«Пешаходка»: ад афрыканскіх танцаў да беларускіх спеваў (фота)
Усіх мінчан, хто на вялікія выходныя не з’ехаў з горада, 3 ліпеня чакала традыцыйная «Пешаходка» ў Верхнім горадзе.
Там адразу на 4 сцэнах выступалі больш за дзясятак музычных і танцавальных праектаў. Хэдлайнерамі вечара сталі гурты «Shuma» i «Intelligency».
Мы завіталі спачатку на Карэтны дворык, дзе аўтэнтычным танцам вучыў саліст гурта «Afrococoa» Олівер.
Для Беларусі калектыў даволі нестандартны. Ён сумяшчае нігерыйскія спевы, сусветны блюз і рэгі. А ў гэты час на Музычным завулку гралі Аксана «Палій і Streetband», у якіх таксама прасочвалася афрыканская музыка.
На галоўнай жа сцэне хіты «Песняроў» выконваў калектыў «Спадчына». Адразу за ім выйшла «Shuma». Цікавыя кантрасты.
Дзяўчыны на кожны свой выступ выбіраюць адмысловае адзенне і заўсёды ствараюць
сапраўдны транс, нават на вольнымі паветры.
А ўжо ў цемры на пляцоўцы Карэтнага дворыку выйшлі «Intelligency». Каму не хапіла танцаў ля Ратушы — працягвалі танчыць там. Музыкі гралі да апошніх залпаў салюта.