Прыборка снегу і нацыянальны характар
Толькі фізічна моцная, загартаваная і спартыўная істота, якая ведае, з якога боку брацца за рыдлёўку, можа кіраваць механічным транспартным сродкам узімку ў Беларусі.
Гэта раней, за панамі, так было, што аўтамабіль дапамагаў перасоўвацца па горадзе ў тым ліку тым, у каго не стае сіл рабіць гэта на тралейбусах. Пенсіянерам, маладым мамачкам ды іншым ненакачаным індывідам, якія думаюць, што мазоль — гэта аэразоль супраць молі. Пасля выхаду пастановы пра прыборку снегу кожны міліметр ападкаў стаў жорсткім выпрабаваннем, прычым не толькі цягліц, але і сацыяльных здольнасцяў тых, хто думае, што мае права выязджаць з дому на чатырох колах.
Раней было: завёўся (калі завёўся), выграбся з гурбаў (калі выграбся) і паехаў. Цяпер язда — гэта ганаровая ўзнагарода, якую атрымлівае той, хто здольны прайсці квэст «ачысці стаяначнае месца і нікога пры гэтым не прыбі».
Усё пачынаецца з пошуку шуфля. Не, зразумела, вы можаце паспрабаваць пачысціць снег пластыкавай рыдлёвачкай, набытай на запраўцы і цяпер утульненька ўмарожанай у багажнік. Але гэтая пстрычка шуфлюе пагана, снегу бярэ мала і пампуе квола, бы той інтэрнэт на картках. Таму як тэатр пачынаецца з пошуку гардэробу з вешалкай, язда пачынаецца з пошуку цётачкі з жалязняком.
Гэта першае выпрабаванне, бо а) трэба ведаць, дзе тая цётачка хаваецца; б) трэба прасіць шуфель так, каб цётачку не спужаць. Звярніцеся да яе, ветэранкі службы ў ЖКГ, па-беларуску, і яна ўмомант успомніць, як блакітнавокай дзяўчынкай яшчэ ўлёткі «Зубра» зрывала. І ў шуфлі вам катэгарычна адмовіць. І будзеце вы шуфляваць сваім пластыкавым савочкам. Таму зазірніце ў яе вочы, разглядзіце ў іх пяшчотную маму і апелюйце да яе. На зразумелай ёй мове, на якой спяваюць Лепс і Лешчанка. Не атрымалася? Ну, наступным разам папрактыкуйцеся перад люстрам.
Затым ідзе другі этап. Падыход да машыны. Тут вы дазнаецеся ўсё, што пра вас насамрэч думаюць суседзі.
Бо, ведаеце, жыццё ў Беларусі ў 2017 годзе дае вельмі абмежаваную колькасць магчымасцяў для выхаду сацыяльнай нянавісці. І вас могуць шчыра ненавідзець за надта шыкоўную тачылу, а пры сустрэчы здароўкацца і нават ручкацца. А нянавісць — яна там, у сэрцы, пячэ і чакае снегу. І вось снег выпадае. І вашы дарагія суседзі выходзяць чысціць месцы каля машын. І вось ён — той салодкі момант, калі можна выказацца па вашым аўтамабілі ў поўны, як пеў Барыс Грабеншчыкоў, рост. І калі вас лічаць закончаным гаўнюком, снег з машын будуць ссыпаць проста на дах вашай любімай. А калі абразілі не ўсіх суседскіх багоў, а толькі некалькіх (ну, то бок калі машына ў вас узроўню шасцігадовай Honda CR-V, а не Toyota Land Cruiser 2016), вам сфармуюць гурбачку на азадку.
Важная акалічнасць: помста снегам — рэч абсалютна канвенцыйная, і ў КаАП за яе адказнасці не прадугледжана. Нават калі вы пойдзеце на канфлікт, вам патлумачаць: чаго ты крычыш? А куды нам снег было кідаць? Не ў космас жа яго засылаць на касмічным апараце «Белка», тым болей яна колькі год як ляснулася!
Кароча, вось рыдлёўка ў вашых руках, вось у рыдлёўцы горачка снегу. Куды вы яго кінеце? На тачку суседзяў? На ўзбочыну? На газон? Як бачыце, жыццё фізічна загартаванага аўтаўладальніка ўзімку поўнае экзістэнцыйных пытанняў.
