«Раз на дваццаць пяць тысячаў гадоў»
Пад канец году ўсе мы чакаем сюрпрызаў, цудаў, зацішкаў, а калі зусім шчыра, перамогі. І такія сюрпрызы і, праўда, толькі невялікія перамогі надараюцца, варта толькі паглядзець, якія вычыны робяць беларускі і беларусы, што засталіся на радзіме і тыя, якія шчыруюць ва ўмовах выгнаньня. Перамогай і цудам варта лічыць перліны літаратуры, мастацтва, якія ствараюцца беларус-к-амі ў выгнаньні.
Амаль пад самы канец году — літаральна ўчора — мяне шармавала, уразіла, насьмяшыла, засмуціла і так смачна, кранальна зьдзівіла новая аповесьць Анкі Ўпалы — «Раз на дваццаць пяць тысячаў гадоў». Такія тэксты, сапраўды, трапляюцца рэдка. Я праглынуў яе вачыма за пару гадзінаў, прыгэтым ня мог, проста баяўся адарвацца, ускалынуцца, спалохаць гэты чароўны момант, які цяпер здараецца з намі так рэдка. Здаўна я не чытаў нічога падобнага ані ў беларускай, ані ў замежнай літаратуры: псыхалягічны тэкст з надзвычай трапнымі, цікавымі назіраньнямі за беларускім і яшчэ швэдзкім жыцьцём, нечаканыя беларуска-швэдзкія паралелі, а на тле разьвіваецца прыяцельства паміж маладой беларускай і немалодой швэдкай, а яшчэ раптам і сяброўства на мяжы з каханьнем паміж той самай маладой беларускай і колішняй суданскай аднагрупніцай-сяброўкай па клясе швэдзкай мовы.
Дарэчы, тэма сяброўства на мяжы з каханьням заслугоўвае асобнай ухвалы і ўвагі. У сусьветнай літаратуры гэтай далікатнай тэме прысьвечана шмат тэкстаў, а вось у беларускай такіх тэкстаў адзінкі. Анка Ўпала ўпэўнена ўводзіць нас у свой сьвет прыяцельства і сяброўства, а потым раптам асьцярожнічае і мы ўжо апыньваемся ў сьвеце, дзе мяжа сяброўства-каханьне размываецца, зьнікае і варта шукаць патрэбныя словы, якія так цяжка спаўзаюць да вуснаў. Трапна геройка аповесьці разважае:
«Падбіраць словы для іншых нашмат лягчэй, чым рабіць гэта для сябе».
І ўсё ж геройка знаходзіць адвагу і прамаўляе словы, якія хутчэй па ўсім спаляць масты да сяброўства, а ці пабудуюць новы мост да каханьня? У чаканьні адказу на гэтае пытаньне вы мімаволі і самі ўзгадваеце падобныя гісторыі сяброўства, якія нечакана перакідваліся каханьнем…
Крыштальны і дыхтоўны інтымна-публічны тэкст, своеасаблівы філязофскі дзёньнік, які стаўся нятоўстым у сучаснай францускай традыцыі раманам, але ж вызначаны, згодна зь беларускім канонам, як аповесьць. Гісторыя жыцьця ці дакладней кавалак з жыцьця беларускі, якая вандруе па Эўропе, завязвае беларуска-эўрапейскія жыцьцёвыя вузлы і вяртаецца дамоў у той самы час, калі Беларусь выбухае 2020-м годам. Твор інтрыгоўны, захапляльны, гісторыя перакідвае нас то з расейскамоўнай, часта мацюгальнай і расейскаарыентаванай Беларусі ў шкварную летнюю Швэдыю, у Стакгольм, дзе «на дахах гаспадарыць не Карлсан, а рабочыя-рамонтнікі», то зноў назад у Менск, у Зялёны Луг. Аповесьць да ўсяго часта служыць своеасаблівым крытычным гідам па Швэдыі і Беларусі…
Дарэчы, эстэтычную вокладку кнігі зрабіла вядомая беларуская дызайнэрка Ала Пігальская.
Аповесьць зьяўляецца залацінкай эўрапейскай псыхалягічнай прозы і, ня будзе лішнім дадаць, беларускай квір-літаратуры. Новая кніга Анкі Ўпалы сталася непаўторным калядным падарункам, а таксама, няма сумневу, гэтая кніга яшчэ грамыхне ў наступным годзе. Вернемся да гэтай тэмы роўна праз год, калі чытацтва зразумее, што мае на ўвазе аўтарка пад гэтай рамантычнай і натхняльнай назвай «Раз на дваццаць пяць тысячаў гадоў». А для мяне гэтая кніга ўжо сталася лепшай кнігай году.