Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Ежы Гедройця
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць прыём заявак на XII сезон літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Па выніках конкурсу журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы, выдадзеныя ў 2022 годзе.
Арганізатары інфармуюць: для ўдзелу аўтару спатрэбіцца запоўніць google-форму і даслаць электронны варыянт вашай кнігі, выдадзенай у 2022 годзе, у фармаце тэкставага дакумента Microsoft Word або PDF. Пры магчымасці таксама — перадаць папяровую версію кнігі.
Літаратурная
прэмія імя Ежы Гедройця — прэмія, заснаваная 28 снежня 2011 года, якая
прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, якая выдадзена (у папяровым або
электронным варыянтах) у папярэднім годзе (адносна часу прысуджэння прэміі), на
беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмія была названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.
Пераможцамі прэміі
станавіліся Павал Касцюкевіч («Зборная РБ па негалоўных відах спорту», 2012),
Уладзімір Някляеў («Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», 2013), Ігар Бабкоў («Хвілінка:
Тры гісторыі», 2014), Віктар Казько («Час збіраць косці», 2015), Макс Шчур («Завяршыць
гештальт», 2016), Зміцер Бартосік («Быў у пана верабейка гаварушчы», 2017), Уладзімір
Арлоў («Танцы над горадам», 2018), Ілля Сін («Libido», 2019), Сяргей Дубавец («Тантамарэскі»,
2020), Ева Вежнавец («Па што ідзеш, воўча?», 2021), Сяргей Абламейка («Невядомы
Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая», 2022).