«Песні матчыны з Вушаччыны» прагучалі ў філармоніі (фота)
З нагоды народзінаў Рыгора Барадуліна 24 лютага ў малой залі Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў лірычны вечар «Песні матчыны з Вушаччыны». На ім выступілі фольк-гурт «Re1ikt», этна-гурт «Vuraj», калектыў «Harmonic style project», фальклорны гурт «Варган» і Дуэт Ірэна Катвіцкая і Вера Саламонік.
Канцэрт атрымаў такую назву нездарма. Рыгор Барадулін нарадзіўся на Ушаччыне, якую пяшчотна называў Вушача. Гэтаму кутку Віцебшчыны паэт прысвяціў шэраг сваіх вершаў. Другой важнай тэмай у творчасці паэта была яго маці. Акуліна Андрэеўна праз народныя песні з малых гадоў прывіла ў Барадуліна любоў да мовы і беларушчыны. І ў 2005 годзе Дзядзька Рыгор апублікаваў зборнік «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны» — нястомны праваднік па фальклору роднай для народнага паэта Беларусі Вушаччыне. Абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя і гуллівыя, дасціпныя і каларытныя, сціплыя і скаромныя. Сабраныя за бяседньім сталом — памяці i ўдзякі маме паэта і крэўнікам, якія праз вякі пранеслі крывіцкае слова, неўміручае сваёй паганскай шчырасцю — менавіта вось так ахарактарызавалі гэты зборнік.
Усе квіткі ў адносна невялікую залу былы раскуплены. Паслухаць выступоўцаў прыйшлі з большага людзі сталыя, але можна было сустрэць і маладыя твары. На імпрэзу завіталі пісьменнік Віктар Марціновіч, журналісты Глеб Лабадзенка і Сяргей Шапран, таксама прысутнічала і ўдава паэта Валянціна Міхайлаўна.
Вечар распачаўся музычным выкананнем Віктара Сямашкі «A ў цёмным лесе сава кувічыць…».
Далей вечар працягнуўся выступам народнага калектыву з Полацку «Варган». Гурт пастараўся перанесці гледачоў на Віцебшчыну часоў юнацтва Барадуліна праз свае спевы і танцы. Трэцімі гасцямі вечару былі даволі маладыя выступоўцы дуэту Ірэны Катвіцкай і Веры Саламонік, якія выканалі некалькі песень пад акампанімент віяланчэлі. Затым выступіў публіцыст Міхась Скобла. Творца прачытаў некалькі вершаў паэта. Адзін з іх — барадулінскі пераклад малітвы «Ойча наш». Таксама Скобла параўнаў творчыя дасягненні Барадуліна з антычным Гамерам.
Дуэт Ірэны Катвіцкай і Веры Саламонік
Міхась Скобла
На другую гадзіну вечара распачалася больш класічная канцэртная праграма з выступам кранальных «Vuraj», вясёлых «Harmonic style project» і лірычных «Re1ikt». Закончыўся канцэрт агульным спевам усіх выканаўцаў і гледачоў «А лятала шэра перапёлка…».
«Harmonic style project»