«Правесці канікулы з карысцю і атрымаць веды пра Беларусь»: падарунак школьнікам ад адукацыйнага праекту “Васьміног” з нагоды Дня дзяцей
З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей, які штогод адзначаецца 1 чэрвеня, праект «Васьміног» афіцыйна адкрывае анлайн-курсы для дзяцей школьнага ўзросту.
Праект «Васьміног» адкрывае анлайн-курсы для дзяцей школьнага ўзросту. Усе прапанаваныя прадметы можна праходзіць у асінхронным рэжыме, у зручны час і самастойна. Задачы ў кожным курсе складзеныя з улікам узроставых і кагнітыўных асаблівасцей дзяцей, спалучаюць найноўшыя распрацоўкі ў галіне інавацыйнай анлайн-педагогікі. Для падвышэння інтарэсу дзяцей да навучальнага працэсу распрацоўшчыкі прадметаў, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі, выкарыстоўвалі элементы анімацыі і крэатыўныя задачы.
У аснове канцэпцыі навучальных курсаў — ідэя пра тое, што на сайце «Васьмінога» беларускія дзеці, якія апынуліся ў эміграцыі, а таксама іх аднагодкі ў самой Беларусі могуць атрымаць веды, якіх ім не даюць у іх навучальных установах. Гаворка ідзе пра дысцыпліны з беларусацэнтрычным падыходам. «Пра гэта вам не раскажуць у школе» — такую творчую задачу ставілі перад сабой стваральнікі курсаў.
Сярод прадметаў, што могуць зацікавіць маленькіх беларусаў, якія толькі пачынаюць вывучаць літары і робяць першыя крокі ў засваенні беларускай мовы:
- Курс хуткачытання для дзетак праз забаўкі, квэсты, размалёўкі і творчае мысленне;
- Захапляльнае беларускамоўнае падарожжа анімаваных герояў Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак «А-Я Чытаю на роднай мове»;
- Курс «Чароўны карагод года» з сапраўднымі іншапланетнікамі, якія з захапленнем вывучаюць сусвет ды беларускую мову;
- Дзівосная вандроўка ў чароўны лес, дзе кожная жывёлка ўмее размаўляць і дапаможа дзеткам вывучыць алфавіт і нават чытаць (курс «Вучымся чытаць» з інтэрактыўнымі заданнямі ды захапляльнымі пазламі, дзе кожная літара — гэта прыгода);
- Курс сцэнічнай прамовы і тэатра «Гавары-ка!», што ідэальна падыходзіць для малодшых школьнікаў, якія мараць выйсці на сцэну.
Для падлеткаў: курс па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, курс «Беларусь праз стагоддзі», курс па філасофіі «Святло з пячоры Платона», курс «Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х», літаратурны курс «Знак бяды» пра твор Васіля Быкава, «Жанчыны ў гісторыі Беларусі» і іншае.
«Мы рады прадставіць зусім новую адукацыйную платформу, распрацаваную спецыяльна для беларускіх дзяцей, напоўненую курсамі, якія аднолькава абяцаюць задавальненне і навучанне. Наша платформа простая ў карыстанні і даступная з дому або ў дарозе. Незалежна ад таго, пачатковец вы, філосаф ці будучы гісторык — тут кожны знойдзе што-небудзь для сябе. Далучайцеся да нас, каб не толькі вучыцца, але і кінуць выклік вашай творчасці і абудзіць вашу цікаўнасць», — запрашае да навучання на платформе «Васьмінога» кіраўнік адукацыйнага праекта Аляксей Канстанцінаў.
Кожнае дзіця знойдзе для сябе цікавыя курсы, якія ўзбагацяць веды пра нашу Беларусь. Усё па-беларуску, анлайн і ў зручны час. Запрашаем прайсці анлайн-курсы «Васьмінога» на сайце Vasminoh.
Адукацыйны праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай радай культуры. Яго афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. «Васьміног» адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.
Калі ў вас засталіся пытанні, можна напісаць на пошту адукацыйнага праекта: vasminoh.school@gmail.com.