Калі бліжэй да вечара месца вакол машыны ўжо прыбранае, вы адчуваеце тую працавітую асалоду, дзеля якой гарадскія ўлады і ўводзілі гэты пункцік. Цела ные. Хочацца легчы і паспаць. Абавязкова трэба прыняць душ. Пакуль вы адпачываеце і мыецеся, пачынаецца завея, і машыну замятае яшчэ раз. Сізіф, кажуць, нарадзіўся ў Беларусі.
Але нават калі вы з’едзеце з двара (суседзі, канечне ж, пільна назіралі з-за фіраначак за кожнай эвалюцыяй вашай рыдлёўкі, бо Беларусь — краіна партызанская), на гэтым вашы выпрабаванні ападкамі не скончацца. Бо вось вы з’ездзілі ў офіс. Вось вы павіншавалі ўсіх дзеўчын там з Новым годам і пакалядавалі на карпаратыве. Вось вы вярнуліся назад. І тут вы сутыкаецеся адразу з дзвюма неспадзяванкамі.
Па-першае, вашае месца занятае. Той крахюткі кавалачак асфальту, які вы старанна габлявалі, аралі, скублі і церлі, які вы аздобілі сваім крывавым потам, акупаваў нейкі хмурод на навюткім Land Rover Discovery (вы па-за жаданнем адзначаеце, што тачыла каштуе даражэй за вашу, і гэта дадае пекнасці моманту). І тут да вас неяк раптоўна даходзіць, што вы не маеце аніякага права на той самы кавалачак асфальту. І што, абавязаўшы вас чысціць і скубці яго, дзяржава не надзяліла вас аніякімі правамі на эксклюзіўнае захоўванне аўто на ім.
Другая неспадзяванка палягае ў тым, што вам элементарна няма куды ўсунуць вашы чатыры колы. Бо ўсе астатнія месцы ў двары таксама нехта чысціў, і той, хто чысціў, хутка прыедзе і будзе мець прэтэнзіі на сваю аўтадзялянку.
Вялікая таямніца, чаму дагэтуль у Беларусі не пачаліся эпічныя дваровыя войны. Толькі загадкавай талерантнасцю беларусаў гэта і можна патлумачыць.
У рэзультаце вы валачэцеся за тры кіламетры на стаянку ля гіпермаркета, скуль вас уночы трыумфальна забірае эвакуатар, бо, як вам потым патлумачаць у службы бяспецы, трэба было разуць вочы і глядзець на знакі, якія забараняюць кідаць свой хлам пасля 23.00.
На гэтай аптымістычнай ноце мне і варта было б скончыць гэты аповед, але я, дзівак, хачу дадаць тры абзацы, напісаныя сур’ёзна.
Увядзенне адказнасці за непрыборку снегу вакол машын ды прызначэнне прадстаўнікоў ЖКГ кантралёрамі за тую прыборку — гэта вельмі шызафрэнічная мера. Бо цяпер спецыялісты, якія мусілі выконваць працу, за якую атрымліваюць фінансаванне з нашых з вамі падаткаў, ператварыліся ў кантралёраў за тым, каб тую працу рабілі мы самі. І я б пагадзіўся з Антонам Матолькам, які тую меру паспяшаўся ўхваліць, калі б мы валодалі правам уласнасці на тэрыторыі, якія нас заканадаўча абавязалі прыбіраць.
Але паколькі прастора двароў знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, яна можа падлягаць толькі камунальнай адказнасці і ніяк інакш. Горад мусіць зберагаць яе. Той самы горад, які пілуе дрэвы, не запытаўшыся ў жыхароў, і з уласнай ініцыятывы ператварае дзіцячыя пляцоўкі ў катлаваны для чарговага гандлёвага цэнтра. Усё, чаго можна патрабаваць ад нас як ад грамадзянаў у такіх умовах, — беражлівага стаўлення да жыллёвага наваколля: мы абяцаем не пляваць на стэнды з нагляднай агітацыяй і аб’явамі ЖКГ і пакідаць бруд у сметніцах, якія яшчэ не прыбралі ў межах кампаніі па аптымізацыі выдаткаў на дворнікаў.
Калі гэтая мера не будзе перагледжаная, наступным крокам яны абавяжуць нас самастойна пасыпаць дарогі соллю ды пяском, мяняць цеплатрасы і перакрываць шыфер над кватэрамі. І ўвядуць адказнасць за ўхіленне, абавязаўшы ЖКГ сачыць за нашымі поспехамі.
budzma.by