Першай беларускай CD-складанцы «Вольныя танцы» — 20 год
Праект «Вольныя танцы: Слухай Сваё!» стаў першым дыскам у каталогу лэйбла «БМА group» і першай CD-складанкай альтэрнатыўнай беларускамоўнай музыкі ў гісторыі.
Ідэя выдаць беларускую кампіляцыю прыходзіла да галавы тагачасным айчынным выдаўцам, але вырашыліся на гэты крок не буйныя гульцы «Ковчег» і «Вігма», а прыхільнікі беларускай музыкі Віталь Супрановіч і Сяржук Сахараў, якім на той час было 18-19 год. Сваю ініцыятыву яны назвалі «БМА group». А складанку назвалі «Вольныя танцы» – пад уплывам ад улюбёнай сваёй песні гурта Ulis «Танцы на даху». Выданню дыска папярэднічала серыя канцэртаў па ўсёй Беларусі, які зладзіў новаўтвораны лэйбл.
Агульнае складанне кампіляцыі заняло літаральна тры гадзіны. На зборнік патрапілі прадстаўнікі розных накірункаў музыкі (рок, панк, фольк, нойз ды інш.), як ветэраны сцэны, так і зусім маладыя гурты. Сяргей Сахараў кажа, што калі яны пачыналі працаваць, то арыентаваліся на тых, хто слухае рок, таму што з поп-музыкай «тады быў гамон поўны». Аснова кампіляцыі — кампазіцыі ад вядучых камандаў краіны: адроджаны (як аказалася ненадоўга) «Мясцовы час» з песьняй пра дурнаватага камандзіра, «Уліс» з вакалам Алега Тумашова, «Крама» з забароненым на ТВ і радыё «Гомельскім вальсам», N.R.M. і Кася Камоцкая прадстаўленыя нават двума песьнямі. Усе трэкі – беларускамоўныя. Выключэнне зрабілі толькі для «Нейра дзюбеля», але і той прэзэнтаваў для складанкі зусім новую песню з красамоўнай назвай «Belarus Uber Alles» (у будучыні яе перакладуць на беларускую).
Самай вялікай праблемай была якасць запісаў. Сяргей Сахараў згадвае, што выканаўцы прыносілі песні на дыскетах, і гэта было нармальна. «Шмат хто мог прыцягнуць на касетах, нейкіх асаблівых прафесійных касетах, і ты проста не ведаў, што рабіць, таму што былі праблемы з перагонам. Вось гэта быў сапраўды такі чэлендж, як мае быць. Страшна ўзгадаць».
Пасля складання і звядзення, якім займаўся Сяргей «Шлёма» Лабандзіеўскі. Дагэтуль беларускія дыскі калі і выходзілі, дык рабіліся ў хатніх умовах: наклад запісваўся на сваёй нарэзцы, налепка на дыск рабілася на матрычным прынтары і дыскі ішлі на продаж. Пакупнікі часьцяком іх вярталі праз нізкую якасць запісу. Віталь Супрановіч тады пастанавіў парваць гэтае ганебнае кола. Таму што было зразумела, што музыка на дысках становіцца даступная. Касеты пры канцы 1990-х ужо адыходзілі: «Пад канец 1990- х дыскі каштавалі не 15-20$, як у 1994-ым годзе, пры заробку 35$. Дыскі ўжо каштавалі 2-3$, і людзі маглі іх купляць, прайгравальнікі пачалі з'яўляцца паўсюдна».
Друкавалі наклад першай беларускай CD-складанкі ў Ізраілі. «Я не памятаю, чаму тады не спрацавала Масква. Звычайна ўсё адвозілі друкавацца туды, бо межаў не было. Якім чынам яно тады трапіла ў Ізраіль – для мяне таямніца. Але мне падабаецца думаць, што беларуская музыка прайшла ўсе тыя межы», – кажа Сяргей Сахараў.
«Вольныя танцы» разышліся са свістам. Альбом належным чынам ацаніла публіка — гэта быў сапраўды якасны прадукт. У сакавіку 1999 годзе прайшло некалькі канцэртаў-прэзентацыяў. Слоган «Слухай сваё» пайшоў у масы. Пасля гэтага штогод выходзілі падобныя складанкі. Лейбл «БМА group» пачаў актыўна арганізоўваць канцэрты і выдаваць альбомы беларускамоўных выканаўцаў ад бардаў да металістаў і схіляць усіх спяваць па-беларуску.
«Мне прыемна ўсведамляць, што мы зрабілі гэта першымі. Нармальны па якасці дыск дазваляў папулярызаваць беларускамоўную музыку. І ў нас быў добры дызайн. Лявон Раманчык – той чалавек, які даваў еўрапейскую якасць. Было не сорамна. Шмат каму «Вольныя танцы» далі зразумець, што іх музыка патрэбная. Калі мы да розных выканаўцаў звярталіся, і пасля яны бачылі, што іх круцілі, пра іх пісалі, запрашалі – гэта было крута. «О, давайце яшчэ паспрабуем штосьці запісаць!», – казалі. Дзіўныя наогул былі працэсы. Усё працавала не па схемах, а насуперак усяму, але працавала», – згадвае Сяргей Сахараў. Але сам ён неўзабаве сыйдзе з «БМА group» і зоймецца медыйным бізнесам, а лейбл паступова згорне дзейнасць.
Чаму ж так адбылося? «Адна з самых вялікіх праблем – тое, што мы часта не ўмеем перадаваць веды. Гэта тычыцца любой беларускамоўнай актыўнасці – культурнай, сацыяльнай, медыйнай. Гэты культурны гумус, як я яго называю, ён звычайна сціраецца на першым жа пакаленні. Але праз 20 год мы ўзгадваем «Вольныя танцы» – значыць, яно сапраўды засталося ў гісторыі. Для мяне гэта самае галоўнае», – зазначае прадусар першай беларускамоўнай складанкі.
З нагоды юбілею кампіляцыя «Вольныя танцы» ўпершыню афіцыйна выкладаецца ў сеціве – на soundcloud-канале TuzinFM і ў афіцыйнай суполцы Укантакце.
Алёна Варанец, Сяргей Будкін, TuzinFM