы
І хоць на тэрыторыі манастыра Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў ужо некалькі археалагічных даследаванняў ды выявіў шэраг прадметаў ганчарнай керамікі, кафлі, вырабаў з дрэва і металу, але яшчэ чакае новых адкрыццяў патайны падземны сход, які, па мясцовым паданні, праходзіць пад Дняпром і злучае манастыр з цэнтрам горада.